Ігар Васілевіч Лапцінскі

У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

Ігар Васілевіч Лапцінскі (11 студзеня 1930, г. Магілёў — 2 снежня 2018, Канада) — беларускі акцёр тэатра і кіно, рэжысёр радыё, Заслужаны артыст Беларусі (1994), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998) [1].

Ігар Васілевіч Лапцінскі
Дата нараджэння 11 студзеня 1930(1930-01-11)
Месца нараджэння
Дата смерці 2 снежня 2018(2018-12-02) (88 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Адукацыя
Прафесія акцёр
Тэатр
Прэміі
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь
Узнагароды
Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь

Біяграфія

правіць

Пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (1951, клас Б. Мардвінава [2]) працаваў у Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. Выконваў характарныя ролі маладых герояў, сярод якіх Аляксей («У добры час!» В. Розава), Гаўрыла («Макар Дубрава» А. Карнейчука), Змітрок («Простая дзяўчына» К. Губарэвіча), Гільём («Салавей» З. Бядулі). Лепшай роляй у тэатры прызнаны вострахарактарны вобраз пана Пэру ў спектаклі «Пані міністэрша» Б. Нушыча. На кінастудыі «Беларусьфільм» зняўся ў некалькіх эпізадычных ролях у кінафільмах «Міколка-паравоз» (1956), «Рагаты бастыён» (1964), «Я, Францыск Скарына» (1969) [3]. З 1963 г. І. В. Лапцінскі працаваў рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, у 1975—1980 гг. — яго галоўным рэжысёрам.

З 1951 г. пачалося творчае супрацоўніцтва І. Лапцінскага з Беларускім радыё. Пасля няўдалага дэбюта ў якасці вядучага Лапцінскі зразумеў, што радыё з’яўляецца справай сур’ѐзнай, і ўжо ніколі не дазваляў сабе садзіцца да мікрафона без належнай падрыхтоўкі. Ігар Васілевіч тады працаваў акцѐрам, шмат быў задзейнічаны ў дзіцячай рэдакцыі і рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання. Першай акцѐрскай работай стала роля француза, настаўніка танцаў Гільёма ў спектаклі «Салавей» паводле З. Бядулі. Мастацкі савет, які прымаў спектакль, высока ацаніў работу Лапцінскага.

Спасціжэнне сакрэтаў радыѐмайстэрства адбывалася паэтапна. Ігар Васільевіч гаварыў, што праца перад мікрафонам — гэта ўменне чытаць не на ўсю вялікую аўдыторыю, як таго патрабуе тэатральная дзейнасць, а для нейкага канкрэтнага чалавека. «Я расказваю яму тое, што ў матэрыяле напісана. Гэта ўжо майстэрства акцёра: размаўляць з нябачным гледачом. Калі акцёр не мае патрэбы выказвацца — ён не акцёр». Складанасць радыё ў тым, што перад выканаўцамі адсутнічае рэальны глядач, няма дэкарацый, святла, адпаведна, атмасферу варта ствараць голасам, трэба выдумваць свайго гледача. Разам з тым, на радыё даступны вялікі рэпертуар, паколькі стварэнне вобразаў залежыць толькі ад асаблівасцей голасу. Са слоў артыста, праца над роляй на радыё амаль такая ж, як і ў тэатры. «Акцёр — як малое дзіця. Ён мусіць верыць у няпраўду як у праўду. Калі акцёр не паверыць у прапанаваныя абставіны, у тую няпраўду, якую напісаў драматург, ён не сыграе ролю. Акцёр — пракурор, абаронца, даследчык», — расказваў І. Лапцінскі. [4]

У 1963 г., калі Беларускае радыѐ перамясцілася ў новы будынак на вуліцы Чырвонай, Ігар Васілевіч заняўся рэжысёрскай справай. У той час пасаду галоўнага рэдактара дзіцячай рэдакцыі займала В. Шапавалава, якая і запрасіла на працу ў рэдакцыю І. Лапцінскага, нягледзячы на тое, што ў рэжысѐрскай камандзе былі мэтры М. Троіцкая, П. Данілаў, Т. Аляксеева. Дэбютам для рэжысёра стала ўвасабленне апавядання «Два Аляксандры». Апавяданне для радыё інсцэніравала рэдактар Б. Шарашэўская. На ролі ў спектаклі І. Лапцінскі запрасіў акцёраў В. Тарасава і Н. Аўчыннікаву. Упершыню для афармлення работы была выкарыстана гітарная музыка, з-за чаго рэдакцыя доўга не прымала спектакль. Лапцінскі адстаяў сваё творчае рашэнне, і такі смелы для пастаноўшчыка-пачаткоўцы крок прывёў Лапцінскага да высновы, што лёс рэжысёра заключаецца ў адстойванні ўласнай пазіцыі.

У 1994 г. перайшоў у студыю літаратурна-драматычных праграм Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. Сярод пастаўленых ім на радыё спектакляў мастацкай завершанасцю вылучаюцца «Спартак» паводле Р. Джаваньёлі, «Палескія рабінзоны» паводле Я. Маўра, «Лясная крэпасць» М. Гамолкі, «Адзін дзень з жыцця Роберта Джордана» паводле Э. Хэмінгуэя, «Мой генерал» А. Ліханава, «Лёс паэта» В. Шымука, «Дарога на дваіх», «Вяртанне да сябе», «Не праміні свой лёс» паводле М. Калошкі, «Сцяжынкі-сцяжыначкі» паводле А. Сыскаўца, «Лівень» паводле А. Жука, «Час дыназаўра» паводле Л. Шчэрбача.

Ігар Лапцінскі сцвярджаў, што прафесія рэжысёра вызначаецца арганізацыяй творчага працэсу для каманды ў складзе сцэнарыста, гукарэжысёра, гукааператараў, акцёраў. Плённым было супрацоўніцтва І. Лапцінскага з гукарэжысёрамі і гукааператарамі В. Красоўскім, Р. Донцысам, Г. Басько, Т. Сідаравай, С. Бязлюдавай, Т. Стыдаль, якія добра разумелі творчыя задумы рэжысёра і дапамагалі ўвасобіць іх у працы. Шмат якасных работ рэжысёр стварыў з гукарэжысёрам В. Красоўскім. «Толькі ў сумеснай працы можна дасягнуць вышынь. Наша мастацтва радыѐ — не для вуха, а для вока слухача, каб глядач убачыў тое, пра што ідзе гаворка», — гаварыў у інтэрв’ю І. Лапцінскі. [4]

За працу над радыёспектаклем «Палескія вандроўнікі» паводле Г. Пашкова ў 1998 г. творчай камандзе на чале з І. Лапцінскім уручана Дзяржаўная прэмія Беларусі.

Ігар Васільевіч працаваў на радыѐ да пачатку 2000-х гг. Калі арыгінальных спектакляў выходзіла небагата, а перыяд заняпаду беларускага радыѐтэатра пачаўся ў другой палове 1990-х гг. і працягваўся да 2005 г., Лапцінскі займаўся рэстаўрацыяй фондавых пастановак, пераводам іх у аб’ёмнае (стэрэа) гучанне. «Многіх акцёраў няма, але галасы захаваліся. Аднаўленне — вялікая каштоўная праца. І самі спектаклі даюць магчымасць пазнаёміцца з тым часам, перыядам, у які запісаны», — гаварыў І. Лапцінскі [4].

І. Лапцінскі ў пачатку новага тысячагоддзя пераехаў на сталае месца жыхарства ў Канаду, там жа артыста не стала. Сёння працы рэжысёра захоўваюцца ў фондах Дома радыё і транслююцца ў эфіры двух каналаў Беларускага радыё — Першага нацыянальнага і канала «Культура». [2]

Зноскі

Літаратура

правіць
  • Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 1999. — Т. 9. — С. 136
  • Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (1949—2004) / А. А. Каляда. — Мінск, 2005. — С. 73
  • Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. — Мінск, 2014. — Т. 5. — С. 27
  • Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. — Минск, 2007. — Т. 4. — С. 407
  • Тэатральная энцыклапедыя: Энцыклапедыя : у 2 т. — Мінск : БелЭн, 2003. Т. 2: Лабанок — Яшчур /Бур’ян, Б. І. — І. В. Лапцінскі // рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.- С. 11.
  • Курков, И. Н. Белтелерадиокомпания. Мир живого эфира / И. Курков. — Минск :Медиафакт, 2007. — 304 с
  • Шэін, В. М. Радыѐтэатр / В. М. Шэін // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя : у 2 т. — Мінск : БелЭн, 2003. Т. 2: Лабанок — Яшчур / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — С. 290—291.