Іона I (? — 31 сакавіка 1461) — дзеяч праваслаўнай царквы Вялікага Княства Літоўскага.

Іона I
руск.: Иона
Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі[d]
15 снежня 1448 — 31 сакавіка 1461
Папярэднік Isidore of Kyiv[d]
Пераемнік Theodosius, Metropolitan of Moscow[d]
Дзейнасць святар
Нараджэнне 1390
Смерць 31 сакавіка 1461
Пахаванне

Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Паходзіў з удзельнага Галіцкага княства. Там пастрыгся ў манахі, пасля перайшоў у Маскоўскі Сіманаў манастыр. Епіскап разанскі ў 1433—1448 гадах[1].

 
Пасвячэнне Іоны ў мітрапаліты[2]

Пасля смерці мітрапаліта Фоція (1/2 ліпеня 1431) кіраваў справамі мітраполіі, аднак у 1432 годзе мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі ў Канстанцінопалі зацверджаны смаленскі епіскап Герасім, стаўленік вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы. У адказ у 1432/1433 годзе вялікі князь маскоўскі Васіль II прызначыў мітрапалітам Іону I (тытулаваўся «нарачоным» мітрапалітам). Відаць, пасля спалення Герасіма ў 1435 годзе Іона I ездзіў у Канстанцінопаль, але не дамогся зацвярджэння, і ў 1437 годзе мітрапалітам пастаўлены Ісідор[1].

Іона I зноў прэтэндаваў на мітрапаліцкі пасад пасля ад’езду ў 1441 годзе Ісідора з Русі. 15 снежня 1448 года на саборы ў Маскве Іона I абраны мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Гэтага абрання не падтрымалі праваслаўны патрыярх у Канстанцінопалі і патрыярх-уніят Ісідор. Нягледзячы на гэта, Віленскі сойм 31 студзеня 1451 прызнаў адзінства Кіеўскай мітраполіі пад уладай Іоны I. Аднак у 1458 годзе ўлады ВКЛ прызналі законным кіеўскім мітрапалітам Грыгорыя II Балгарына, пасвячонага патрыярхам-уніятам Грыгорыем Мамам. Гэта выклікала пратэст з боку Іоны I, які патрабаваў ад праваслаўных ВКЛ вернасці для сябе. Частка праваслаўных ВКЛ працягвала прызнаваць уладу Іоны I. У 1451 годзе ён прызначыў сваім намеснікам у Кіеве протадыякана Акакія, пацвердзіў паўнамоцтвы епіскапа ўладзімірскага і берасцейскага Данііла, пастаўленага мітрапалітам-уніятам Ісідорам. У 1454 годзе прасіў смаленскага епіскапа Місаіла, каб той не дапускаў варожых дзеянняў супраць Масквы мажайскага князя Івана Андрэевіча, што ўцёк у ВКЛ[1].

Іона I — аўтар пасланняў вялікаму князю літоўскаму Казіміру, кіеўскаму князю Аляксандру (Алельку), пану Міхаілу Кезгайлавічу, полацкім епіскапам Сімяону і Калісту і інш. Быў апошнім мітрапалітам, хто меў агульную ўладу над праваслаўнымі епархіямі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы і стаў першым фактычным маскоўскім мітрапалітам[1].

Ушанаванне

правіць
 
Мітрапаліт Іона на помніку «1000-годдзе Расіі» ў Вялікім Ноўгарадзе

27 мая 1472 года пры перабудове Успенскага сабора былі знойдзены яго нятленныя мошчы (захоўваюцца ва Успенскім саборы Маскоўскага Крамля); Пахоміем Сербам была напісана яму царкоўная служба і ўсталявана яго мясцовае шанаванне. У 1547 годзе пры мітрапаліце Макарыі ён быў праслаўлены для агульнацаркоўнага ўшанавання.

У 1596 годзе патрыярх Іоў усталяваў святкаванне свяціцелю Іону ў Саборы іншых Маскоўскіх свяціцеляў 5 кастрычніка.

Зноскі

  1. а б в г Валерый Пазднякоў. Іона I // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
  2. Лицевой летописный свод XVI века. Русская летописная история. Книга 14. 1444-1459 гг.. runivers.ru. Праверана 21 снежня 2021.

Літаратура

правіць