Лянтэрня, Лянтарня (трансліт.: Lanternia) — гістарычная мясцовасць Хойнікаў, размешчаная ў паўночна-ўсходняй частцы места.

Населены пункт
Лянтэрня, Лянтарня
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
1794 год
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Аўтамабільны код
3
Лянтэрня, Лянтарня на карце Беларусі ±
Лянтэрня (Беларусь)
Лянтэрня
Лянтэрня (Гомельская вобласць)
Лянтэрня

Гісторыя правіць

Юзаф Антоній (Апалінарый) Ролле, знаёмы з уласнаручнымі запісамі Караля Прозара, паведаміў, што ў ліпені 1794 года абозны хаваўся ад пераследу расейцаў на ўскрайку пушчы ў леснічоўцы, называнай мясцовымі жыхарамі latarnią. А як гэта зусім блізка ад Хойнікаў, дык хутка месца яго сховішча наведаў паліцэйскі камісар (або «жаўнеры» М. Дубецкага са спасылкай на Зофію Аскерчанку) і сыну сенатара Рэчы Паспалітай, заросламу, апранутаму па-сялянску ў сярмягу ды лапці, але са стрэльбай за плячом, як пасля ў больш людных месцах з пісталетамі пад сярмягай, давялося тэрмінова ратавацца[1].

 
Згадка пра Лінтэрню ў метрычным запісе аб нараджэнні-хросце А. Стравінскага.
 
Аляксандр Стравінскі (крайні справа) з мамай Аляксандрай і братамі Канстанцінам (злева ад мамы) і Фёдарам. Віцебск. 1868 год.

З шляхецкай рэвізіі 1811 года вынікае, што на той час гэта ўжо не леснічоўка, а фальварак Linterny, арандаваны ў абозных Прозараў ротмістрам Берасцейскага павета Ваўжынцом Балашэвічам[A]. Да яго належала хойніцкая вёска Забалаць, што налічвала 61 душу прыгонных сялян[3][B]. 15 сакавіка 1835 года, паводле метрычнага запісу ў кнігах Мікуліцкай Багаяўленскай царквы, у «жителя деревни Линтерни», шляхціча-арандатара католіка Ігнацыя Стравінскага і яго праваслаўнай жонкі, былой прыгоннай сялянкі графа Ракіцкага, Аляксандры (у дакуменце Елізаветы), нарадзіўся сын Аляксандр[4], будучы ўдзельнік расійска-турэцкай вайны 1877 – 1878 гадоў, пазней генерал-маёр, старэйшы брат Фёдара, будучага знакамітага артыста Марыінскага тэатра ў расійскім Пецярбургу, дзядзька Ігара Стравінскага, сусветнавядомага кампазітара[5]. Згодна з аднадворскімі рэвізіямі 1845 і 1858 гадоў, у фальварку Лянтэрнях паноў Прозараў жыў Вікенцій, сын Марціна, Стэфановіч[6].

 
План мястэчка Хойнікі. 1864 г.

На «Военно-топографической карте Российской империи 1846 – 1863 гг.», складзенай пад кіраўніцтвам Ф. Ф. Шуберта і П. А. Тучкова, назва паселішча па-расійску пададзена са слоў тутэйшых інфарматараў як Лянтарня. Згаданы фальварак Лянтэрня на плане мястэчка Хойнікі 1864 году і ў датаваным 2 лістапада 1887 года дакуменце аб продажы Канстанцінам Прозарам абцяжаранага даўгамі маёнтка Хойнікі расійскім купцам з Арлоўскай губерні, карачаўскаму Міхаілу Пятровічу Аўраамаву і трубчэўскаму Гаўрылу Сямёнавічу Курындзіну[7]. На 1909 год маецца звестка пра аднадворны хутар Лянтэрня з 28 жыхарамі, размешчаны ў Хойніцкай воласці за 1 вярсту ад яе цэнтра[8].

 
Лянтэрня (Чырвоная Ніва) на супрацьлеглым ад мястэчка Хойнікі краю балота (сучасны выгляд). Фрагмент.

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Берасцейскага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Лянтэрня і Хойнікі, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 мая тут дзейнічала "варта Украінскай Дзяржавы гетмана Паўла Скарападскага"[9]. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з'езду КП(б) Беларусі, Хойнікі ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква адабрала іх разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 8 снежня 1926 года Лянтэрню з Хойнікамі вярнулі БССР.

Пры канцы 1920-х гадоў савецкія ўлады перайменавалі пасёлак Лянтэрню ў Чырвоную Ніву. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, згаданая і Чырвоная Ніва, у якой налічвалася 12 каталіцкіх альбо «польскіх» сем'яў[10]. Паводле Я. Н. Рапановіча, да 1930 года паселішча (сядзіба) мела назву Ліхтэрня[11], што, аднак, не мае пацверджання ў даступных крыніцах[D].

16 красавіка 1959 года Чырвоная Ніва перададзена з Забалацкага сельсавета ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Хойніцкага пассавета[14]. У 1989 годзе, пасля далучэння былой Лянтэрні да места Хойнікі, афіцыйную савецкую назву пераняла вуліца – Чырвонаніўская.

Заўвагі правіць

 
Фальварак Лянтарня на карце Ф. Ф. Шуберта сярэдзіны XIX ст.
 
Пасёлак Лянтэрня на карце, складзенай у 1924-26 гг.
  1. Цікава, у справе аб секвестры 1813 г. сказана, што з 19 сакавіка 1812 года Ваўжынец Балашэвіч трымаў у трохгадовай арэндзе за плату ў 900 рублёў серабром штогод фальварак Рудню (Руднае), тады як Лінтэрны наогул не згаданыя сярод арандаваных у Прозараў фальваркаў[2].
  2. Сказана, што колькасць падданых прыведзеная паводле найноўшай рэвізіі, дык тут, відавочна, улічаныя і жанчыны.
  3. Даследчыца названая сярод аўтараў-укладальнікаў нарматыўнага даведніка па Гомельскай вобласці (Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006).
  4. Уражанне такое, нібы шаноўны мовазнавец пераклаў для простых беларусаў панскую назву, бо самі яны гэткімі рэчамі ніколі не займаліся (як у выпадку з карыяндрам, напрыклад, проста прынялі ва ўжытак каляндру). Але ж тая «Ліхтэрня», утвораная з нямецкай асновы (як «Лянтэрня» з лацінскай), была для тутэйшага людзтва невядомай, мабыць, да часоў беларусізацыі, а і надалей засталася неўспрынятай, – бальшавіцкія перайменаванні бо перашкодзілі. Гэтае, не адзінае, як высвятляецца, моўнае практыкаванне Я. Н. Рапановіча, займела працяг. Ужо ў бягучым стагоддзі дацэнт ГДУ імя Ф. Скарыны[C] двойчы, у тым ліку і ў навуковым часопісе, падала па тэме літаральна наступнае: «У мяжы г. Хойнікі знаходзіцца в. Чырвоная Ніва, якая мела першапачатковую назву Ліхтэрна. Ёсць звесткі, што ў вёсцы раней жылі продкі немцаў-арандатараў, якія, відаць, наладзілі вытворчасць ліхтэрняў – ліхтароў (ад ням. Licht ′святло, асвятленне′). Па іншай версіі, асновай магло быць галандскае слова lichter ′невялікае судна, прызначанае для пагрузкі, разгрузкі, перавозкі грузаў па рэках′»[12], «… в. Ліхтэрня, дзе жылі продкі немцаў-арандатараў (ад ням. das Licht 'святло, агонь, асвятленне' > ліхтэр ‘невялікае судна, прызначанае для пагрузкі і разгрузкі вялікіх суднаў ці для мясцовых перавозак’, ‘пласкадоннае судна, якое аблягчае вялікае судна’, фармант -ня можа сведчыць аб вытворчасці такіх суднаў) стала Чырвоная Ніва (мясц. Красная Ніва, цяпер злілася з г. Хойнікі)»[13]. Адкуль узялося гэта ўсё? Хто і калі сустракаў сведчанні пра немцаў-арандатараў ды нібыта наладжаную імі вытворчасць ліхтароў (не кажучы пра галандскія судны!) на ўскрайку нашага балота?.. Разам з тым, не абавязкова мець схільнасць да фантазіяў, каб ўявіць сабе, як добра бачылася ў цёмны час сутак святло даўняй леснічоўкі і пазнейшага фальварка з боку мястэчка Хойнікі, тым болей, што побач тады не існавала ніякага іншага жытла.

Зноскі правіць

  1. Dr. Antoni J. Opowiadania historyczne. Serya trzecia. T. 1. Karol Prozor, ostatni oboźny litewski. Warszawa, 1882. S. 33 – 34; гл. таксама: Dubiecki M. Karol Prozor, oboźny W. W. Ks. Litewskiego. Przyczynek do dzieów powstania Kościuszkowskiego. Monografia / M. Dubiecki. — Kraków, 1897. S. 227; Pamiętniki Franciszka Karpińskiego. / Z przedmową Piotra Chmielowskiego. – Warszawa: Drukarnia Granowskiego i Sikorskiego, 1898. S. 134 – 135
  2. Archiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Prozorów i Jelskich. Sygn. 14. S. 7 – 9
  3. НГАБ у Менску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 3
  4. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 537. А. 404
  5. Віктар Гілеўскі. Стравінскія. Ад беларускіх каранёў. // Маладосць. 11/2019. С. 77 – 84; Віктар Гілеўскі. Брагінскія карані музычных геніяў Стравінскіх. // Маяк Палесся. 15. 01. 2021. Архівавана 1 мая 2021.
  6. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 587. А. 69 адв.
  7. Виноградов Д. Л. Живые прошлого страницы. / Дмитрий Леонидович Виноградов. – Минск: А. Н. Вараксин, 2018. С. 99 – 102
  8. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 105
  9. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917 – 1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. – Минск: Современная школа, 2011. С. 92 – 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. – 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918 – 1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  10. Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 213
  11. Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці. — Мінск, 1986. С. 100, 181
  12. Багамольнікава Н. А. Пра што гавораць нам тапонімы. // Хойнікшчыны спеўная душа. Народная духоўная культура Хойніцкага краю. Фальклорна-этнаграфічны зборнік. – Мінск, 2010. С. 290
  13. Багамольнікава Н. А. Структурныя змены і працэс перайменаванняў у айканіміі Гомельшчыны. // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. 2010. № 4 (61). С. 12
  14. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 16 красавіка 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 5.