Даўжыня цела 67-86 см, размах крылаў 175—230 см. Вельмі цёмны, ва ўсіх узростах хвост папярочна-паласаты. Светлыя плямы, якія назіраюцца ў маладых асобін, паступова на працягу амаль 5 гадоў знікаюць.
Арэал разарваны, на ўсход ад Чорнага мора да Усходняга Кітая, Індыя. Жыве ў стэпах, паўпустынях і пустынях, у гарах паблізу далін да 2300 м; на зімоўках у Афрыцы — саванны.
Пералётны. Месца зімовак: Ірак, Іран, Ізраіль, паўднёвая частка Аравійскага п-ва, усходняя частка Афрыкі да Паўднёвай Афрыкі. Усходнія папуляцыі часткова аселыя, часткова зімуюць у Індыі, Пакістане і іншых краінах Паўднёвай Азіі. Залятае ў Францыю, Галандыю, Германію, Швецыю, Нарвегію, Фінляндыю, Польшчу, Чэхію, Славакію, Венгрыю, Італію, Грэцыю, б. Югаславію, Румынію.
На Беларусі вельмі рэдкі залетны від. Адзначаны аднойчы ў чэрвені 2004 года ў Гомельскай вобласці.
Гняздо часцей за ўсё на зямлі (на пагорку альбо кургане); радзей — у руінах пабудоў, на дрэвах і кустах. Круглае, аснова з сухіх галін (часам з прымессю касцей вялікіх жывёл), высцілка з сухіх травяністых раслін, кары, шэрсці і пер’я старых птушак. Дыяметр 0,7-1,3 м. Адна і тая ж пара часта мае 2-3 гнязды.
Яйкі 1-3 (рэдка 4 і выключна 5), амаль эліптычныя або ўздутыя, белыя з бурымі плямамі. Памеры ў сярэднім 69,5 х 54,5 мм.