Юрый Адамавіч Беленькі

Ю́рый Ада́мавіч Бе́ленькі (нар. 5 мая 1960; Мінск) — беларускі палітык, з сакавіка 2020 знаходзіцца ў ЗША.[1]

Юрый Адамавіч Беленькі
Выконваючы абавязкі старшыні КХП-БНФ у Беларусі
з 1999
Нараджэнне 5 мая 1960(1960-05-05) (63 гады)
Грамадзянства Беларусь
Партыя
Член у
Адукацыя
Прафесія фінансіст
Дзейнасць эканаміст
Узнагароды
Медаль да стагоддзя БНР

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 5 мая 1960 года ў Мінску. Паходзіць з рабочай сям’і. Навучаўся ў сярэдняй школе № 19 імя Янкі Купалы. У 1982 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі ў галіне фінансаў і крэдыту. У 1982—1984 гадах працаваў кантралёрам-рэвізорам кантрольна-рэвізійнай управы ў Магілёве ў Міністэрстве фінансаў БССР. У 1984—1986 гадах служыў у войску. У 1986—1997 гадах працаваў на прадпрыемствах канцэрну «Амкадар» у Мінску: начальнікам фінансавага аддзела завода «Ударнік» (1986 — чэрвень 1995), намеснікам генеральнага дырэктара ТАА «Амкадор-Траст» (1 чэрвеня 1995 г. — 1997). Па накіраванні прадпрыемства прайшоў курсы навучання: у 1990 годзе ў Англіі па банкаўскай справе і фінансах, у 1994 годзе ў Германіі па пытаннях сістэмных трансфармацый эканомікі.

Парламенцкая дзейнасць правіць

Член Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» з моманту яго заснавання ў 1988 г. Быў актыўным удзельнікам таварыства «Талака», якое займалася адраджэннем беларускай культуры[2]. У 1990 г. быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання ад Куйбышаўскай выбарчай акругі № 36 г. Мінска і дэпутатам Мінскага гарадскога савета. Працаваў у складзе Апазіцыі Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» ў Вярхоўным Савеце Беларусі, быў членам планавай і бюджэтна-фінансавай камісіі Вярхоўнага Савета[3]. Адзін з аўтараў «Канцэпцыі эканамічнай рэформы ў Беларусі», распрацаванай і прадстаўленай Беларускім Народным Фронтам. Сааўтар канцэпцыі па пераходу БССР да рынкавай эканомікі (восень 1990), канцэпцыі эканамічнай рэформы ў Рэспубліцы Беларусь (вясна 1992), асноўныя кірункі рэформ для выхаду з крызісу (перадвыбарная эканамічная платформа ОФЗ — увесну 1995 года), Закона аб банках, а таксама банкаўскіх і іншых законапраектаў.

Юрый Беленькі ўдзельнічаў у распрацоўцы ды прыняцці Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, падрыхтоўцы законапраектаў на пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета 24—25 жніўня 1991 года, на працягу якой абвясцілі незалежнасць Беларусі. Уваходзіў у склад Ценявога кабінета Апазіцыі Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», у красавіку 1995 г. браў удзел у галадоўцы дэпутатаў БНФ супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндума. У ноч з 11 на 12 красавіка разам з іншымі пратэстоўцамі падвергнуўся нападу спецназа ў масках, быў збіты і выцягнуты па падлозе з будынку парламента. Пасля чаго яго і іншых пратэстоўцаў некаторы час вазілі па Мінску, а потым выкінулі ў цэнтры горада. 13—14 красавіка 1995 года ён браў удзел у працэсе ў Канстытуцыйным судзе, у якім апазіцыя БНФ абвінаваціла Лукашэнку ў манапалізацыі сродкаў масавай інфармацыі. У той жа год Юрый Беленькі зноў браў удзел у парламенцкіх выбарах у Куйбышаўскай выбарчай акрузе № 249 горада Мінска. Ён атрымаў 58 % галасоў, але яго кандыдатура была без тлумачэння прычын выдалена са спісу дэпутатаў. Усе скаргі ды лісты, што дасылаліся ім у розныя дзяржаўныя ўстановы з мэтай тлумачэння сытуацыі, былі праігнараваныя. З 1995 г. па цяперашні час з’яўляецца намеснікам старшыні Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», а з 1999 года і Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ.

Палітычная дзейнасць пасля 1995 года правіць

У 1995 стаў намеснікам старшыні БНФ. Пасля расколу Беларускага Народнага Фронту ў 1999 годзе Юрый Беленькі падтрымаў Зянона Пазняка. 26 верасня 1999 года быў абраны намеснікам старшыні КХП-БНФ. З-за таго, што старшыня партыі з 1996 знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі, Беленькі з’яўляецца таксама выконваючым абавязкі старшыні партыі на Беларусі. У 2006 Беленькі быў пераабраны на гэтую ж пасаду ізноў. З сакавіка 2020 жыве ў ЗША[1].

Узнагароды правіць

Зноскі

  1. а б В Миннесоте организована группа поддержки оппозиции в Беларуси http://www.zerkalomn.com/news/9662597
  2. Аксана Рудовіч, Ірына Арахоўская. У скульптара Лойкі ў турме з’явіліся задумы новых скульптур. Наша Ніва (26 лютага 2013). Праверана 7 сакавіка 2019.
  3. Спіс беларускіх палітыкаў Архівавана 5 сакавіка 2016. // Беларуская палітычная сістэма і прэзідэнцкія выбары 2001 г.: Зборнік аналітычных артыкулаў. Канцэпцыя Казанэцкі П., Булгакаў В.; Рэд. Булгакаў В. — Варшава: Wschodnioeuropejskie Centrum Demokratyczne IDEE, Аналітычная Група. 2001. ISBN 83-916658-0-1
  4. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100

Спасылкі правіць