Авіньёнскае паланенне Папаў
Авіньёнскае паланенне Папаў — перыяд з 1309 па 1377, калі рэзідэнцыя глаў Каталіцкай Царквы знаходзілася не ў Рыме, а ў Авіньёне. У 1309 Клімент V (француз), які стаў Папам неўзабаве пасля паражэння Папы Баніфацыя VIII у канфлікце з каралём Францыі Філіпам IV Прыгожым, пераехаў у Авіньён. Гэты горад, які належаў графам Праванса, Папа Клімент VI выкупіў у 1348 у сваю ўласнасць. У Авіньёне Папы адчувалі сябе ў значна большай бяспецы, чым у неспакойным Рыме, дзе адбываліся вострыя канфлікты паміж арыстакратычнымі родамі. Да таго ж Папская дзяржава ў цэнтры Італіі тады фактычна распалася.
Да Авіньёнскага перыяду адносіцца кіраванне Рымскіх Папаў:
- Клімент V: 1305—1314
- Ян XXII: 1316—1334
- Бенедыкт XII: 1334—1342
- Клімент VI: 1342—1352
- Інакенцій VI: 1352—1362
- Урбан V: 1362—1370
- Рыгор XI: 1370—1377
Авіньёнскі перыяд у гісторыі папства мала нагадваў рэальны палон, хутчэй гэта было супрацоўніцтва Папаў з моцнымі французскімі каралямі. Усе Папы гэтага перыяду былі французамі (дакладней, аксітанцамі), французская большасць была і ў калегіі кардыналаў, якая абірала Пап. Нямала кардыналаў служыла раней пры каралеўскім двары. Папы выконвалі важныя дыпламатычныя місіі на карысць французскага караля, былі выканаўцамі яго волі.
Да гэтага часу папства страціла былую ролю ў палітычным жыцці Еўропы. Аднак як унутрыцаркоўны інстытут яно ўзмацнілася. Улада Папаў у царкве набыла сапраўды манархічны характар. Біскупы і абаты з гэтага часу не абіраліся мясцовым духавенствам і манахамі, а прызначаліся Папамі. Значна павялічыліся даходы папскай казны, быў створаны цэнтральны фінансавы орган папскай адміністрацыі. З дапамогай празмерна вялікага бюракратычнага апарата сваёй курыі Папы кантралявалі ўсе сферы царкоўнага жыцця.
Італьянскі гуманіст Петрарка, які пабыў у Авіньёне і рэзка асуджаў надзвычайную раскошу папскага двара, ахарактарызаваў знаходжанне Папаў у гэтым горадзе як «вавілонскі» палон.
У 1377 Рыгор XI вярнуўся ў Рым. На гэтым скончылася «Авіньёнскае паланенне Папаў», але не гісторыя папства ў Авіньёне. Пасля смерці Рыгора ў 1378 г. кардыналы, незадаволеныя яго пераемнікам Урбанам VI, абралі антыпапу Клімента VII, які вярнуўся ў Авіньён. Так ужо праз год пасля заканчэння «Авіньёнскага палону» пачаўся Вялікі заходні раскол, калі і ў Авіньёне, і ў Рыме знаходзіліся канкуруючыя Папы, якія падзялілі паміж сабой увесь каталіцкі свет. Пераемнікам Клімента VII быў Бенедыкт XIII, зрынуты і адлучаны Канстанцкім саборам у 1417, пасля чаго бег у родную Іспанію. Ён і быў апошнім авіньёнскім Папам.
Перадумовы
правіцьУ той час у краінах Заходняй Еўропы пачалася цэнтралізацыя дзяржаў, у тым ліку і Францыі. У цэнтралізаваных дзяржавах усё насельніцтва падпарадкоўвалася манарху, у тым ліку і духавенства, і манархі былі ў мацнейшым становішчы, чым у перыяд феадальнай раздробненасці. У 1294 годзе кароль Францыі Філіп IV абвясціў вайну Англіі. Для пакрыцця расходаў ён абклаў падаткам у тым ліку і духавенства, не ўзгадніўшы гэта з Папам Рымскім Баніфацыем VIII. Той у сваю чаргу выдаў у 1296 годзе булу «Clericis laicos», дзе выступіў з крытыкай у адрас французскага караля, забараніў абкладанне духавенства і пагражаў адлучэннем ад Царквы тых, хто будзе спаганяць або плаціць падаткі. У гэтым жа годзе Філіп IV забараніў вываз каштоўных камянёў і металаў з краіны, тым самым пазбавіўшы Папу сродкаў, якія атрымліваліся з Францыі. У 1297 годзе ў буле «Romana Mater» Баніфацый VIII змякчыў сваю пазіцыю наконт Францыі і дазволіў духавенству ў добраахвотным парадку ўносіць падаткі, па ўказу французскага караля. Зыбкае перамір'е падоўжылася нядоўга. Знайшоўшы іншую крыніцу даходаў для казны, Папа Рымскі ў 1302 годзе зноў выступіў з крытыкай супраць французскага караля. Філіп IV абвінаваціў Папу ў ерасі і сіманіі. Спачатку ў Францыі, а затым і ў Італіі пачалася агітацыя за звяржэнне Папы. У 1303 годзе Баніфацый VIII быў арыштаваны і збіты змоўшчыкамі ў сваёй рэзідэнцыі ў Ананьі і неўзабаве памёр. На папскі прастол узышоў Бенедыкт XI, аднак праз 8 месяцаў быў атручаны. Праз 11 месяцаў кардыналы абралі Папам гасконскага прэлата Бертрана дэ Го. Новай рэзідэнцыяй Папы стаў горад Авіньён, падараваны французскім каралём. Перш за ўсё Папа Клімент V раздаў пасады ў калегіі кардыналаў французам і вярнуў у лона царквы Францыю.
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Лозинский С. Г. История Папства. — 3-е изд. — М.: Политиздат, 1986. — 382 с. — (Библиотека атеистической литературы). — 350 000 экз.
- Авіньёнскае паланенне папаў. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).