Абарона Ольштына (карціна Казіміра Альхімовіча)

«Абарона Ольштына» (польск.: Obrona Olsztyna) — вялікае сюжэтнае палатно Казіміра Альхімовіча, напісанае ў 1881[1][2] годзе. Створана паводле п'есы «Каспар Карпінскі», якая была напісана Уладзіславам Сыракомляй і пастаўлена ў Вільні ў 1858 гг[3]. Арыгінальнае палатно захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве, а аўтарская копія 1912 года — з 1998 г. у калекцыі Чэнстахоўскага музея[1]. Памер арыгінальнай карціны — 186 × 272 см[3]. «Абарона Ольштына» з'яўляецца самай вядомай графічнай выявай Каспара Карлінскага  (польск.)[1].

Казімір Альхімовіч
Абарона Ольштына. 1881
польск.: Obrona Olsztyna
Матэрыял Палатно
Тэхніка алей
Памеры 186 × 272 см
Нацыянальны музей у Варшаве, Варшава

Арыгінал карціны напісаны Казімірам Альхімовічам у 1881 годзе[2]. Карціна атрымала шмат спрэчных водгукаў у тагачаснай прэсе[3]. У 1882 годзе «Абарона Ольштына» атрымала першую ўзнагароду ў конкурснай выстаўцы палотнаў на гістарычную тэму, арганізаваным Таварыствам заахвочвання мастацтваў  (польск.) у Варшаве[2][3].

Аўтарская копія «Абароны Ольштына», напісаная мастаком у 1912 годзе, была набыта Чэнстахоўскім музеем на аўкцыённым салоне «Rempex» у 1998 годзе[2].

Апісанне правіць

У палатно перадаўся моцны эмацыянальны тон п'есы У. Сыракомлі. Мастак узнаўляе гістарычныя падзеі XVI ст.: Карлінскі меў восем сыноў, сем з якіх памерлі або былі забітыя ў розных войнах. У 1587 годзе Каспар Карлінскі  (польск.) ўзначальвае абарону крэпасці ў Ольштыне, якую аблажылі войскі аўстрыйскага эрцгерцага Максіміліяна Габсбурга, які прэтэндаваў на польскую карону пасля смерці Стэфана Баторыя. Трагізм сітуацыі ў тым, што ворагі захапілі 6-гадовага сына галоўнага героя і, выставіўшы яго пад гарматныя стрэлы, патрабуюць здаць крэпасць без бою. Карлінскі стаіць перад страшным жыццёвым выбарам[3].

Мастак прытрымліваецца ў карціне рэалістычных у цэлым выразных сродкаў: заўважаецца дакладнасць у выявах пабудоў, старажытнай зброі, адзення. Але ў аснову жывапіснага сюжэта пакладзены рамантычны кантраст паміж знешне спакойнай, амаль манументальнай фігурай Карлінскага і дынамікай іншых персанажаў. Асабліва ярка-экспрэсіўна дадзены вобраз жонкі Карлінскага, якая на каленях моліць мужа[3].

Зноскі

  1. а б в Karol NABIAŁEK. Nowe spojrzenie na biografię Kaspra Karlińskiego herbu Ostoja Архівавана 5 сакавіка 2016.
  2. а б в г Muzeum Haliny Poświatowskiej Архівавана 6 сакавіка 2016. ISBN 83-60128-10-3
  3. а б в г д е Марына Загідуліна. Казімір Альхімовіч як ілюстратар польскіх пісьменнікаў // Гісторыя, культуралогія, мастацтвазнаўства: Матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый» (Мінск, 21-25 мая, 4-7 снеж. 2000 г.). — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2001. — ISBN 985-6638-35-6. Архівавана з першакрыніцы 7 кастрычніка 2008.