Адам Аляксандравіч Паўлюкавец

беларускі паліглот, перакладчык і эсперантыст
(Пасля перасылкі з Адам Паўлюкавец)

Адам Аляксандравіч Паўлюкавец (4 снежня 1939, Лунінец, Пінская вобласць, БССР — 30 кастрычніка 1994, Мінск, Рэспубліка Беларусь) — беларускі паэт, публіцыст, перакладчык[1], паліглот (валодаў беларускай, рускай, эсперанта, французскай, англійскай і польскай мовамі).

Адам Аляксандравіч Паўлюкавец
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 4 снежня 1939(1939-12-04)
Месца нараджэння
Дата смерці 30 кастрычніка 1994(1994-10-30) (54 гады) ці 28 кастрычніка 1994(1994-10-28) (54 гады)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, паэт, перакладчык, публіцыст, эсперантыст
esperanto.dyskurs.be (бел.)(эсп.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў 4 снежня 1939 года ў Лунінцы ў сялянскай сям’і. Быў апошнім (сёмым) дзіцем[2]. Бацька Аляксандр Адамавіч (06.06.1901 — 23.12.1951) працаваў кладаўшчыком на базе па перапрацоўцы садавіны і гародніны. Афіцыйная прычына смерці — сухоты. Яго жонка Кацярына Данілаўна (23.11.1906 — 25.12.1980) працавала пасудамыйкай.

Пра раннія гады жыцця А. А. Паўлюкаўца амаль нічога не вядома, бо дакументы ў архівах не захаваліся. Вядома[3], што ён пайшоў у першы клас школы № 1 г. Лунінца ў 1948 годзе. 28 лютага 1954 года атрымаў камсамольскі білет (аднак у асабовым лістку па ўліку кадраў, які запаўняўся ў студзені 1987 года на Мінскім заводзе шасцерань, у графе «Партыйнасць» указана «б/парт.»). У 1958 годзе скончыў школу і паступіў на першы курс Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў, адкуль быў адлічаны ў сакавіку 1960 года (прычыну высветліць не атрымалася). Некаторы час працаваў на цаліне. У лістападзе 1960 года, пасля сканчэння ўборачнага сезона, вярнуўся ў г. Лунінец, адкуль Лунінецкім раённым аддзелам культуры быў накіраваны ў Гродзенскую школу кінамеханікаў. Спыніў навучанне ў сувязі з тым, што быў прызваны ў рады Савецкай арміі (служыў з 1961 па 1963 год у Мурманскай вобласці, воінскае званне па заканчэнні службы — старшы лейтэнант запасу).

Менавіта ў арміі А. А. Паўлюкавец знаёміцца з мовай эсперанта. У жніўні 1963 года, атрымаўшы добрую характарыстыку з боку камандавання, зноў паступае на першы курс Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў (факультэт французскай мовы). У жніўні 1966 года ўдзельнічаў у Першым кангрэсе студэнтаў-эсперантыстаў у Балгарыі. Некалькі гадоў быў старшынёй студэнцкага клуба эсперантыстаў. Пазней атрымаў пасаду сакратара Міжнароднага саюза студэнтаў-эсперантыстаў. У чэрвені 1968 года паспяхова скончыў інстытут, атрымаўшы спецыяльнасць настаўніка французскай і англійскай моў сярэдняй школы.

Пасля сканчэння вышэйшай навучальнай установы працаваў[4] настаўнікам французскай мовы Слабадской сярэдняй школы (в. Слабада Смалявіцкага раёна, 1968—1976), настаўнікам англійскай і нямецкай мовы Варанёўскай сярэдняй школы (в. Варані Столінскага раёна, 1976—1977), перакладчыкам на Лунінецкім заводзе электрарухавікоў (1978), настаўнікам замежнай мовы Азярніцкай васьмігадовай школы (в. Азярніца Лунінецкага раёна, 1978—1981), дыспетчарам Мінскага гарадскога ўпраўлення аўтобуснага транспарту, 1-ы аўтобусны парк (1981—1984), паштальёнам па дастаўцы тэлеграм (г. Мінск, 1984), прыёмаздатчыкам Мінскага завода безалкагольных напіткаў (1985), загадчыкам склада экспедыцыйнага атрада ЦС АСВОД БССР (г. Мінск, 1985), прыёмаздатчыкам Мінгараб'яднання малочнай прамысловасці, малочны завод № 3 (г. Мінск, 1986), настаўнікам французскай мовы Дабрэнеўскай васьмігадовай школы (в. Дабрэнева Лагойскага раёна, 1986). З 1987 па 1990 год працаваў на Мінскім заводзе шасцерань.

Асабістае жыццё А. А. Паўлюкаўца склалася няўдала. У канцы 1970-х гадоў ён пазнаёміўся ў бібліятэцы са сваёй будучай жонкай — Ганнай. Агульных захапленняў у іх не было. Жонка да канца жыцця не падзяляла нацыяналістычных поглядаў мужа наконт Беларусі, не падтрымлівала ягонае захапленне эсперанта. Па ўспамінах сяброў, яны жылі яны як чужыя людзі. Дзяцей пасля сябе не пакінулі. Вядома, што жонка была ўдзельніцай адной з рэлігійных сект, да якой неўзабаве далучыўся і муж. У яго асабовай картцы з Мінскага завода шасцерань у графе «Сямейнае становішча» алоўкам напісана «разведзены», у той час як на момант запаўнення асабовага лістка па ўліку кадраў на тым жа прадпрыемстве (студзень 1987 года) указана «халасты». З гэтага вынікае, што ў шлюбе пара пражыла толькі некалькі гадоў.

Апошнія гады свайго жыцця А. А. Паўлюкавец прысвяціў выкладанню эсперанта ў мінскіх гуртках (усе заняткі былі бясплатныя), самастойна выдаваў машынапісны часопіс «Эсперантыст Беларусі» (з 15 мая па 25 снежня 1988 года выйшла 14 нумароў), падрыхтаваў і выдаў беларускамоўны падручнік «Мова эсперанта» (1992), пісаў вершы, у тым ліку на эсперанта, падтрымліваў сувязь з разнастайнымі арганізацыямі, звязанымі з гэтай мовай. Сродкі на жыццё атрымліваў дзякуючы перакладам для рэлігійных арганізацый.

Памёр 30 кастрычніка 1994 года ў Мінску пры малавядомых абставінах. Пахаваны на Міханавіцкіх могілках (участак 22, рад 2, месца 2). Помнік быў усталяваны ў 2002 годзе, агароджа — у 2012-м[5] дзякуючы сродкам, якія змаглі сабраць эсперантысты з Беларусі. Месца пахавання даглядае эсперантыстка Яўгенія Якаўлеўна Пячкова, якая была блізкім сябрам А. А. Паўлюкаўца.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. http://krytyka.by/by/page/reviews/litaratura-ahliady/6647(недаступная спасылка)
  2. Звесткі пра бацькоў А. А. Паўлюкаўца ўзяты з прыхадской кнігі Лунінецкага прыхода І акругі благачынія Лунінецкага павета Палескай епархіі.
  3. Біяграфічныя звесткі пра А. А. Паўлюкаўца, датычныя школьных і студэнцкіх гадоў, а таксама службы ў арміі, узяты з асабовай справы, якая захоўваецца ў архіве Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.
  4. Звесткі пра месцы працы А. А. Паўлюкаўца ўзяты з асабовай справы, якая захоўваецца ў архіве Мінскага завода шасцерань.
  5. https://by-esperanto.livejournal.com/27264.html

Літаратура правіць