Kernel panic (з англ.  —  «Трывога, збой у ядры», даслоўна паніка ядра) — паведамленне аб крытычнай памылцы ядра аперацыйнай сістэмы, пасля якой аперацыйная сістэма не можа працягваць далейшую працу ці далейшы працяг працы мае высокую рызыку страты дадзеных.

Linux 2.6 не можа змантаваць каранёвую файлавую сістэму.

Звычайна гэты тэрмін ужываецца ў асяроддзі аперацыйных сістэм тыпу UNIX. Эквівалент такой памылкі – "сіні экран" у аперацыйных сістэмах Microsoft Windows. Яе імя звязана з тэкстам памылкі віду Kernel panic: … і імем функцыі ядра panic() з арыгінальнай АС UNIX.

Kernel panic таксама магчымы на Android, які грунтуецца на ядры Linux, і ў саміх Linux-сістэмах. Паколькі Mac OS X і iOS грунтуюцца на Darwin, якая з’яўляецца падсямействам UNIX-сістэм, яны таксама схільныя kernel panic.

Прычыны Kernel Panic правіць

Адной з самых распаўсюджаных прычын kernel panic з’яўляецца немагчымасць знайсці і змантаваць каранёвую файлавую сістэму. Часта гэта памылка канфігурацыі, якая можа быць выпраўлена пры перазагрузцы ядра ўручную.

У Linux узнікненню панікі ядра часта папярэднічае стан пад назвай "oops". У шэрагу выпадкаў «oops» можа прыводзіць да такога ж непрацаздольнага стану сістэмы, як і паніка ядра.

У большасці астатніх выпадкаў чыннікам kernel panic з’яўляецца крытычная апаратная памылка (адмова аператыўнай памяці, памылка працэсара, матчынай платы, відэакарты ці іншай крытычна важнай прылады) ці памылка ў самім ядры АС (напрыклад, спроба звароту да няслушнага ці забароненага адрасу ў памяці). Таксама прычынай для панікі ядра могуць быць памылкі ў апаратных драйверах (асабліва перыферыйных) прылад або адсутнасць гэтых драйвераў[1]. Ядро таксама можа перайсці ў panic(), калі ёсць памылкі ў файлавай сістэме або яно ўвогуле яе не знайшло[2]. Падчас фінальнай стадыі ініцыялізацыі прасторы карыстальніка, kernel panic звычайна ўзнікае тады, калі не атрымліваецца запусціць init, бо, нягледзячы на ​​запушчанае і працаздольнае ядро, сама сістэма ўсё яшчэ застаецца ў непрацоўным стане[3]. Kernel panic можа быць выкліканы і прыкладной праграмай, калі тая некарэктна працуе з ядром. Так, памылка ў Google Chrome выклікала kernel panic у Mac OS X[4].

Зноскі

  1. David Pogue (December 17, 2009). Switching to the Mac: The Missing Manual, Snow Leopard Edition. O'Reilly Media, Inc. p. 589. ISBN 978-0-596-80425-1. Праверана May 4, 2011.
  2. Greg Kroah-Hartman (2007). Linux kernel in a nutshell. O'Reilly Media, Inc. p. 59. ISBN 978-0-596-10079-7. Праверана May 3, 2011.
  3. Wolfgang Mauerer (September 26, 2008). Professional Linux Kernel Architecture. John Wiley and Sons. pp. 1238–1239. ISBN 978-0-470-34343-2. Праверана May 3, 2011.
  4. Steven M. Hancock (November 22, 2002). Tru64 UNIX troubleshooting: diagnosing and correcting system problemsHP Technologies SeriesITPro collection. Digital Press. pp. 119–126. ISBN 978-1-55558-274-6. Праверана May 3, 2011.