Целяханы (шклозавод)

шклозавод

«Целяханы» — адзін з першых шклозаводаў (гут) на тэрыторыі Беларусі, знаходзіўся ў Целяханах Пінскага павета Мінскай губерні.

Шклозавод «Целяханы»
Заснаванне 1779
Размяшчэнне Рэч Паспалітая
Расійская імперыя в. Целяханы, Пінскі павет, Мінская губерня
Ключавыя постаці Браты Чэрніхавы, Лейба Турак, Мордух Разенблюм
Галіна шкляная прамысловасць
Прадукцыя вырабы са шкла і хрусталю

Гісторыя правіць

 
Вокладка прэйскуранта шклозавода Целяханы, 1912 год

Завод быў заснаваны ў 1779 годзе. Выраблялі лампаднае шкло, шкляны посуд і дэкаратыўныя вазы. Гэта была эксклюзіўная для таго часу вытворчасць. Вырабы са шкла па Агінскім канале адпраўляліся на экспарт за мяжу.

У 1793 годзе, у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай, Целяханы увайшлі ў склад Расійскай імперыі.

У 1830 годзе ў Целяханах адбыўся пажар, які знішчыў мноства пабудоў, і праз 50 гадоў — яшчэ адзін, які знішчыў мястэчка і шклозавод. Але, дзякуючы Агінскаму каналу, а таксама значнай фінансавай дапамогі ад сіянісцкіх арганізацый ЗША, мястэчка і завод хутка аднавіліся[1].

У 1895 годзе Францыск Пуслоўскі пабудаваў на сваёй зямлi новы корпус завода (па вул. Касцёльнай), які забяспечыў найноўшым абсталяваннем па апошнім слове тэхнікі таго часу — паравым рухавіком і прэсамі для струменевай вытворчасці шкловырабаў.

Пасля адмены прыгоннага права жыхары навакольных вёсак сталі таннай працоўнай сілай для новага прадпрыемства. Умовы працы ў гарачых цэхах былі вельмі цяжкія, змена доўжылася 12 гадзін. Хімічная вытворчасць была шкоднай для здароўя, працаўнікі атрымлівалі лёгачныя захворванні, скарачвалася працягласць іх жыцця, сем’і гублялі карміцеляў[2].

У 1896 годзе Пуслоўскі перадаў прадпрыемства ў арэнду спачатку да 1907, а далей і да 1918 года прадпрымальнікам-кампаньёнам яўрэйскага паходжання са Слоніма. Узначальваў супольнасць арандатараў Лейба Чэрніхаў, які ўжо меў досвед кіравання Міхалінскай гутай у Слонімскім павеце. Яго кампаньёнамі былі браты Аарон і Шмуэль Чэрніхавы, Лейба Турак і Мордух Разенблюм.

Кампаньёны ўклалі каля 190 тысяч рублёў у мадэрнізацыю завода, у тым ліку ў 1899 годзе ўсталявалі шклоплавільныя печы і пашырылі асартымент прадукцыі. Усталявалі таксама шліфавальныя і гравіравальныя станкі, пнеўматычныя прылады для вымання шкла з печы з дапамогай пара, прафесійныя прылады для мастацкага дэкарыравання шкла. На заводзе было занята 450 чалавек.

У 1911 годзе завод быў электрыфікаваны і стаў самым буйным на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю. У завода было тры баржы і параход пад назвай «Пелікан».

Завод выпускаў шырокі асартымент вырабаў: аконнае і аптэчнае шкло, газавыя лямпы і лямпавае шкло, графіны, бутэлькі, бутлі, чаркі, куфлі, шклянкі, піўныя келіхі. Пасля выдання Указа дзяржаўнай піцейнай манаполіі аб продажы віна і гарэлкі выключна ў шкляным посудзе значна павялічыўся аб’ём вытворчасці бутэлек.

У 1914 годзе аб’ём вытворчасці завода павялічыўся да паўмільёна царскіх рублёў[3].

Высокія якасць і мастацкі ўзровень хрусталю і каляровага прасаванага шкла целяханскага завода былі адзначаны Залатым медалём «За якасць і мастацкасць» Камітэтам усерасійскіх мануфактурных выставак. Шкловырабы былі аздоблены вытанчаным дэкорам, часткова пакрыты серабрыстай або залатой плёнкай, афарбаваны срэбрам, золатам ці эмаллю[4].

Галерэя шкловырабаў правіць

Зноскі