Esperantic Studies Foundation (ESF) (Фонд даследаванняў у галіне эсперанта) — некамерцыйная арганізацыя, якая падтрымлівае даследаванні ў галіне міжнародных моўных праблем і, у прыватнасці, эсперанта.

Гісторыя і дзейнасць правіць

Фонд быў заснаваны ў 1968 годзе па ініцыятыве Хамфры Тонкіна (Humphrey Tonkin), Джонатана Пула (Jonathan Pool) і Е. Джэймса Лібермана (E. James Lieberman) дзеля стымулявання навуковых даследаванняў і дыялогу па пытаннях, звязаных з праблемамі міжнародных моў, у тым ліку і з эсперанта.

На працягу 1970-х і 1980-х гадоў ESF займаўся даследаваннямі і асабліва эсперанта-адукацыяй. У 1972 фонд апублікаваў у супрацоўніцтве са Школай міжнароднай адукацыі (SIT, штат Вермонт) Базавыя курсы па эсперанта. Таксама была апублікавана серыя даследчых бібліяграфій пад назвай «Эсперанта і міжнародныя праблемы», пад рэдакцыяй Хамфры Тонкіна. У 1986 годзе фонд фінансаваў удзел у Сусветным Кангрэсе эсперантыстаў у Пекіне выдатнага амерыканскага журналіста Джэймса Фаллоўса і Альберта Вальдмана — вядомага даследчыка крэольскай мовы.

У пачатку 1990-х гадоў ESF пачаў пашыраць поле сваёй дзейнасці. Антраполаг Дэвід Джордан з UCSD далучыўся да праўлення, і ў 1991 годзе Фонд апублікаваў першы нумар свайго афіцыйнага інфармацыйнага бюлетэня «Эсперантысцкія даследаванні». У наступным годзе фонд выдаў справаздачу «Эсперанта і адукацыя: аб даследчай працы і планах». Гэтая справаздача, падрыхтаваная дактарамі Альвіна Фанціні (SIT) і Цімаці Рыген (CCSU), мела на мэце ідэнтыфікаваць праблемныя вобласці, якія адносяцца да эсперанта-адукацыі і магчымасцей будучых даследаванняў. У 1995 годзе ESF стварыў Кансультатыўны Савет, у склад якога ўваходзілі спецыялісты ў такіх галінах, як лінгвістыка, моўная палітыка і планаванне, а таксама эсперанта. У тым жа годзе ў Фонда таксама з’явілася першая старонка ў сеціве.

У 1999 годзе Кэтрын і Уільям Шулз перадалі ESF, згодна з завяшчаннем, каля 3 мільёнаў долараў ЗША. Муж і жонка Шулз былі славутымі амерыканскімі эсперантыстамі, якія, дарэчы, займаліся доўга існаваўшымі курсамі па эсперанта ва Ўніверсітэце штата Сан-Францыска. Гэты шчодры падарунак стаў асновай для праграм даследавання і адукацыі.

У тым жа самым годзе д-р Марк Фетэс стаў першым дырэктарам ESF. Фонд усталяваў сваю праграму «Interlingual Research Grant Program» («Cтыпендыяльная праграма па даследаванню міжнародных моў»). У межах гэтай праграмы спецыялісты могуць прасіць стыпендыю памерам ад звычайных 10 тысяч долараў ЗША на даследаванні па тэмах, якія маюць дачыненне да інтэрлінгвістыкі. У тым жа годзе ESF таксама прафінансавала камплектаванне відэакурса з 12 лекцый пад назвай «Пашпарт усяго свету».

У 2001 годзе д-р Грант Гудол увайшоў у склад праўлення фонда. У тым жа самым годзе ESF прафінансаваў першы этап развіцця новай навучальнай старонкі Edukado.net, прысвечанай адукацыі на эсперанта.

У наступным годзе фонд набыў новага члена праўлення — доктара Іана Рычманда, спецыяліста па французскай мове з вялікай цікаўнасцю да міжнароднай камунікацыі. Таксама з 2002 года і па цяперашні час ESF фінансуе праект бясплатнага вывучэння мовы эсперанта ў сеціве lernu!. Lernu.net, адна з навучальных праграм фонда, з’яўляецца не толькі старонкай, але і сацыяльнай сеткай для тых, хто вывучае мову эсперанта. Гэта старонка ўжывае самыя сучасныя тэхналогіі вывучэння моў. Карыстальнікі Lernu.net маюць магчымасць вывучаць эсперанта ў зручным для сябе тэмпе, прычым зусім бясплатна.

У 2003 годзе адзін з заснавальнікаў ESF Джэймс Ліберман выйшаў на пенсію пасля 34 гадоў працы. ESF працягвае выконваць сваю ролю па падтрымцы самых неабходных даследчых і навучальных праектаў па ўсім свеце. Выдатным даследчым праектам, пачатым у гэтым годзе, быў «Эсперанцкі Тэкставы Корпус» (зборнік тэкстаў). У ім амаль 5 мільёнаў слоў, доступ да корпуса арганізаваны праз сеціва.

У 2005 годзе фонд даў старт праграме падтрымкі абароненых доктарскіх даследчых прац у супрацоўніцтве з Цэнтрам параўнальнага літаратуразнаўства («The Center for Comparative Literature») з універсітэта Калумбіі, ЗША. З таго часу ESF выдаваў шматлікія гранты даследчыкам, якія абаранілі доктарскія дысертацыі ва ўніверсітэце Калумбіі і працавалі над праектамі, што адносяцца да інтэрлінгвістыкі. У тым жа самым годзе ESF прафінансаваў IV сімпозіум імя Нітобэ Інадзо ў Братыславе (Славакія). Гэты сімпозіум сабраў даследчыкаў лінгвапалітыкі і членаў урадаў краін Еўрапейскага Саюза, каб абмеркаваць лінгвапалітыку і пытанні па лінгвапраектаванню ў Еўрапейскім Саюзе з улікам яго пашырэння. У 2007 ESF фінансаваў наступную сустрэчу імя Нітобэ Інадзо ў Іакагаме (Японія), якая была засяроджана на лінгвістычных вымярэннях азіяцкай інтэграцыі і глабалізацыі.

З 2006 года ESF працягвае пашыраць сваё праўленне і кансультатыўны савет. Далучыліся да праўлення доктар Бонні Фансэка-Грэбер, спецыяліст па французскай мове і міжнароднай камунікацыі, і спадар Уоллас дзю Тэмпле, педагог, які займаецца сусветнай адукацыяй. На працягу гэтага года фонд падтрымліваў свае працяглыя праграмы і выдаваў даследчыя стыпендыі кваліфікаваным спецыялістам. Быў пачаты амбіцыйны праект па стварэнню агучаных эсперанцкіх размоўнікаў. Першы этап ужо завершаны, і зараз рэалізуецца другі этап гэтага праекта.

Спасылкі правіць