Іван Васілевіч Красны
Іван Васілевіч Красны з князёў Друцкіх (каля 1450 — пасля 1516) — князь, вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, намеснік менскі (1487—1489).
Іван Васілевіч «Красны» | |
---|---|
| |
Нараджэнне | каля 1450 |
Смерць | пасля 1516 |
Род | Друцкія[1] |
Бацька | Васіль Сямёнавіч Красны[2] |
Маці | Львоўна Варатынская[d][1] |
Жонка | Марыя Сямёнаўна Кобрынская[3] і Марыя Іванаўна Заслаўская[d][4] |
Дзеці | Дзмітрый |
Біяграфія
правіцьЗ роду Друцкіх герба ўласнага «Друцк», сын віцебскага намесніка Васіля Сямёнавіча Краснага і невядомай імем сястры князя Фёдара Львовіча Варатынскага.
У 1486 годзе выступіў сведкам пры запісе княгіні Соф’і Зубравіцкай на карысць Марыны Трабскай. У 1487 годзе атрымаў ад караля Казіміра урад намесніка менскага. У 1488 годзе атрымаў чатыры бочкі солі з ковенскага мыта і борць мёду з Троцкага ключа. У лютым 1489 года кароль паведамляе яму, як намесніку менскаму, што аддаў менскае мыта ў арэнду «жыду Троцкаму» Міхалу Даніловічу, у маі таго ж году Іван Красны згадваецца ў дыпламатычнай карэспандэнцыі маскоўскага і літоўскага двара. Верагодна, па смерці караля Казіміра Іван Друцкі склаў урад менскага намесніка. У 1505 годзе, выкліканы сведкам пра паходжанне жонкі Івана Васільевіча Яраславіча, засведчыў, што «дачка Карыбута Альгердавіча Марыя знаходзілася ў вялікага князя Вітаўта на выхаванні і тую ён выдаў за князя Фёдара Варатынскага майго вуя», дачка якога Еўдаксія з’яўляецца і была жонкаю князя Івана Васілевіча Яраславіча. У 1516 годзе запісаў сваёй жонцы Марыі Іванаўне Заслаўскай сёлы Бобр і Сакаловічы, даннікаў на рацэ Бобр і двор Недаходаў.
Сям’я
правіцьБыў жанаты двойчы, першы раз з Марыяй Сямёнаўнай Кобрынскай (? — да 1512), дачкой князя Сямёна Раманавіча Кобрынскага і Юліяны Сямёнаўны Гальшанскай, меў з ёй сына Дзмітрыя (? — да 1507), які рана памёр. Другім шлюбам ажаніўся з Марыяй Іванаўнай Заслаўскай, дачкой Івана Васілевіча Заслаўскага і ўдавой Багдана Фёдаравіча Глінскага, які памёр у Маскве ў 1512 годзе.
Зноскі
- ↑ а б Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 58.
- ↑ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 58, 185.
- ↑ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 59, 165.
- ↑ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 59, 88.
Літаратура
правіць- Wolff J. Rod Gedymina. — Kraków, 1886.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1895.
- Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego: 1385—1795. Kraków, 1885.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.