VI з’езд КП(б)Б
Шосты з'езд КП(б)Б, [XI канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся 15 — 19 сакавіка 1922 г. у Мінску. Прысутнічала 100 дэлегатаў з рашаючым і 48 з дарадчым голасам ад 5150 членаў і кандыдатаў у члены партыі (разам з вайсковымі арганізацыямі). Парадак дня:
- справаздача ЦК (В. Г. Кнорын);
- справаздача Рэвізійнай камісіі КП(б)Б (? Чарноў);
- справаздача Кантрольнай камісіі КП(б)Б (Я. Б. Быкін);
- даклад з месцаў;
- даклад аб тактыцы Камінтэрна (М. А. Сямашка);
- даклад аб партыйным будаўніцтве (В. Г. Кнорын);
- даклад аб рабоце прафсаюзаў (В. А. Нодэль);
- даклад аб фінансавай палітыцы (А. Р. Чарвякоў);
- даклад аб сельскагаспадарчай кампаніі (А. С. Славінскі);
- выбары.
З'езд адзначыў, што ЦК з улікам мясцовых асаблівасцей праводзіла агульную лінію ЦК РКП(б) «як непарыўнай састаўной часткі нашай Расійскай Савецкай Федэрацыі». З гэтага вынікала, што кіраўніцтва КП(б)Б не лічыла ССРБ самастойнай дзяржавай. Значная ўвага на з'ездзе аддавалася пытанням партыйнага будаўніцтва. Больш жорсткімі станавіліся ўмовы прыёму ў партыю. Каб адгароджвацца ад наплыву дробнабуржуазных элементаў, ад партыйных камітэтаў патрабавалася «сур'ёзнае вывучэнне сацыяльнага паходжання, усяго мінулага жыцця і рэвалюцыйнай работы кожнага, хто ўступае ў рады партыі». Кандыдацкі стаж павялічаны да 1 года. Для ўступлення ў партыю патрэбны былі рэкамендацыі не менш як 3 камуністаў, якія мелі партыйны стажне менш за 3 гады. У галіне агітацыйна-прапагандысцкай работы з'езд даручыў ЦК стварыць папулярную сялянскую газету «на зразумелай для шырокіх мас вёскі мове», наладзіць выданне невялікіх папулярных брашур. Гэта была яўная падтрымка палітыкі беларусізацыі, хаця такі тэрмін у дакументах з'езда адсутнічаў. У рэзалюцыі «Аб рабоце КСМ» гаварылася, што ва ўмовах нэпа камсамол як класавая арганізацыя рабочай і сялянскай моладзі павінен рыхтаваць рэзервы для партыі і служыць правадніком падрастаючага пакалення. З'езд падкрэсліў, што ва ўсіх прафсаюзных органах павінны стварацца пастаянна дзеючыя камуністычныя фракцыі, «якія папярэдне абмяркоўваць і вырашаюць усе пытанні саюзнай дзейнасці». Фракцыя з'яўлялася органам пастаяннага нагляду і кантролю за дзейнасцю пэўнай прафсаюзнай арганізацыі. З'езд выбраў ЦК КП(б)Б з 13 членаў і 4 кандыдатаў у члены, Кантрольную камісію КП(б)Б з 3 членаў і 2 кандыдатаў у члены, Рэвізійную камісію КП(б)Б з 3 членаў і 2 кандыдатаў у члены, 4 дэлегаты з рашаючым і 2 з дарадчым голасам на XI з'езд РКП(б).
Літаратура
правіць- XI конференция Коммунистической партии Белоруссии (15 — 19 марта 1923 г.): (Стенографический отчет). — Мн., 1922.
- Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. — Мн., 1983.