Чырвонаслабодскі вал

Чырвонаслабодскі вал — тэктанічная структура ў Салігорскім, Любанскім, Акцябрскім, Петрыкаўскім, Калінкавіцкім і Светлагорскім раёнах Беларусі, у заходняй частцы Маладушынска-Чырвонаслабодскай ступені Прыпяцкага прагіну, у яе паўднёвай прыўзнятай прыразломнай зоне.

Саляныя дыслакацыі Прыпяцкага прагіну

Вылучаецца па паверхні саляноснай тоўшчы верхняга дэвону і больш выразна па паверхні галітавай падтоўшчы. Вал шырынёй 4—8 км цягнецца ў паўночна-заходнім напрамку на 150 км, на паўднёвым усходзе яго распасціранне змяняецца на паўночна-ўсходняе. Аб’ядноўвае Старобінскую, Новадуброўскую, Калінаўскую, Чырвонаслабодскую, Хвойненскую, Акцябрскую, Паўночна-Даманавіцкую, Казанскую і Коранеўскую адлюстраваныя прыразломныя, толькі ва ўсходняй частцы слаба ўскладненыя саляной тэктонікай, антыкліналі і брахіантыкліналі. Ва ўсходнім напрамку амплітуда вала і асобных падняццяў павялічваецца ад 50—100 м да 100—1000 м. На ўсходзе вал асіметрычны, яго крутое паўднёвае крыло павернута ў бок разломаў.

Па міжсалявых і падсалявых адкладах валу адпавядае Чырвонаслабодская зона падняццяў. Скляпенні падняццяў ссунуты на 1—2 км на поўдзень ад паднятых частак прыразломных структур па міжсалявых і падсалявых адкладах. Вал адлюстроўваецца і ў надсалявых утварэннях, затухаючы ўверх па разрэзе.

Чырвонаслабодскі вал прыразломны, ва ўсходняй частцы саляны і сфарміраваўся ў выніку блокавых рухаў фундамента, праяўленні салявой тэктонікі ў галітавай падтоўшчы верхняй саляноснай тоўшчы ва ўсходняй частцы ў асноўным належаць да позняга дэвону і карбону.

Літаратура правіць