Эксперымент Розэнхана

Эксперымент Розэнхана (англ.: Rosenhan experiment) — вядомы эксперымент, здзейснены ў 1973 годзе ў ЗША псіхолагам Дэвідам Розэнханам, які паставіў пад сумнеў надзейнасць псіхіятрычнай дыягностыкі[1]. Яго вынікі апублікаваў часопіс Science у артыкуле «Псіхічна здаровыя на месцы вар’ятаў»[2]. Гэтая публікацыя лічыцца важным і значным крытычным артыкулам аб псіхіятрычных дыягназах.

Шпіталь святой Элізабеты, Вашынгтон, акруга Калумбія, адно з месцаў здзяйснення эксперымента Розэнхана

Эксперымент Розэнхана адбываўся ў два этапы. Першы этап уключаў прыцягненне псіхічна здаровых «псеўдапацыентаў», якія сімулявалі наяўнасць непрацяглых слыхавых галюцынацый з мэтай трапіць у 12 розных псіхіятрычных бальніц, змешчаных у пяці розных амерыканскіх штатах. Усе яны былі шпіталізаваны, і ва ўсіх іх былі выяўлены псіхічныя разлады. Пасля шпіталізацыі псеўдапацыенты вялі сябе адэкватна і казалі персаналу аб тым, што адчуваюць сябе добра і ўжо не адчуваюць ніякіх галюцынацый. Тым, хто працаваў у шпіталі, не ўдалося выявіць ніводнага псеўдапацыента, і супрацоўнікі, наадварот, лічылі, што ва ўсіх псеўдапацыентаў выяўляецца сімптаматыка наяўнага псіхічнага захворвання. Некаторыя з іх правялі ва ўмовах ізаляцыі некалькі месяцаў. Усіх іх прымусілі прызнаць наяўнасць псіхічнага захворвання і пагадзіцца прымаць антыпсіхатычныя прэпараты — гэта было ўмовай іх выхаду з псіхіятрычнай лякарні.

Другі этап эксперымента палягаў у тым, што перад персаналам псіхіятрычнага шпіталя ставілі задачу выявіць сімулянтаў. Персанал памылкова прыняў за сімулянтаў значную колькасць сапраўды хворых.

Гэты эксперымент даў падставу зрабіць наступны вывад: «Відавочна, што ў псіхіятрычных бальніцах мы не можам адрозніць здаровых ад хворых», а таксама прадэманстраваў небяспекі, звязаныя з неабаснаванай стыгматызацыяй і нівеляваннем асобы ў псіхіятрычных установах. Эксперымент Розэнхана сфарміраваў меркаванне, што ўсведамленню і рашэнню сацыяльна-псіхалагічных праблем, выяўленых праз гэты эксперымент і ўласцівых псіхіятрычным установам, могуць спрыяць навучэнне іх супрацоўнікаў і стварэнне грамадскіх службаў псіхіятрычнай дапамогі, для якіх праца з псіхічнымі адхіленнямі і адхіленнямі ў паводзінах была б больш прыярытэтнай, чым задача выяўлення псіхіятрычнага дыягназу.

Эксперымент з прыцягненнем псеўдапацыентаў правіць

Сам Розэнхан і сем яго псіхічна здаровых калегаў, якіх умоўна назвалі «псеўдапацыентамі», спрабавалі трапіць у псіхіятрычныя шпіталі, дамагаючыся прыёму да доктара і паведамляючы аб сімуляваных слыхавых галюцынацыях. Супрацоўнікам шпіталя не было нічога вядома аб здзяйсненні гэтага эксперыменту. Групу псеўдапацыентаў складалі тры псіхолагі, адзін студэнт, які навучаўся ў магістратуры па псіхалогіі і не дасягнуў 30 год, педыятр, псіхіятр, мастак і хатняя гаспадыня. Ні на каго з іх гісторыі хваробы ў псіхіятрычнага шпіталя не было. Псеўдапацыенты карысталіся псеўданімамі, і тых з іх, хто працаваў у галіне псіхіятрычнай дапамогі, працаўладкавалі на фіктыўную працу ў іншай галіне, каб пазбегнуць магчымых праблем, звязаных з псіхіятрычным лекаваннем ці назіраннем. За выключэннем выдуманых імёнаў і звестак аб працаўладкаванні, усе пададзеныя ў далейшым біяграфічныя звесткі былі сапраўднымі.

Падчас папярэдняга псіхіятрычнага агляду кожны псеўдапацыент паведамляў, што чуе галасы, прыналежныя да асоб яго ж полу, якія часта неразборлівыя, але прамаўляюць, як яму падаецца, словы «пусты», «полы», «бух» (англ.: empty, hollow, thud) і нічога болей. Гэтыя словы былі абраны з прычыны таго, што часткова мелі прызнакі пэўнага экзістэнцыяльнага крызісу, а апублікаванай літаратуры, якая дазволіла б лічыць гэтыя праяўленні сімптомамі псіхозу, не было. Ні пра якія іншыя сімптомы псіхічных разладаў не паведамлялі. Псеўдапацыентам было дадзена ўказанне ў выпадку шпіталізацыі весці сябе адэкватна і паведаміць, што яны адчуваюць сябе добра і ўжо не чуюць галасоў. Атрыманыя пасля эксперыменту шпітальныя запісы ўказваюць на тое, што ўсе псеўдапацыенты характарызаваліся персаналам як прыязныя і спагадлівыя.

Усе яны былі шпіталізаваны ў 12 змешчаных у розных раёнах Злучаных Штатаў псіхіятрычных лякарань, сярод якіх былі струхлелыя і скупа фінансаваныя дзяржаўныя шпіталі ў сельскіх раёнах, гарадскія шпіталі, падпарадкаваныя ўніверсітэтам і маючыя заслужаную папулярнасць, а таксама адзін прыватны шпіталь, дзе лекаванне было платным і нятанным. Нягледзячы на тое, што прад’яўляліся скаргі на адны і тыя ж сімптомы, 11 псеўдапацыентам, якіх шпіталізавалі ў дзяржаўныя псіхіятрычныя лякарні, быў вызначаны дыягназ «шызафрэнія», а аднаму пацыенту, прынятаму ў прыватны шпіталь, вызначылі дыягназ, які выклікае больш аптымізму пры больш абнадзейваючым клінічным прагнозе, — «маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз». Тэрміны іх знаходжання ў псіхіятрычных шпіталях вар’іраваліся ад 7 да 52 дзён і ў сярэднім складалі 19 дзён. Усе яны былі выпісаны з дыягназам «шызафрэнія ў стадыі рэмісіі», які Розэнхан прымае за доказ таго, што псіхічнае захворванне ўспрымаецца хутчэй як незваротны стан, чым як вылечная хвароба, з-за чаго ствараецца пажыццёвая стыгма.

Нягледзячы на тое, што рэгулярна і адкрыта вяліся дэталёвыя запісы датычна асаблівасцей паводзінаў персанала і пацыентаў, персанал лякарні не выявіў сярод псеўдапацыентаў ніводнага сімулянта, у той час як многія іншыя пацыенты псіхіятрычнай лякарні маглі ўпэўнена распазнаць у іх сімулянтаў. Пры першых трох шпіталізацыях 35 з усіх 118 пацыентаў выказалі падазрэнне, што псеўдапацыенты здаровыя, і пэўную здагадку, што гэтыя пацыенты з’яўляюцца даследчыкамі ці журналістамі, якія праводзяць даследаванне ў шпіталі.

Перад псеўдапацыентамі ставілі задачу пакінуць бальніцу самастойна, дабіўшыся, каб іх выпусцілі з лякарні, хоць быў наняты юрыст, з якім можна было б звязацца ў экстранных сітуацыях, калі стане зразумела, што псеўдапацыентаў не выпусцяць з псіхіятрычнай лякарні па іх першаму патрабаванню. Адразу пасля шпіталізацыі і агляду псеўдапацыентаў пазбавілі магчымасці пакінуць псіхіятрычны шпіталь да той пары, пакуль яны ў прысутнасці псіхіятраў не прызнаюць сябе псіхічна хворымі і не пагадзяцца прымаць антыпсіхатычныя прэпараты, якія, дарэчы, яны выкідвалі ва ўнітаз. Ніхто з персанала не заўважыў, што псеўдапацыенты выкідвалі выдаваныя ім прэпараты ва ўнітаз. Псеўдапацыенты паведамлялі, што сапраўдныя пацыенты рабілі тое ж самае.

Розэнхан і іншыя псеўдапацыенты паведамілі, што ў псіхіятрычным шпіталі іх даймала непераадольнае адчуванне страты сябе, бесцырымоннае ўварванне ў іх асабістую прастору і нуда. Іх рэчы выбарачна правяралі, і гэтыя праверкі часцяком адбываліся, калі псеўдапацыенты адлучваліся ў туалет. Яны паведамлялі, што, нягледзячы на прыстойнасць, персанал у асноўным ставіўся да пацыентаў як да рэчаў і не надаваў значэння іх асобам, часцяком падрабязна абмяркоўваючы пацыентаў у іх прысутнасці, нібыта іх не было побач, і пазбягаючы прамых кантактаў з пацыентамі, акрамя тых выпадкаў, калі няўхільна патрабавалася выконваць фармальныя абавязкі. Некаторыя асобы з абслуговага персаналу былі схільныя да грубых дзеяў і выказванняў датычна пацыентаў, калі іншыя супрацоўнікі адсутнічалі. Адзін доктар сказаў сваім студэнтам пра групу стомленых пацыентаў, што стаялі каля сталовай, чакаючы ланч, што яны зведваюць псіхіятрычныя сімптомы «павышанай аральнай адчувальнасці». Кантакт з дактарамі ў сярэднім доўжыўся 6,8 хвілін на дзень.

Усе дзеянні і выказванні псеўдапацыентаў успрымаліся персаналам праз прызму ўяўленняў аб псіхічным захворванні. Шпітальныя запісы сведчаць аб тым, што персанал разглядаў паводзіны псеўдапацыентаў выключна ў псіхіятрычных нозалагічных катэгорыях. Напрыклад, нейкая медсястра пазначыла тое, што адзін псеўдапацыент робіць запісы, як графаманію і палічыла гэта праявай паталогіі. Пададзеным пацыентамі біяграфічным звесткам, якія не мелі прызнакаў паталогіі, у шпітальных запісах надалі новы выгляд — згодна з тым, што было вядома аб шызафрэніках з некалі пануючых тэорый аб этыялогіі шызафрэніі. На падставе атрыманых вынікаў Розэнхан зрабіў наступны вывад:[2]

…Звесткі кажуць аб істотнай ролі стыгматызацыі ў псіхіятрычнай дыягностыцы. Аднойчы атрымаўшы кляймо шызафрэніка, чалавек не зможа зрабіць нічога, каб пазбавіцца ад гэтай плямы. Стыгма глыбока афарбоўвае меркаванне іншых асоб аб ім і яго паводзінах.

Эксперымент без прыцягнення псеўдапацыентаў правіць

Гэты эксперымент Розэнхан здзейсніў у добра вядомым шпіталі, які меў уласныя даследчыя і навучальныя рэсурсы. Яго супрацоўнікі былі азнаёмлены з вынікамі папярэдняга эксперыменту, але сцвярджалі, што ў іх установе падобныя памылкі не могуць паўтарыцца. Розэнхан дамовіўся з гэтымі людзьмі аб тым, што да сканчэння трох месяцаў у псіхіятрычны шпіталь паспрабуюць трапіць адзін ці некалькі з псеўдапацыентаў, каб ацэнка кожнага прыйшоўшага пацыента адбывалася з улікам верагоднасці, што ён можа быць сімулянтам. Сярод 193 пацыентаў палічылі сімулянтамі 41 чалавека, і яшчэ 42 чалавек западозрылі ў сімуляцыі. У сапраўднасці Розэнхан увогуле не накіроўваў у гэты шпіталь псеўдапацыентаў, і ўсе пацыенты, западозраныя шпітальным персаналам у сімуляцыі, былі хворымі[2][3]. На падставе атрыманых вынікаў быў зроблены вывад аб тым, што аніякая дыягностыка, якая занадта лёгка прыводзіць да істотных памылак гэтага роду, не можа быць вельмі надзейнай. У даследаваннях іншых спецыялістаў былі атрыманы аналагічныя вынікі, якія сведчаць пра ненадзейнасць псіхіятрычнай дыягностыкі.

Падобныя эксперыменты правіць

Морыс Тэмерлін падзяліў 25 псіхіятраў на дзве групы і прапанаваў ім праслухаць голас акцёра, які граў псіхічна здаровага чалавека. Адной групе паведамілі, што акцёр — «вельмі цікавы чалавек, бо ён выглядае як неўротык, але фактычна з’яўляецца псіхотыкам», а другой групе не сказалі нічога. Шэсцьдзесят працэнтаў удзельнікаў першай групы вызначылі яму дыягназ «псіхоз», прычым у большасці выпадкаў вызначылі шызафрэнію. Аднак у кантрольнай групе падобныя дыягназы не вызначыў ніхто[4].

У 1988 годзе Лорынг і Паўэл далі 290 псіхіятрам тэкст клінічнага інтэрв’ю і паведамілі ім, што адна палова паддоследных мела чорны колер скуры, а другая — белы. Даследчыкі прыйшлі да высновы, што дактары, мабыць, прыпісваюць гвалт, схільнасць да падазрэнняў і небяспеку кліентам з чорным колерам скуры, хоць гэтыя эксперыменты такія ж, як і тыя, што разлічаны на кліентаў з белым колерам скуры[5].

У 2008 годзе прысвечаная навуцы праграма BBC «Horizon» правяла падобны эксперымент з назвай «Наколькі Вы вар’ят?», які адбываўся ў два этапы. У эксперыменце прымалі ўдзел дзесяць чалавек: пяць тых, у каго раней былі дыягнаставаны розныя псіхічныя адхіленні, і пяць тых, у каго не было псіхіятрычных дыягназаў. Усе 10 чалавек прайшлі агляд у трох экспертаў па псіхіятрычный дыягностыцы, задачай якіх было выявіць пяць чалавек з псіхічнымі адхіленнямі[6]. Двум з дзесяці пацыентаў эксперты паставілі правільны дыягназ, аднаму пацыенту — неправільны, і памылкова палічылі двух здаровых пацыентаў людзьмі, якія маюць праблемы з псіхічным здароўем[7].

У 2009 годзе журналіст Анас Арэмаяў Анас (Anas Aremeyaw Anas) расследаваў працу псіхіятрычнага шпіталя ў горадзе Акра, сталіцы афрыканскай дзяржавы Гана, прыкідваючыся пацыентам (3 тыдні ў мужчынскім аддзяленні), гандляром, пекарам, кіроўцам таксі. Ён апісаў крадзеж персаналу, грэбаванне скаргамі і нават няўвагу да крытычнага стану пацыентаў, жорсткае абыходжанне з пацыентамі, гандаль наркотыкамі[8]. Варта адзначыць, што ў другім сваім артыкуле Анас абрынуўся з крытыкай на арганізатараў «альтэрнатыўнага» лячэння псіхічных разладаў, якія ладзілі «малельныя лагеры» і прапаноўвалі пацыентам тэрапію, заснаваную на шаманскіх «традыцыях продкаў»[9].

Нідэрланды правіць

У 2009 годзе «Нью-Ёрк Таймс» паведаміла аб практыцы выкарыстання адмыслова падрыхтаваных псеўдапацыентаў для даследавання працы аднаго з псіхіятрычных шпіталяў у Нідэрландах. Праект адметны сваім афіцыйным характарам — дактароў клінікі загадзя папярэджваюць пра магчымасць такога даследавання, псеўдапацыенты маюць на сабе відэакамеры і мікрафоны, якія перадаюць звесткі ў «цэнтр кіравання»[10].

У 2010 годзе чакаецца пашырэнне праграмы на 3-5 іншых клінік. Рэакцыі датычна такога падыхода, як апісана ў артыкуле, чакана розняцца. Прафесар медыцыны з Гарварда і спецыяліст па медыцынскай этыцы Джэймс Сабін кажа, што гэтая тактыка «дапаможа дактарам зразумець, як гэта быць пацыентам». Артур Лазарус, псіхіятр з вялікім стажам працы, у ліпеньскім нумары Psychiatric Services пакінуў станоўчы каментар адносна падобных праектаў[11].

З іншыга боку, сацыяльны работнік Меліса Міллер лічыць, што «ў гэтай сферы і так досыць стрымак і кантролю», і не варта «залішнім чынам урывацца» і парушаць давяральныя стасункі доктар-пацыент. Прафесар клінічнай псіхалогіі Рычард Бентал выказаў «асцярожную ўхвалу» праекту.

Зваротная рэакцыя правіць

Розэнхан апублікаваў свае вынікі ў часопісе «Science» з мэтай падвергнуць крытыцы ненадзейнасць псіхіятрычнай дыягностыкі, недапушчальны і зневажальны характар псіхіятрычнай дапамогі, які ў поўнай меры адчулі на сабе паддоследныя, што прынялі ўдзел у гэтым даследаванні. Яго артыкул выклікаў бурную палеміку.

Многія абаранялі псіхіятрыю, даказваючы, што паколькі псіхіятрычная дыягностыка шырока спадзяецца на паведамленні пацыентаў аб сваіх сімптомах, іх сімуляцыя з’яўляецца паказчыкам ненадзейнасці псіхіятрычнай дыягностыкі не ў большай меры, чым сімуляцыя сімптомаў іншых захворванняў. У гэтым стылі ў 1975 годзе адказаў на выкліканую даследаваннем Розэнхана крытыку галоўны аўтар класіфікацыі псіхічных разладаў (DSM-IV) псіхіятр Роберт Спітцэр[12]:

Калі б я выпіў кварту крыві і, прыхаваўшы гэта, прыйшоў у пастарунак экстраннай медыцынскай дапамогі любога шпіталя з крывавымі ванітамі, то паводзіны персанала былі б цалкам прадказальнымі. Калі б яны мне паставілі дыягназ і прызначылі лекаванне, як пры язвавай хваробе, наўрад ці я б змог пераканаўча даказаць адсутнасць у медыцынскай навукі ведаў аб дыягностыцы гэтага стану.

Гл. таксама правіць

  1. Moran M. (2006). "Writer Ignites Firestorm With Misdiagnosis Claims". Psychiatric News. American Psychiatric Association. 41 (no. 7): 10–12. Праверана 2009-12-31. {{cite journal}}: |issue= мае залішні тэкст (даведка); Невядомы параметр |month= ігнараваны (даведка)
  2. а б в Rosenhan D.L. (1973). "On being sane in insane places". Science (New York, N.Y.). 179 (70): 250–258. doi:10.1126/science.179.4070.250. PMID 4683124. {{cite journal}}: Невядомы параметр |month= ігнараваны (даведка)
  3. Власова О.А. Антипсихиатрия: становление и развитие (Монография). — Москва: Изд–во РГСУ «Союз», 2006. — С. 136—138. — 221 с. — ISBN 571390346X.
  4. Ruscio J. (2004). "Diagnoses and the Behaviors They Denote: A Critical Evaluation of the Labeling Theory of Mental Illness". The Scientific Review of Mental Health Practice. 3 (1). {{cite journal}}: Невядомы параметр |month= ігнараваны (даведка)
  5. Loring M., Powell B. (1988). "Gender, race, and DSM-III: a study of the objectivity of psychiatric diagnostic behavior". Journal of health and social behavior. 29 (1): 1–22. PMID 3367027. {{cite journal}}: Невядомы параметр |month= ігнараваны (даведка)
  6. BBC Headroom Horizon: How Mad Are You?. BBC (10 красавіка 2008). Архівавана з першакрыніцы 13 красавіка 2012. Праверана 31 кастрычніка 2010.
  7. How Mad Are You?—Spotlight. BBC (21 чэрвеня 2024). Архівавана з першакрыніцы 13 красавіка, 2012. Праверана 31 кастрычніка 2010.
  8. Публікацыя журналіста, агляд са спасылкамі ў псіхалагічным блогу MindHacks: Undercover in Accra Psychiatric Hospital — блог MindHacks, 31 снежня 2009 года
  9. Investigative report: Lies of prayer camps and traditional healers(недаступная спасылка) — MyJoyOnline, 2009.12
  10. Heingartner D. (2009). "The Doctors Were Real, the Patients Undercover". The New York Times. Праверана 2009-12-31. {{cite journal}}: Невядомы параметр |month= ігнараваны (даведка)
  11. Lazarus A. (2009). "Improving psychiatric services through mystery shopping". Psychiatric Services. 60 (7): 972–3. doi:10.1176/appi.ps.60.7.972. PMID 19564229. {{cite journal}}: Невядомы параметр |month= ігнараваны (даведка)
  12. Spitzer RL (1975). "On pseudoscience in science, logic in remission, and psychiatric diagnosis: a critique of Rosenhan's "On being sane in insane places"". Journal of abnormal psychology. 84 (5): 442–52. PMID 1194504. {{cite journal}}: Невядомы параметр |month= ігнараваны (даведка)

Спасылкі правіць