Цэнтральнааршанскі горст
Цэнтральнааршанскі горст — тэктанічная структура ў Аршанскім, Дубровенскім, Горацкім і Шклоўскім раёнах. Перасякае Аршанскую ўпадзіну з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, аддзяляе чашападобную асіметрычную Віцебскую і ізаметрычную Магілёўскую мульды. Выдзелены комплексам электра-, сейсмаразведачных, аэрамагнітных і буравых работ.
Па паверхні крышталічнага фундамента Цэнтральнааршанскі горст выдзяляецца як горстападобная структура, абмежаваная на паўночным усходзе малаамплітудным Аршанскім, на паўднёвым захадзе адносна высокаамплітудным Смаленскім разломамі. Даўжыня горста 35 км, шырыня 8 км. Паверхня фундамента на яго плошчы прыўзнята адносна сумежных участкаў да адзнак -1,2 км. У зоне сучлянення горста з сумежнымі мульдамі характэрны рэзкі нахіл паверхні фундамента з градыентам падзення да 20—30 м/км. У межах горста размешчана серыя лакальных малаамплітудных падняццяў. У асадкавым чахле Цэнтральнааршанскі горст адасабляецца ўдоўж разломаў па паверхнях рыфейскіх і ніжнявендскіх адкладаў. Па верхнявендскіх і дэвонскіх адкладах, якія ляжаць вышэй, Цэнтральнааршанскі горст аднесены да паўднёва-заходняга крыла Маскоўскай сінеклізы. Фарміраванне горста і лакальных падняццяў пачалося ў рыфеі.
Літаратура
правіць- Клімовіч І. В. Цэнтральнааршанскі горст // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.