Антрапалогія
Антрапалогія (ад грэч. ανθρωπος «чалавек», λογος «слова») — тэрмін, які азначае сукупнасць метадаў, дысцыплін і напрамкаў, якія даследуюць чалавека і яго сутнасць.
Антрапалогія | |
---|---|
стар.-грэч.: ἄνθρωπος | |
Звязаная асоба | Льюіс Генры Морган, Эдуард Бернет Тайлар, Джэймс Джордж Фрэзер, Франц Боас, Marcel Mauss[d], Браніслаў Маліноўскі, Маргарэт Мід і Клод Леві-Строс |
Прадмет вывучэння | чалавецтва[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Этымалогія
правіцьТэрмін «антрапалогія» узнік у Старажытнай Грэцыі, першапачаткова азначаў сукупнае вывучэнне чалавека, аднак Арыстоцель пачаў яго ўжываць у адносінах да напрамка філасофскай думкі, што даследаваў духоўны свет чалавека. У гэтым кантэксце антрапалогія разглядалася да сяр. XIX—XX стст., калі пачалі развівацца розныя навуковыя і рэлігійныя напрамкі антрапалогіі.
Гісторыя
правіцьЛюдзей заўсёды цікавіла пытанне аб паходжанні чалавека і аб тым, што ён сабой уяўляе. Гэта адлюстроўвалася ў міфалогіі, рэлігійных вучэннях. Першыя навуковыя назіранні і ідэі на гэтую тэму з'явіліся ў Старажытнай Грэцыі (Гіпакрат, Герадот, Анаксагор, Сакрат, Арыстоцель). Цікавасць да фізічнага і духоўнага жыцця чалавека павялічылася ў эпоху Адраджэння (Леанарда да Вінчы, А. Дзюрэр і інш.). Вялікія геаграфічныя адкрыцці 15-16 ст. значна пашырылі гарызонты пазнання ў гэтай галіне, пазнаёмілі еўрапейцаў з іншымі чалавечымі расамі і народамі, якія насялялі Амерыку, Акіянію, Усходнюю Азію. Першыя сур'ёзныя спробы пабудаваць навуковыя гіпотэзы пра паходжанне чалавека і яго месца ў прыродзе ажыццёўлены ў XVIII стагоддзі (у Францыі — Ж.Ламетры, Д. Дзідро, К. Гельвецый, Ж. Бюфон, у Германіі — І. Кант, у Швецыі — К. Ліней).
У сярэдзіне XIX стагоддзя сфармавалася антрапалогія як навука аб паходжанні і эвалюцыі фізічнай арганізацыі чалавека і яго рас. У яе станаўленні вялікае значэнне мела эвалюцыйнае вучэнне Ч. Дарвіна і Ж.-Б. Ламарка. Першапачаткова навука пра чалавецтва і народы развівалася пад назвай этналогія. Аднак ужо ў 1860-1890-я гг. у ЗША і Вялікабрытаніі дадзеная навука атрымлівае назву антрапалогіі. Прычым у ЗША — гэта культурная антрапалогія, а ў Вялікабрытаніі — сацыяльная антрапалогія.
Упершыню курс антрапалогіі быў прачытаны ў 1871 г. ва ўніверсітэце Рачэстара (ЗША) і ў 1884 г. у Оксфардскім універсітэце ў Вялікабрытаніі. Паступова ва ўсім англамоўным свеце замацаваўся падзел антрапалогіі на сацыяльную антрапалогію, з цэнтрам у Вялікабрытаніі і культурную антрапалогію з цэнтрам у ЗША. Росквіт і папулярызацыя антрапалогіі звязаны з завяршэннем Другой сусветнай вайны. Гэты тэрмін замацаваўся ў Заходняй Еўропе і ў еўрапейскіх калоніях Афрыцы і Азіі. У былым Савецкім Саюзе і ў сучаснай Расіі, а таксама на постсавецкай прасторы, навуку пра народы традыцыйна называлі этнаграфіяй. Антрапалогіяй ж называлі навуку аб біялагічнай разнастайнасці чалавецтва. У 1990-я гг. тэрмін антрапалогія паступова ўводзіцца ў навуковы абарот ў былых сацыялістычных краінах.
У Беларусі курс сацыяльна-культурнай антрапалогіі упершыню быў прачытаны ў 1998 г. П. У. Церашковічам у БДУ, які з'яўляецца яго распрацоўшчыкам. У аснову дадзенага курса Церашковіч паклаў стандарты ЗША. У цяперашні час у акадэмічнай традыцыі былога СССР паралельна выкарыстоўваюцца 3 тэрміны: антрапалогія, этналогія і этнаграфія. Да гэтага часу тэрміналагічны дыспут не завершаны.
Асноўныя напрамкі антрапалогіі
правіць- Фізічная антрапалогія — навука аб паходжанні і развіцці фізічнай арганізацыі чалавека.
- Філасофская антрапалогія — філасофскае вучэнне аб прыродзе і сутнасці чалавека.
- Сацыяльна-культурная антрапалогія — навука аб параўнальным вывучэнні чалавечых грамадстваў. Падзяляецца на шэраг спецыялізаваных напрамкаў.
- Культурная антрапалогія вывучае культурныя, грамадскія і асабіста-псіхалагічныя функцыі чалавека.
- Структурная антрапалогія — кірунак, сутнасць якога заключаецца ў вывучэнні гісторыі, культуры, паводзін чалавека як праявы агульных, пастаянных структур.
- Юрыдычная антрапалогія — напрамак, які вывучае прававое быццё чалавека.
- Лінгвістычная антрапалогія — частка мовазнаўства, якая вывучае чалавечае мысленне праз мову
- Гістарычная антрапалогія — напрамак гістарычнай думкі, які вывучае паводзіны і міжасобасныя камунікацыі ў гісторыі на аснове міждысцыплінарных, пераважна структурных метадаў.
- Рэлігійная антрапалогія — разгляд прыроды і сутнасці чалавека ў рэлігійных вучэннях.
Літаратура
правіць- Говард, М. Сучасная культурная антрапалогія — Мн.: Незалежная выдавецкая кампанія Тэхналогія, Беларускі Фонд Сораса, 1995 ISBN: 985-6022-16-9
- І. І. Салівон. Антрапалогія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — С. 391 — 392. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
- Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік — Мн: БелЭн, 1998. ISBN 985-11-0108-7
- Lombo, J.A. Philosophical Anthropology. An Introduction / José Angel Lombo, Francesco Russo — Downers Grove, 2015 ISBN 978-1-936045-76-1
- Niezen, R. Public Justice and the Anthropology of Law — Cambridge University Press, 2010 ISBN 978-0521152204
- Religion, Anthropology, and Cognitive Science / Ed. by Harvey Whitehouse and James Laidlaw — Durham: Carolina Academic Press, 2007 ISBN 978-1-59460-107-1