Эдыкт Ратары (лац.: Edictum Rothari, таксама вядомы як Лангабардскія законы) — збор законаў звычаёвага права лангабардаў, кадыфікаваны пры каралі Ратары ў 643 годзе. Зборнік законаў напісаны на лацінскай мове з лангабардскімі водгаласамі. Эдыкт складаецца з 388 артыкулаў.

Ілюстрацыя да эдыкта

У эдыкце маюцца сляды больш ранніх кадыфікацый папярэднікаў Ратары. Збор законаў з'яўляецца крыніцай, які адлюстроўвае грамадскі лад лангабардаў VI—VII стагоддзяў. Эдыкт апісвае пераход лангабардаў ад родаплемяннога ладу да раннефеадальнага. Дакумент з'яўляецца сведчаннем наяўнасці перажыткаў родаплемяннога ладу ў жыцці лангабардаў, а менавіта захавання вялікай сям'і, парадку атрымання маёмасці ў спадчыну, шлюбных адносін, чысаў абшчыннага ладу. Разам з тым эдыкт Ратары адлюстроўвае працэс зараджэння элементаў феадальных адносін: маёмасную дыферэнцыяцыю сярод свабодных, мабілізацыю зямельнай уласнасці, пачатковы этап узнікнення класаў залежнага сялянства і феадалаў-землеўладальнікаў.

Эдыкт Ратары дазваляе куплю-продаж, дарэнне (з абмоўкамі), заклад зямлі. Шэраг параграфаў сведчыць пра адсутнасць адзінага вергельда за свабоднага лангабарда, пра незаможных даўжнікоў, сумесных выступленнях збяднелых свабодных і рабоў. У эдыкце Ратары ёсць звесткі пра арандатараў — лібелярыяў, зародкі прэкарных адносін, зараджэнне камендацыі і бенефіцыя, умацаванне каралеўскай і герцагскай улады. У парадку атрымання ў спадчыну маёмасці, становішчы пазашлюбных дзяцей, у дарэнні і закладах маёмасці, арэндных адносінах, судовым і адміністрацыйным уладкаванні прасочваецца ўплыў класічнага і посткласічнага рымскага права.

Змест і дадаткі правіць

Артыкулы эдыкта былі кадыфікаваны ў вызначаным парадку:

  • артыкулы 1-14 — палітычныя злачынствы;
  • артыкулы 15-145 — злачынствы супраць асобы;
  • артыкулы 146-152 — злачынствы супраць уласнасці;
  • артыкулы 153-167 — атрыманне спадчыны;
  • артыкулы 168-177 — дарэнне;
  • артыкулы 178-222 — сямейнае права;
  • артыкулы 223-226 — вызваленне рабоў;
  • артыкулы 227-358 — правы ўласнасці і грамадзянска-прававыя адносіны;
  • артыкулы 359-365 — апісанне асобных працэдур;
  • артыкулы 366-388 — спецыяльна рэгулюемыя адносіны.

Пасля эдыкт дапаўняўся іншымі лангабардскімі каралямі. Істотны ўплыў на змены ў законе аказала рымскае права.

Эдыкт быў дапоўнены ў 668 годзе дзевяццю артыкуламі каралём Грымаальдам; 153 артыкуламі за 713-735 гады — Ліўтпрандам; 14 артыкуламі ў 745-746 гадах — Ратхісам; 9 артыкуламі ў 750 годзе і 13 у 755 годзе — Айстульфам.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць