Яшчарка жывародная

Яшчарка жывародная, жывародка (Zootoca vivipara, Lacerta vivipara) — від паўзуноў сямейства сапраўдных яшчарак.

Яшчарка жывародная
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Zootoca vivipara Lichtenstein, 1823

Сінонімы
Lacerta vivipara Jacquin, 1787
Арэал

выява

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  209055
NCBI  8524
EOL  457012

Апісанне правіць

Даўжыня цела 4-7 см, разам з хвастом 10-16 см, маса 2-7 г. Колькасць лусак вакол сярэдзіны тулава 30-40. Колькасць папярочных радоў брушных шчыткоў 21-39, сцегнавых пор 7-14. Цемянны і верхні завочныя шчыткі падзелены швом. Маладыя асобіны зверху пафарбаваны ў чорны, цёмна-карычневы або карычнева-бронзавы колер. З узростам цёмны фон святлее і з'яўляецца характэрны малюнак — цёмная (нярэдка перарывістая, разбітая на асобныя плямы) паласа ўздоўж хрыбта, а таксама дзве светлыя палоскі на спіне і цёмныя, адносна шырокія палоскі па баках тулава. Малюнак даволі зменлівы. Характэрная рыса афарбоўкі — ярка-аранжавы або цагельна-чырвоны колер са шматлікімі дробнымі цёмнымі плямкамі на брушку ў самцоў. У самак брушка белаватае, жаўтаватае або злёгку зеленаватае, без плям.

Распаўсюджанне правіць

Жывародная яшчарка вызначаецца шырокім арэалам. Трапляецца ад Пірынейскага паўвострава, Ірландыі і Англіі да Калымы і Шантарскіх астравоў і Сахаліна. У Еўропе пашырана да паўночных узбярэжжаў, у Азіі (у Сібіры) паўночная мяжа заходзіць за Палярны круг (да ніжняга цячэння Енісея), далей на ўсход апускаецца да 63° пн.ш. На поўдні жыве толькі ў лясной зоне. У Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі, аднак даволі нераўнамерна.

Перш за ўсё яе можна сустрэць на вярховых балотах. Насяляюць жывародныя яшчаркі таксама лісцевыя, хваёвыя і мяшаныя лясы (галоўным чынам узлескі), зарастаючыя высечкі, прасекі, хмызнякі па берагах вадаёмаў. Вельмі часта сустракаюцца на пойменных лугах побач з лесам, у маладых алешніках, а таксама на ўчастках паміж вільготнымі і сухімі лясамі, паміж лясамі і лугамі. Трапляецца жывародная яшчарка і паблізу населеных пунктаў, уздоўж дарог.

Асаблівасці біялогіі правіць

Актыўны перыяд жывароднай яшчаркі пры добрым сонечным надвор'і працягваецца прыкладна з 9-10 да 18-19 гадзін. Звычайна яна выходзіць са сховішча ў добрае цёплае надвор'е. Жывародная яшчарка не рые нор, а выкарыстоўвае для жылля або часовага сховішча норы мышападобных грызуноў, трухлявыя пні, кучы ламачча, мохавыя купіны, тоўсты лясны подсціл, расколы і дуплы дрэў. Яна добра плавае, можа ныраць, перасоўвацца па дне і нават можа закапацца ў глей сярод травы.

Корміцца насякомымі і іншымі беспазваночнымі. Найчасцей яна паядае жукоў, павукоў, цыкадак, мурашак, вусеняў. Акрамя таго, яна корміцца малюскамі, землянымі чарвякамі, мнаганожкамі. Палюе як на зямлі, так і на ствалах дрэў. Жывародная яшчарка паядае вялікую колькасць расліннаедных і іншых беспазваночных, але і сама служыць кормам для многіх відаў млекакормячых і птушак.

На зімоўку ідзе ў кастрычніку. Зімуе ў сховішчах. Вясной з'яўляецца, калі ў лесе яшчэ месцамі ляжыць снег, гэта значыць намнога раней за большасць рэптылій. Пасля выхаду з зімоўкі пачынаецца шлюбны перыяд. У адрозненне ад усіх астатніх відаў свайго роду гэта яшчарка не адкладвае яйкі ў зямлю, а носіць іх у сабе. Пасля кладкі яек дзіцяняты, якія сфармаваліся ў іх, прарываюць пергаментападобную яйкавую абалонку і выходзяць вонкі. Колькасць дзіцянят, што прыносіць адна самка, ад 2 да 12. Палавой спеласці маладыя яшчаркі дасягаюць у двухгадовым узросце.

Літаратура правіць

  • Земнаводныя. Паўзуны: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., БелЭн, 1996. ISBN 985-11-0067-6

Спасылкі правіць