Абпа́л — тэрмічная апрацоўка матэрыялаў з мэтай надання ім неабходных уласцівасцяў ці для ачышчэння ад дамешкаў.

Уключае награванне да пэўнай тэмпературы, вытрымку і ахаладжэнне да пакаёвай тэмпературы. Суправаджаецца рэакцыямі раскладання (пры апрацоўцы прыроднай сыравіны), акіслення або аднаўлення (пры выгаранні дамешкаў, узаемадзеянні з вугляродам, вадародам ці кіслародам), мінералаўтварэння; фазавымі пераўтварэннямі (частковае плаўленне матэрыялаў, выпарэнне і інш.). Робіцца ў абпальвальных печах у акісляльна-аднаўляльным або нейтральным газавым і цвёрдым асяроддзях, а таксама ў вакууме.

Барабанная печ для абпалу цэментнага клінкера пры вытворчасці цэменту

Руды і рудныя канцэнтраты абпальваюць перад іх абагачэннем, кавалкаваннем, плаўкай для змены іх фізічных і хімічных уласцівасцяў. Сыравіну для будаўніцтва, вяжучых матэрыялаў (гліна, вапняк, цэментная шыхта), вогнетрывалую цэглу, фарфоравыя і фаянсавыя паўфабрыкаты абпальваюць для атрымання вырабаў пэўнай формы і памераў з неабходнымі уласцівасцямі, эмалі і фарбы — для нанясення пакрыццяў з ахоўнымі і мастацка-дэкаратыўнымі мэтамі.

Абпальванне керамікі правіць

Працэсы абпальвання керамічнай пліткі, фарфору і іншых керамічных вырабаў адбываюцца ў сістэмах тэрмаапрацоўкі.

У Беларусі вядома з эпохі неаліту. Найбольш старажытны спосаб абпальвання керамічнага посуду — на адкрытым агні (на паверхні зямлі ці ў ямах рознай глыбіні). Старажытны посуд абпальваўся ў акісляльным і аднаўленчым газавым асяроддзі. Бурая афарбоўка чарапка сведчыць пра абпальванне ў акісляльным (з доступам кіслароду) асяроддзі, цёмна-шэрая і чорная — у аднаўленчым (без доступу кіслароду; найбольш старажытны спосаб). Аднаўленчы абпал патрабуе больш нізкіх тэмператур, патрабаванні да якасці паліва таксама менш строгія. Пры такім спосабе абпальванне маглі выкарыстоўваць аднакамерныя закрытыя прыстасаванні (простыя печы ў паглыбленнях і інш.), якія нельга зафіксаваць археалагічным метадам. Для атрымання цёмнага чарапка таксама ўжываліся розныя тэхналагічныя прыёмы (задымленне і інш.). Даволі часта чарапок мае двухколерную афарбоўку, якая ўзнікае ў нявытрыманым газавым асяроддзі, часта пры абпальванні на вогнішчах. Тэмпературы абпалу глінянага посуду пры гэтым знаходзіліся ў дыяпазоне 500—850 °C. У апошняй чвэрці I-га тыс.ячагоддзя н.э. на тэрыторыі Беларусі стаў распаўсюджвацца пячны абпал глінянага посуду. Тэмпературы абпальвання ў пячах таксама не перавышалі 850 °C. Толькі з XVIXVII стст. посуд сталі абпальваць у спецыяльных горнах пры тэмпературы да 1000 °C і вышэй.

Літаратура правіць

  • Абпал // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
  • Дубіцкая, Н. М. Абпальванне / Н. М. Дубіцкая // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 13. — ISBN 978-985-11-0353-5.

Спасылкі правіць