Этналогія

навука, раздзел антрапалогіі

Этнало́гія (грэч. ἔθνος, племя, народ + -логас - вучэнне, навука) — навука, якая вывучае працэсы паходжання, рассялення, побыту і культуры этнасаў (народаў).

Гісторыя станаўлення правіць

Станаўленне этналогіі як навукі ў 2-й палове XIX ст. звязана з эвалюцыйнай школай (Э. Тайлар, Л. Г. Морган і інш.), што зыходзіла з ідэі адзінства культуры чалавецтва. З канца XIX ст. этналогія даследуе рэгіянальныя культуры і іх узаемаўплыў. Развіццё тэарэтычнай этналогіі ў XX ст. звязана з канцэпцыямі Э. Дзюркгейма, З. Фрэйда, Л. Леві-Бруля, Б. Маліноўскага, А. Радкліф-Браўна, К. Леві-Строса і іншых.

Этналогія Беларусі правіць

На Беларусі этналогія развіваецца з пачатку XIX ст. і на працягу доўгага перыяду аб'ектам яе вывучэння была духоўная культура беларускага этнасу: песні, паданні, вераванні, абрады. З 1880 - 1890-х гг. галоўным у беларускай этналогіі стаў эвалюцыйны кірунак, прадстаўнікі якога (У. М. Дабравольскі, М. В. Доўнар-Запольскі, Я. Ф. Карскі, М. Я. Нікіфароўскі, Е. Р. Раманаў, І. А. Сербаў, А. К. Сержпутоўскі) разам з духоўнай і матэрыяльнай культурай народа, распрацоўвалі канцэпцыю гістарычнай асаблівасці і самастойнасці беларусаў як этнічнай супольнасці.

У сучасны перыяд вучоныя-этнолагі Беларусі даследуюць праблемы этнагенезу, этнічнай гісторыі і матэрыяльнай культуры беларусаў, разнастайнасць шматвяковых традыцый беларускага народа, этнаканфесійныя і дэмаграфічныя працэсы, ролю і месца беларускага этнасу ў еўрапейскай цывілізацыі. Распачата таксама вывучэнне і іншых нацыянальнасцей, якія насяляюць тэрыторыю Беларусі (татарскай, польскай, яўрэйскай), этнічных супольнасцей іншых краін, рэлігійных канфесій, як традыцыйных для Беларусі, так і новых[1].

Вялікая роля ў развіцці сучаснай беларускай этналогіі і падрыхтоўцы спецыялістаў належыць Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі[2] і Кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтва гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта[3].

Зноскі

  1. Этнокультурные процессы Центральной Беларуси в прошлом и настоящем / А. Вл. Гурко [и др.] ; науч. ред. А. Викт. Гурко ; Нац. акад. наук Беларуси, Центр исслед. белорус. культуры, языка и лит., Фил. «Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора им. К. Крапивы». – Минск : Беларуская навука, 2016. – 539 с. : ил.
  2. Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі
  3. Кафедра этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтва гістарычнага факультэта БДУ

Літаратура правіць

  • Культуралогія: Энцыкл. даведнік / Уклад. Э. Дубянецкі. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6

Спасылкі правіць

Гл. таксама правіць