Язэп Нікадзімавіч Булак-Балаховіч

вайсковы дзеяч
(Пасля перасылкі з Язэп Булак-Балаховіч)

Язэп Булак-Балаховіч (польск.: Józef Bułak-Bałachowicz; 4 верасня 1894; в. Мейшты, цяпер Ігналінскі раён Літва — 11 чэрвеня 1923; дарога з Белавежы да Гайнаўкі ў Белавежскай Пушчы) — беларускі вайсковы дзеяч, афіцэр пехоты Рускай імператарскай арміі, палкоўнік Белай арміі, удзельнік Асобнага атрада БНР, намеснік камандзіра добраахвотніцкіх аддзелаў у складзе Войска Польскага другой Польскай Рэспублікі ў 1920 г. Брат Станіслава Булак-Балаховіча.

Язэп Нікадзімавіч Булак-Балаховіч
польск.: Józef Bułak-Bałachowicz
Дата нараджэння 4 верасня 1894(1894-09-04)
Месца нараджэння
Дата смерці 11 чэрвеня 1923(1923-06-11) (28 гадоў)
Месца смерці дарога з Белавежы да Гайнаўкі ў Белавежскай Пушчы
Месца пахавання
Грамадзянства
Прыналежнасць Расійская імперыя (1914—1917)
Расійская рэспубліка (1917)
РСФСР (1918)
Белы рух (1918—1919)
БНР (1919—1920)
Польшча (1920—1923)
Гады службы 19141923
Званне Генерал брыгады
Бітвы/войны Першая сусветная вайна
Вайна за незалежнасць Эстоніі
Польска-савецкая вайна
Варшаўская бітва, 1920
Сувязі брат Станіслава Булак-Балаховіча
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Раннія гады і сям’я правіць

Нарадзіўся 4 верасня 1894 года ў Мейштах Новааляксандраўскага павета, Ковенскай губерні Расійскай імперыі ў сялянскай каталіцкай сям’і[1]. Бацька — Нікадзім Міхал Балаховіч, беларус, быў кухарам Мейштовічаў з Мейштаў. Маці — Юзэфа з дому Шафранаў, полька, была пакаёўкай Малгажаты Мейштовічавай (з дому Корвін-Мілеўскай) і дачкой кухара Корвін-Мілеўскіх[2]. Пасля жаніцьбы, разам з братам Людвікам, пры дапамозе ўзятай у Мейштовічаў пазыкі, Нікадзім купіў маёнтак Юдуцыны пад Шаркоўшчынай, а ў 1887 годзе прадаў гэты маёнтак графу Лапацінскаму, падзяліўшы з братам інвентар. Пасля продажу маёнтка бацька ўзяў у доўгатэрміновую арэнду ад Мейштовічаў маёнтак Стакапіёва Новааляксандраўскага павета[3].

Нікадзім і Юзэфа Балаховічы мелі 9 дзяцей: трох сыноў і шэсць дачок. Найстарэйшай была дачка Марыя, наступны — Станіслаў[4]. Пасля гэтага ў 1894 г. нарадзіўся сам Язэп, а потым, у 1899 годзе, яго малодшы брат Мечыслаў. Малодшых сясцёр звалі: Паўліна, Людміла, Вераніка, Ганна і Стэфанія. Бацька Бахаловіча быў свядомым беларусам, але маці варожа ставілася да беларускага пытання. Дома Балаховічы гаварылі па-беларуску. Язэп быў унукам Сыльвестара Балаховіча і Міхаліны Ясінскай.

Дзейнасць правіць

У красавіку 1916 г. Язэп быў прызваны ў рады расійскай арміі і мабілізаваны да 7-га Рэвельскага палка пяхоты. У маі трапіў да аддзелу падпалкоўніка Леаніда Пуніна, дзе ўжо год служыў яго брат Станіслаў. У 1917 г. атрымаў падвышку ў ранзе — з паручніка да падротмістра  (польск.). У кастрычніку выйшаў з расійскай арміі і перайшоў да польскіх аддзелаў — быў адпраўлены генералам Янам Яцынай  (польск.) да Пскова рэкрутаваць палякаў да Першага Польскага Корпусу  (польск.) з загада генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага. У лістападзе быў пераведзены да Петраграду, па-ранейшаму ў межах 1-га Польскага Корпусу. У снежні яго аддзел быў разброены бальшавікамі.

Ад мая 1918 г. Язэп належаў да I Лужскага партызанскага кавалерыйскага палка IV Петраградскай дывізіі Чырвонай Арміі пад кіраўніцтвам брата Станіслава (пазней быў перайменаваны ў 3-і Петраградскі кавалерыйскі полк). Пазней, з узмацненнем белага руху і адначасовым ростам рэпрэсій з боку органаў ЧК, перайшоў да «белых» разам з братам Станіславам і ваяваў у розных фармацыях (Эстонская вайна за незалежнасць) — у тым ліку і ў арміі генерала Юдзеніча, дзе ён атрымаў рангу падпалкоўніка, і затым палкоўніка. У лістападзе 1919 г. атрад Станіслава Булак-Балаховіча, у якім знаходзіўся і Язэп, перайшоў на бок БНР у якасці Асобнага атрада БНР. У лістападзе—снежні 1919 атрад займаў частку антыбальшавіцкага фронту каля Ізборска, паміж эстонскай і латышскай арміямі[5].

У канцы студзеня 1920 г. Польша пачала сакрэтныя перамовы са Станіславам Булак-Балаховічам аб пераходзе яго атрада на польскі бок, Язэп быў пасярэднікам у перамовах. Перамовы скончыліся паспяхова і шматнацыянальны атрад перайшоў на польскі бок, бо у сакавіку Эстонія, дзе дыслакаваўся атрад, заключыла мірны дагавор з бальшавікамі і збіралася інтэрнаваць беларускіх салдатаў, а на дадатак беларускае фінансаванне скончылася да такой меры, што атрад галадаў[6]. Пасля рэарганізацыі ў Брэсце быў падпарадкаваны камандзіру 3-й Арміі  (польск.) генералу Эдварду Рыдз-Сміглы. Летам 1920 г. падчас адсутнасці старшага брата Станіслава, які ездзіў у Варшаву для палітычных перамоў, Язэп кіраваў аддзелам і правёў выдатныя напады на тылы бальшавіцкіх войск на Палессі — пад Оўручам і Валеднікамі. Падчас бітваў да аддзелу набіралі ўзятых у палон чырвонаармейцаў і дэзертыраў, дзякуючы чаму, нягледзячы на страты, ён павялічыўся да каля 1800 салдатаў пяхоты і 800 кавалерыстаў. Загадам Вярхоўнага Камандвання Войска Польскага ад 28 верасня 1920 г. вайска генерала Булак-Балаховіча былі ідэнтыфікаваныя як Добраахвотніцкая Хаўрусная Армія (польск.: Ochotnicza Sprzymierzona Armia), што дало статус асобнай хаўруснай арміі, якая дасягнула лічбы каля 20 тысяч салдат.

12 кастрычніка 1920 г. ў Рызе была падпісаная папярэдняя польска-савецкая мірная дамова, якая абавязвала польскі бок выдаліць са сваёй тэрыторыі або раззброіць антысавецкія ўзброеныя фармаванні да 2 лістапада. Польскае камандаванне прапанавала Станіславу Булак-Балаховічу далей весці барацьбу самастойна або пакінуць тэрыторыю Польшчы са зброяй у руках. Станіслаў вырашыў перайсці польска-савецкую мяжу і 12 кастрычніка падпісаў пагадненне з Беларускім палітычным камітэтам. БПК абавязваўся дапамагаць генералу ў арганізацыі беларускай арміі, а Балаховіч павінен быў перадаць уладу на занятай ім тэрыторыі. Атрад 10 лістапада вызваліў Мазыр, а 12 лістапада ў горад прыехаў сам Станіслаў Балаховіч, з нагоды чаго былі вывешаныя беларускія бела-чырвона-белыя сцягі. Беларускі Палітычны Камітэт ператварыўся ва ўрад БНР, які прысвоіў Станіславу тытул Начальніка Беларускай Дзяржавы, але праз некалькі дзён войскі бальшавікоў пайшлі ў контрнаступленне і «балахоўцы» мусілі адступіць у Польшу — сам Язэп перайшоў граніцу 26 лістапада.

Апошнія гады правіць

 
Магіла Язэпа Булак-Балаховіча

Пасля польска-бальшавіцкай вайны польскі ўрад надаў Балаховічам польскае грамадзянства за іх удзел у барацьбе супраць Чырвонай Арміі, што дало мажлівасць жыць і працаваць у Польшчы. Язэп Булак-Балаховіч атрымаў ранг генерала брыгады. У маі 1921 г. Язэп разам з братам і амаль 200-асабовай групай падначаленных прыбыў у Белавежу. Там ён жыў у прыватным доме Філімона Вашкевіча на Трапінцы. Спачатку займаўся праблемамі размяшчэння і працаўладкавання былых «балахоўцаў», а пазней — транспартаваннем дзяржаўнай драўніны з лесу да станцыі ў Белавежы. Супрацоўнічаў з мясцовым Раённым Упраўленнем Дзяржаўных Лясоў. Язэп і Станіслаў мелі акцыі лесапільні ў Гайнаўцы.

У гэты час бальшавіцкія агенты рабілі шматлікія беспаспяховыя замахі на Станіслава Булак-Балаховіча. 11 чэрвеня Станіслаў мусіў ехаць да Гайнаўкі, але яму разбэсціўся конь, таму замест яго паехаў Язэп, бо справа была пільная. Язэп выехаў з Белавежы позна ўвечары, каб раніцай быць на месцы. Прыкладна а першай гадзіне ночы Язэпа і яго людзей перапынілі незнаёмыя, запыталі «Хто тут Балаховіч?», а пасля адказу Язэпа «Я» — застрэлілі генерала ў твар.

Труну з забітым генералам выставілі ў каталіцкай капліцы ў сталовай царскага палаца. Пахаванне было ўрачыстае, з аркестрам, у ім прыняло ўдзел шмат людзей. У апошні шлях генерала Язэпа Булак-Балаховіча суправаджаў ксёндз з Нарэўкі, бо ў Белавежы ў той час не было асобнай рыма-каталіцкай парафіі. Язэп Булак-Балаховіч быў пахаваны ў паўночна-заходняй частцы могілак Белавежы, яго магіла захаваная і дагэтуль. Паводле ініцыятывы беларускага гісторыка з Беластока Алега Латышонка на месцы забойства быў усталяваны крыж і помнік, месца наведваюць студэнты праграмы Каліноўскага і нашчадкі Булак-Балаховічаў. Язэп пазаставіў жонку Зінаіду (памерла у 1980 г.) і сына Здзіслава Булак-Балаховіча (1918—1944). На сёння адзіныя спадкаемцы прозвішча Булак-Балаховіч — гэта Мацей (ўнук), Рафал і Эрнэст Булак-Балаховічы.

Пачынаючы з 2010 году з ініцыятывы Беларускай Нацыянальнай Памяці адбываецца роварны рэйд у памяць пра Язэпа Булак-Балаховіча[7].

Зноскі правіць

  1. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 234.
  2. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 243.
  3. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 235.
  4. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 241.
  5. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 132
  6. Станіслаў Ліс-Блонскі. — Балахоўцы. Сведчанні, дакументы, даследаванні — Смаленск, Інбелкульт, 2014. — 2-е выд. — 470 с ISBN 978-5-9904531-9-7
  7. У памяць пра генэрала. Беларуская Нацыянальная Памяць

Літаратура правіць

  • Алег Латышонак. Жаўнеры БНР. — 3-е. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 373 с. — 500 экз. — ISBN 978-5-00076-003-1.
  • Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні / пераклад, прадмова, каментары А. Вашкевіча, А. Чарнякевіча, Ю. Юркевіча. — 2. — Смаленск: Інбелкульт. — 470 с. — ISBN 978-5-9904531-9-7.

Спасылкі правіць