Шастовіцкая ступень

Шасто́віцкая ступе́нь, Петрыкаўска-Шастовіцкая ступень — тэктанічная структура ў Петрыкаўскім, Мазырскім і Калінкавіцкім раёнах Гомельскай вобласці, у Цэнтральнай структурнай зоне Прыпяцкага прагіну. Выдзелена па паверхні фундамента і падсалявых дэвонскіх адкладах. На поўначы сучляняецца з Петрыкаўскім пахаваным выступам, на поўдні з Мазырскай ступенню. Шастовіцкая ступень абмежавана на поўначы Шастовіцкім, на поўдні — Скалодзінскім разломамі.

Распасціранне шыротнае, даўжыня каля 150 км, шырыня 10—15 км. Паверхня фундамента на адзнаках ад -2500 да -4500 м. У разрэзе чахла асадкавых парод устаноўлены верхнепратэразойскія і дэвонскія (падсалявыя тэрыгенныя, падсалявыя карбанатныя, ніжнесаляносныя, міжсалявыя, верхнесаляносныя, надсалявыя) і каменнавугальныя, пермскія, мезазойска-кайназойскія адклады. У цэнтральнай частцы ступені па паверхні фундамента і падсалявых адкладах выдзелена некалькі блокаў, якія апускаюцца на поўдзень. Па верхнесаляносных дэвонскіх адкладах выяўлены шэраг брахіантыкліналяў (Мышанская і інш.).

Літаратура

правіць