Юрый Уладзіміравіч

князь пінскі

Юрый Уладзіміравіч (? — 1292) — князь пінскі.

Юрый Уладзіміравіч
Смерць 1292
Бацька Уладзімір

Упершыню згаданы пад 1262 годам, у датаванні Іпацеўскага спісу, разам з яшчэ двума пінскімі князямі, напэўна старэйшымі за яго — Фёдарам і Дзямідам. Тады князі Фёдар, Дзямід і Юрый прыехалі пад Небль да ўладзімірскага князя Васільку Раманавіча пасля яго перамогі над літоўцамі.

Литва же стерпѣвше оустремишасѧ на бѣгъ . и не быс̑ лзѣ оутечи . ѡбишло бо бѧшеть ѡзеро . ѡколо и тако начаша сѣчи ѣ . а дроузии во ѡзерѣ истопоша . и тако избиша ӕ всѣ . и ѡста ѿ нихъ ни ѡдинъ . се же оуслъıшавъше кнѧзи Пиньсции . Федоръ и Демидъ и Юрьи . и приѣхаша к Василкови с питьемь . и начаша веселитисѧ . видѧще бо ворогы своӕ избиты . а своӕ дроужина всѧ чѣла . токмо ѡдинъ оубитъ ѿ полка Василкова . Прѣиборъ сн҃ъ Степановъ . Родивича посем же кн҃зи Пиньсции . поѣхаша во своӕси .

Наступны раз Юрый згаданы з нагоды сваёй смерці, якая ў Іпацеўскім спісе даецца пад 1292 годам, а паводле Міхайлы Грушэўскага датуецца 1288/1289 годам. Летапісец характарызуе князя Юрыя як «рахманага, пакорлівага, праўдзівага». Згаданы бацька, жонка і сыны Юрыя, а таксама брат князь Дзямід.

Престависѧ Пиньскии кнѧзь Юрьи сн҃ъ Володимировъ . кроткыи смиреныи правдивыи . и плакасѧ по немь кнѧгини его . и сн҃ве его . и братъ ег̑ . Демидъ кнѧзь и вси людье плакахоусѧ . по немь плачемь великимь ❙

З гэтага паведамлення вынікае, што князь Юрый, напэўна, сын пінскага князя Уладзіміра. Такую выснову звычайна пераносяць і на князя Дзяміда, хаця роднасць брацтва крыніцай не адзначана, але яе лічаць імавернай. Тое ж тычыцца і пінскага князя Фёдара, згаданага ў 1262 годзе перад Дзямідам і Юрыем, ён не названы іх братам, але многія даследчыкі і яго лічаць сынам Уладзіміра[1].

У адпаведным артыкуле энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае» рэдакцыя піша, што князь Юрый — «апошні вядомы пінскі князь з дынастыі Ізяславічаў»[2]. Сцверджанне яўна супярэчыць звесткам крыніцы пра брата і сыноў Юрыя па яго смерці. Рэдакцыя агулам гэта разумее, у артыкуле пра ўласна князя Дзяміда той самай энцыклапедыі Валерый Пазднякоў піша, што Дзямід «аплакваў смерць свайго брата Юрыя …, пасля чаго, магчыма, заняў пінскі прастол»[3].

Крыніцы

правіць

Літаратура

правіць