Івана Брліч-Мажураніч

Івана Брліч-Мажураніч (харв.: Ivana Brlić-Mažuranić; 18 красавіка 1874 — 21 верасня 1938) — харвацкая дзіцячая пісьменніца.

Івана Брліч-Мажураніч
Ivana Brlić-Mažuranić
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Івана Мажураніч
Дата нараджэння 18 красавіка 1874(1874-04-18)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 21 верасня 1938(1938-09-21)[1][2][…] (64 гады)
Месца смерці Заграб, Каралеўства Югаславія
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Уладзімір Мажураніч[d]
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці празаік
Гады творчасці 1902—1937
Мова твораў харвацкая
Грамадская дзейнасць
Член у
Узнагароды
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Біяграфія правіць

Нарадзілася ў горадзе Агулін, у вядомай сям'і Мажураніч, з якой выйшла шмат літаратараў і грамадскіх дзеячаў Харватыі. Яе бацька Уладзімір Мажураніч быў пісьменнікам, адвакатам і гісторыкам. Яе дзядулем быў знакаміты палітык, паэт і харвацкі бан Іван Мажураніч, бабуля Аляксандра была сястрой харвацкага мовазнаўца грэчаскага паходжання Дзімітрыі Дэметэра.

Яна вучылася прыватна і атрымала выдатную адукацыю, у тым ліку авалодала некалькімі мовамі — яе першыя літаратурныя творы былі напісаныя па-французску.

Разам з сям'ёй Івана перасялілася з свайго роднага мястэчка Агулін спачатку ў Карлавац, потым у Ястрэбарска, а затым у Заграб.

У 1892 годзе Івана ўступіла ў шлюб з адвакатам і палітыкам Ватраславам Брлічам і перасялілася ў горад Славанскі-Брод ва ўсходняй Харватыі, дзе правяла вялікую частку свайго жыцця, якую прысвяціла сваёй сям'і і літаратурнай працы.

Выхаваная ў патрыятычным духу, Івана разам з мужам актыўна займалася грамадскай дзейнасцю, накіраванай на харвацкае культурнае і моўнае адраджэнне. Біскуп Ёсіп Юрай Штросмаер узнагародзіў яе залатым медалём за процідзеянне мадзьяронам (мадзьяроны былі паслядоўнікамі партыі, якая падтрымлівала ідэю актыўнага кантакту і супольнай палітычнай будучыні Харватыі і Венгрыі).

Памерла ў Заграбе.

Творчасць правіць

Яшчэ дзяўчынкай Івана Брліч-Мажураніч пісала вершы, эсэ, дзённікі, але яе першыя творы не друкаваліся аж да пачатку XX стагоддзя. Зборнік апавяданняў і песень для дзяцей «Добрыя і дрэнныя» (Valjanі i nevaljanі) выйшаў у 1902 годзе. Навелы і тэксты, у якасці дадатку да серыі асветніцкіх артыкулаў пад назвай «Школа і вакацыі» (Škola і praznіcі), выходзілі стала пачынаючы з 1903 года.

Як маці шасцярых дзяцей, яна валодала здольнасцю адчуць душу дзіцяці, зразумець чысціню і наіўнасць іх свету.

Сапраўдная папулярнасць прыйшла да яе пасля выхаду ў свет раману для дзяцей «Цудоўныя прыгоды і няшчасці падмайстра Хлапіча» (Čudnovate zgode і nezgode šegrta Hlapіća), які быў выдадзены ў 1913 годзе. Раман з напружаным сюжэтам апавядае аб пошуках бедным чаляднікам Хлапічам дачкі свайго гаспадара, і аб тым, як дабрыня ў рэшце рэшт перамагае няшчасце.

Вяршыняй яе паэтычнай творчасці крытыка лічыць зборнік «Апавяданні з даўніны» (Prіče іz davnіne), які выйшаў у 1916 годзе. Зборнік напісаны на аснове старажытных славянскіх міфаў і праз казку зноў вяртае ў жыццё згублены свет паганскіх вераванняў харватаў. Такія вобразы як Косенка, Рэгач, Стрыбор, Ягленац, Рутвіца, Палунка, Вестка, Пацех, Малік Цінцілініч, Сварожыч, Бесамар увасабляюць вернасць, каханне і дабрыню, а таксама баязлівасць і слабасць. У яе творах часта можна сустрэць і імкненне да багацця або да далёкіх светаў, што сімвалізуе чалавечую цягу да праўды і ведаў.

Два разы яна была кандыдатам на атрыманне Нобелеўскай прэміі (1931 і 1938), а ў 1937 годзе стала першай жанчынай — членам тады Югаслаўскай, а цяпер Харвацкай акадэміі навук і мастацтваў. Крытыка лічыла яе прозу сінтэзам жыццёвага ідэалізму, натуральнасці выразу і рэдкага гумару. Нягледзячы на тое, што яна пісала для дзяцей, яе высока цанілі шматлікія пісьменнікі, паэты і літаратурныя гісторыкі.

Выдавецтва «Школска кніга» ў Заграбе заснавала ў 1971 годзе літаратурную прэмію «Івана Брліч-Мажураніч» для заахвочвання літаратурнай творчасці для дзяцей і моладзі.

Часта яе завуць харвацкім Андэрсанам (за віртуознасць дзіцячага апавядальніка) і харвацкім Толкінам (за пагружэнне ў фантастычны свет міфалогіі). Івану Брліч-Мажураніч можна паставіць у адзін шэраг з класікамі дзіцячай літаратуры.

Яе творы былі перакладзеныя на амаль усе еўрапейскія мовы.

Зноскі

  1. а б Ivana Brlic-Mazuranic // filmportal.de — 2005. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б Ivana Brlic-Mazuranic // FemBio database Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. https://www.gradskagroblja.hr/trazilica-pokojnika/15 Праверана 7 лютага 2024.