Хэшэнь
Нюхуру Хэшэнь (маньчж. , кіт. трад. 鈕祜祿·和珅, піньінь Niǔhùlù Héshēn, 1750—1799) — маньчжурскі дзяржаўны дзеяч эпохі Цын. Паходзіў з уплывовага клана Нюхуру, які адноўся да Чырвонага Сцяга . Стаўшы фаварытам імператара Цяньлуна і ажаніўшы свайго сына з дачкой імператара, у 1790—1799 гадах з’яўляўся фактычным кіраўніком дзяржавы. Лічыцца найвялікшым карупцыянэрам у кітайскай гісторыі[2].
Хэшэнь | |
---|---|
маньчж. ᡥᡝᡧᡝᠨ кіт.: 和珅 | |
Нараджэнне |
1 ліпеня 1750 |
Смерць |
22 лютага 1799[1] (48 гадоў) |
Дзеці | Fengshen Yinde[d] |
Званне | генерал |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў сям’і патомнага афіцэра-маньчжура, рана асірацеў, разам з малодшым братам цярпеў уціск мачахі. Быў залічаны ў прывілеяваную школу для маньчжурскіх дзяцей, адзначыўся ў вучэнні і быў добрым знаўцам як маньчжурскай, так і кітайскай мовы. У 1772 годзе адабраны ў атрад імператарскіх целаахоўнікаў і трапіў у Забаронены горад.
Адрозніваўся прыемнай знешнасцю і звярнуў на сябе ўвагу імператара, калі служыў у ганаровай варце. Праявіўшы знаходлівасць і адукаванасць, Хэшэнь увайшоў у імператарскую асабістую ахову і пачаў кар’ерны рост. За год ён атрымаў пасаду намесніка міністра падаткаў, а яшчэ праз два месяцы ўдастоены пасады імператарскага сакратара і стаў кіраўніком Дэпартамента імператарскага двара, куды звычайна прызначалі заслужаных і правераных чыноўнікаў. У 1777 годзе (ва ўзросце 27 гадоў) Хэшэнь атрымаў права ўязджаць у Забаронены горад верхам, якое звычайна прысуджалася заслужаным саноўнікам сталага ўзросту. У 1778 годзе прызначаны дырэктарам Пекінскай мытні, гэту пасаду займаў 8 гадоў, хоць звычайна яе давалі на год. У 1780 годзе прызначаны міністрам падаткаў і ўвайшоў у склад Імператарскага савета, што зрабіла падкантрольнымі асабіста яму фінансы ўсёй імперыі. У некаторыя гады ён сумяшчаў да 20 вышэйшых дзяржаўных пастоў. У 1784 годзе быў прызначаны міністрам чыноў, у 1786 годзе — канцлерам. У 1790 годзе ажаніў свайго сына Фэншэнь Індэ (1775—1810) з 10-й дачкой імператара — Хэсяа . Пасля гэтага Хэшэнь здабыў практычна нічым не абмежаваную ўладу, паколькі імператар ігнараваў усе скаргі і ўсё больш і больш адхіляўся ад дзяржаўных спраў[2]. Хэшэнь гандляваў пасадамі і тытуламі, прысвойваў падарункі імператару, утрымліваў на сваю карысць сродкі, што накіроўваюцца на падаўленне сялянскіх паўстанняў.
Пасля скону імператара Цяньлуна 7 лютага 1799 года, Хэшэнь быў арыштаваны па загадзе новага імператара Цзяцын і прысуджаны да смяротнага пакарання. Аднак 22 лютага яму было дазволена здзейсніць самагубства цераз павешанне.
Маштабы карупцыі
правіцьЗа 24 гады дзяржаўнай кар’еры Хэшэнь сабраў каласальную маёмасць. Пасля смерці Хэшэня ў вопісе канфіскаванай у яго маёмасці значылася: 3000 пакояў у асабняках і маёнтках (у старой кітайскай архітэктуры асобнае памяшканне часцей за ўсё займала асобную пабудову), у тым ліку палац Гунванфу, 800 000 га зямлі (32 км²), 42 мяняльныя канторы, 75 ламбардаў з агульным капіталам 70 000 000 лянаў[3]. Наяўных грошай: 60 000 лянов медных пазалочаных зліткаў, 100 вялікіх зліткаў золата (у 1000 лян кожны), 56 600 сярэдніх зліткаў срэбра (па 100 лян кожны), 9 000 000 маленькіх срэбных зліткаў (па 10 лян), 58 000 фунтаў рознай замежнай манеты, 1 500 000 медных манет (чохаў), 600 фунтаў жэньшэня, 1200 кавалкаў нефрыту, 230 жамчужных нітак (жэмчуг памерам з вішню), 10 жамчужын памерам з дробны абрыкос, 10 буйных рубінаў, 40 буйных сапфіраў — ацаніць іх не ўдалося, залаты сталовы сервіз з 4 288 прадметаў[2]. Акрамя таго — 11 каралаў у метр вышынёй кожны, 14 300 рулонаў тонкага шоўку, 20 000 скурак каракулю, 550 лісіных скурак , 850 — янотавых , 56 000 аўчын рознай выдзелкі. У гардэробе налічылі 7000 касцюмаў для ўсіх часоў года. У доме Хэшэня знаходзілася 361 000 бронзавых вырабаў, 100 000 парцалянавых, 24 ложа з золата з інкрустацыяй самацветамі, 460 еўрапейскіх гадзіннікаў. Акрамя таго — 606 рабоў і 600 жанчын у гарэме. Усё гэта ацэньвалася ў суму, супастаўную з даходамі дзяржавы за 8 гадоў[3].
Зноскі
правіць- ↑ Heshen // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б в Новая история Китая / Отв. ред. С. Л. Тихвинский. — М.: Наука, 1972. — С. 82.
- ↑ а б История Востока. Т. III. — М.: Восточная литература РАН, 2000. — С. 601—602.
Спасылкі
правіць- Ho-shen (англ.). Encyclopedia of World Biography. Праверана 21 сакавіка 2014.