Гісторыя эсперанта

Гісторыя эсперанта — гісторыя развіцця штучнай мовы, распрацаванай у 1870—1880 гадах Лазарам Людвігам Заменгофам і ўпершыню апублікаванай у 1887 годзе. Колькасць гаворачых павялічвалася паступова, але мова не мела вялікай падтрымкі з боку улад ці міжнародных арганізацый, а падчас і наогул была забаронена.

Развіццё мовы да публікацыі правіць

Гісторыя эсперанта з моманту апублікавання да першага кангрэса правіць

 
«Першая кніга», рускае выданне

Спачатку эсперанта-рух існаваў у асноўным у Расійскай імперыі і Усходняй Еўропе, але хутка распаўсюдзіўся ў Заходнюю Еўропу і за яе межы: у Аргентыну ў 1889 годзе; у Канаду ў 1901 годзе; у Алжыр, Чылі, Японію, Мексіку і Перу ў 1903; у Туніс у 1904; у Аўстралію, ЗША, Гвінею, Індакітай, Новую Зеландыю, Танкін і Уругвай у 1905 годзе.

У першыя гады існавання мова ўжывалася ў асноўным для публікацый Заменгофа і яго паслядоўнікаў, такіх як Антоні Грабоўскі, у шырокай перапісцы (цяпер амаль страчанай), а таксама ў часопісе «La Esperantisto», які выдаваўся на працягу 1889—1895 гадоў, і толькі зрэдку падчас асабістых сустрэч.

У 1894 годзе пад націскам Вільгельма Трампетэра, выдаўца часопіса «La Esperantisto», і некаторых іншых вядучых эсперантыстаў, Заменгоф неахвотна прапанаваў радыкальную рэформу на галасаванне чытачоў. Ён прапанаваў скарачэнне алфавіта да 22 літар (за кошт ліквідацыі акцэнтаваных літар, і большасці іх гукаў), змены канчатка множнага ліка на -i, ужыванне пазіцыйнага вінавальнага склону замест канчатка -n, ліквідацыі розніцы паміж прыметнікамі і прыслоўямі, скарачэнне колькасці формаў дзеепрыметніка з шасці да дзвюх, і замены табліцы карэлятаў больш лацінскімі словамі ці фразамі. Гэтыя рэформы былі адхілены большасцю эсперантыстаў, але некаторыя былі падхоплены падчас наступных рэформаў (такіх як Іда і крытыкамі мовы). У наступныя дзесяцігоддзі эсперанта распаўсюджваецца ў Заходняй Еўропе, галоўным чынам у Францыі. Да 1905 года выдавалася 27 эсперантамоўных журналаў[1].

У 1904 годзе адбылася малая міжнародная канферэнцыя, якая прывяла да Першага сусветнага кангрэса ў жніўні 1905 года ў горадзе Булонь-сюр-Мэр (Францыя). На кангрэс прыехалі 688 удзельнікаў 20 нацыянальнасцей. Падчас гэтага з’езду Заменгоф афіцыйна падаў у адстаўку з кіраўніцтва эсперанта-руха, паколькі ён не жадаў, каб асабістыя прадузятасці (антысемітызм) аб ім шкодзілі развіццю мовы. Ён прапанаваў дэкларацыю фундаментальных прынцыпаў эсперанта-руху, якая была адобрана удзельнікамі кангрэса.

Гісторыя эсперанта пачынаючы з першага кангрэса правіць

 
Старонка савецкага календара з перакладам назвы месяца на эсперанта (oktobro)
 
Канферэнцыя ў Лакарна, 1926

Сусветныя кангрэсы адбываюцца штогод, пачынаючы з 1905 года, Выключэннем з’яўляліся перыяды дзвюх сусветных войнаў.

У маленькай дзяржаве Морэснэт, якая знаходзілася паміж Бельгіяй і Германіяй існавала значная колькасць эсперантамоўных асоб сярод невялікага і шматмоўнага насельніцтва. Былі прапановы зрабіць эсперанта афіцыйнай мовай.

1920-я гады многімі гісторыкамі ацэньваюцца як перыяд росквіту эсперанта-руху. У пачатку дзесяцігоддзя былі прапановы прыняць эсперанта ў якасці рабочай мовы Лігі Нацый. Падчас Асамблеі Лігі Нацый у 1920 годзе гэта прапанова была пастаўлена на галасаванне. Дзесяць дэлегатаў падтрымалі гэту прапанову, але французскі дэлегат прагаласаваў супраць. Яму не падабалася, што французская мова страчвае свае пазіцыі ў якасці міжнароднай і ён таксама бачыў у эсперанта пагрозу. Але, праз два гады Ліга Нацый прапанавала дзяржавам-членам уключыць эсперанта ў свае вучэбныя планы.

У 1921 годзе на 3-ім Усерасійскім з’ездзе эсперантыстаў у Петраградзе быў заснаваны Саюз эсперантыстаў савецкіх рэспублік (эспер.: Sovetlanda Esperantista Unuiĝo). У 1927 годзе ён быў перайменаваны ў Саюз эсперантыстаў савецкіх рэспублік (СЭСР). Генеральным Сакратаром СЭСР з 1921 па 1936 гады быў Э. К. Дрэзен.

У СССР эсперанта актыўна распаўсюджваўся ў 1920-я гады па прапанове Троцкага[2]; ён шырока вывучаўся як «мова сусветнай рэвалюцыі». Эсперанта актыўна выкарыстоўваўся ў сетцы «рабкораў» (рабочых карэспандэнтаў); на ёй вялося радыёвяшчанне (у тым ліку і ўнутранае). У той час нават надпісы на паштовых канвертах дубляваліся на рускай мове і эсперанта[3].

Але з сярэдзіны 1930-ых гадоў носьбіты эсперанта ў СССР падвяргаліся рэпрэсіям як «трацкісты», «шпіёны» і «тэрарысты»[4]. Нехта з актывістаў эсперантысцкага руха быў расстраляны, іншыя адышлі ад актыўнай дзейнасці.

Як і ў СССР, у нацысцкай Германіі з сярэдзіны 1930-ых гадоў нацыянальныя эсперанта-арганізацыі былі распушчаны, а шмат хто з удзельнікаў эсперанта-руху фізічна знішчаны. Гітлер пісаў у «Майн кампф», што эсперанта была створана як універсальная мова для таго, каб аб’яднаць яўрэйскія дыяспары. Стварэнне Свабоднай ад яўрэяў Нацыянальнай Германскай эсперанта-лігі было недастатковым, каб уміратварыць нацыстаў. Вывучэнне эсперанта было забаронена ў нямецкіх лагерах для ваеннапалонных падчас Другой сусветнай вайны. Эсперантысты часам абыходзілі гэтую забарону, пераконваючы ахову, што яны вучаць італьянскую мову — мову саюзнікаў Германіі. З іншага боку фашысцкая Італія прыкладала вялікія намаганні для развіцця турызму праз лістоўкі на эсперанта і высока ацэньвала падабенства італьянскай мовы і эсперанта.

У салазарскай Партугаліі эсперанта пераследваўся з 1936 года да рэвалюцыі гваздзік у 1974 годзе. Пасля грамадзянскай вайны ў Іспаніі франкісцкі рэжым пераследаваў анархістаў і каталонскіх нацыяналістаў, сярод якіх было распаўсюджана эсперанта, але ў 1950 гадах эсперанта-рух дазваляе[5] Франсіска Франка стаць ганаровым патронам Сусветнага кангрэса эсперанта ў Мадрыдзе.

Падчас халоднай вайны, асабліва ў 1950-ыя і 1960-ыя гады эсперанта рух быў збіты з панталыку, і меліся перасцярогі з абодвух бакоў пра тое, што эсперанта можа ўжывацца дла варожай прапаганды. Але ў 1970 гады мова перажыла адраджэнне, і распаўсюдзілася ў новыя рэгіёны свету, такія як Іран, дзе стала вельмі папулярнай. Да 1991 года стала дастаткова афрыканскіх эсперантыстаў для правядзення Панафрыканскага кангрэса.

Мова прадаўжае распаўсюджвацца, хаць афіцыйна не прызнана ніводнай краінай, і з’яўляецца часткай дзяржаўных адукацыйных праграм толькі некаторых дзяржаў.

Гісторыя эсперанта у Беларусі правіць

Адным з першых эсперантыстаў у Беларусі быў даследчык прыроды Уладзіслаў Дыбоўскі. Ён, разам з братам Бенядзіктам, сабраў вялікую, на той час бібліятэку выданняў на эсперанта. Эсперанта вывучылі ў той час Янка Маўр (1904 год), Цішка Гартны (1905—1906 гады). Эсперантысты былі ў Холмечы, каля Рэчыцы, Віцебску, Вільні.

Пасля рэвалюцыі эсперантысцкі рух ажывіўся. Эсперантысты не толькі прапагандуюць мову, але і пачынаюць яе выкладаць на курсах і ў гуртках.

У чэрвені 1921 года у Петраградзе адбыўся III Усерасійскі з’езд эсперантыстаў, які адначасова быў аб’яўлены I З’ездам Саюза эсперантыстаў савецкіх краін (СЭСК) (пасля перайменаваны ў Саюз Эсперантыстаў Саецкіх Рэспублік — СЭСР). У ЦК СЭСК быў абраны эсперантыст з Віцебска Б. Шабер. У 1924 у Мінску была створана Цэнтральнае Бюро Беларускай Арганізацыі СЭСР. Ужо да I Усебеларускай канферэнцыі СЭСР, якая адбылася 28-29. 05.1925 у Мінску, у БССР налічвалася 37 эсперантысцкіх гурткоў: у Мінску, Віцебску, Рэчыцы, Слуцку, Талочыне, Жлобіне, Смілавічах і інш.

У 1924 Цэнтральнае бюро Беларускай Арганізацыі СЭСР пачынае выпускаць «Інфармацыйныя лісты», што паспрыяла аб’яднанню эсперантыстаў у цэластную арганізацыю за максімальна кароткі тэрмін.

Мінская радыёстанцыя пачала выпускаць у лютым 1926 года урокі міжнароднай мовы (45 хвілін па панядзелках), і раз у месяц эсперантамоўныя перадачы па пісьмах эсперантысцкіх карэспандэнтаў. Курсы эсперанта на радыё вёў Янка Маўр. Колькасць перадач на эсперанта з цягам часу павялічылася да 10 у месяц у 1935 годзе. Пра гэтыя перадачы згадвае Кандрат Крапіва у адным са сваіх апавяданняў.

Зм. Снежка склаў беларуска-эсперанцкі і эсперанта-беларускі слоўнікі, падручнік эсперанта на беларускай мове, пераклаў п’есу «Гута» Р. Кобеца на эсперанта, але выдаць гэтыя кнігі не паспелі. Іх далейшы лёс невядомы.

На эсперанта перакладаліся творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, П. Галавача, Цішкі Гартнага.

Падчас рэпрэсій у 1936 годзе шмат хто з актывістаў эсперанта-руху быў арыштаваны, вярнуліся на радзіму адзінкі.

У заходняй Беларусі беларускі рух эсперантыстаў развіваецца ў цеснай сувязі з Польскім Саюзам эсперантыстаў, але адчуваўся уплыў беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацый. У Заходняй Беларусі да эсперанта далучыліся Максім Танк і Сяргей Новік-Пяюн.

Існавалі суполкі эсперантыстаў у Беластоку, Брэсце, Баранавічах, Пінску і іншых гарадах. Нярэдка можна было сустрэць эсперантыстаў і ў заходнебеларускіх вёсках.

Адраджэнне эсперантысцкага руху на Беларусі адбылося ў 1957 годзе, калі была заснаваны Саюз Эсперантыстаў Беларусі (СЭБ).

У студзіне 1958 года Цэнтральнае Бюро СЭБ накіравала ў Савет Міністраў БССР пісьмо, з просьбай аб рэгістрацыі саюза і тлумачальнай запіскай. Адтуль пісьмо было накіравана ў ЦК КПБ. Адказу беларускія эсперантысты не дачакаліся. Існавалі эсперантысцкія гурткі ў розных гарадах Беларусі.

У гады перабудовы была заснавана Асацыяцыя эсперантыстаў Рэспублікі Беларусь (AERoBo), праўленне размяшчалася ў Гродна, але ў сярэдзіне 1990-ых гадоў яна не прайшла перарэгістрацыю ў Мінюсце[6].

У 1992 годзе ў Мінску выйшаў з друку падручнік «Мова эсперанта». Яго напісаў Адам Паўлюкавец, які выдаваў таксама машынапісны часопіс «Эсперантыст Беларусі», пісаў і перакладаў на эсперанта вершы.

Эвалюцыя мовы правіць

Дыялекты, праекты рэформ і вытворныя мовы правіць

Эсперанта, у адрозненне ад нацыянальных моў, не распаўся на рэгіянальныя дыялекты. Верагодна, гэта звязана з тым, што эсперанта для паўсядзённых зносін выкарыстоўвае малая колькасць людзей. Але, прынамсі, тры іншых фактару шкодзяць узнікненню дыялектаў: цэнтраімклівая сіла Fundamento, уплыў Plena vortaro і яго пераемнікаў, якія аб’ядноўваюць, а таксама транснацыянальныя амбіцыі эсперанта-таварыства. Слэнг і жаргон эсперантыстаў у пэўнай ступені існуюць, але іх імкнуцца пазбягаць, паколькі яны шкодзяць універсальным зносінам.

Але ў пачатку XX стагоддзя былі прапанаваны шматлікія рэформы. Амаль усе яны былі мертванароджанымі, але першы, Іда, дасягнуў значнага поспеху на працягу некалькіх гадоў. Іда быў прапанаваны ў Парыжы ў кастрычніку 1907 года Дэлегацыяй па прыняццю міжнароднай дапаможнай мовы. Асноўныя рэформы закранулі алфавіт, семантыку, набліжэнне некаторых асаблівасцяў да раманскіх моў, выдаленне дапасавання прыметнікаў, а таксама неабавязковае выкарыстанне вінавальнага склону. Першапачаткова шмат хто з вядучых эсперантыстаў падтрымалі праект Іда, але потым развіццё праекта замарудзілася і спынілася ў сувязі са смерцю аднаго са стваральнікаў Іда і наступнымі рэформамі мовы. Цяперашняя колькасць людзей, якія размаўляюць на Іда ацэньваецца ў 250—5000 чалавек. Але гэтая мова была багатай крыніцай для слоўніка эсперанта.

Іншыя, больш мэтанакіраваныя праекты рэформаў, закранаюць толькі асаблівасці мовы, і атрымалі нязначную колькасць прыхільнікаў. Адным з такіх праектаў з’яўляецца «riism», які змяняе мову на менш сэксісцкую і дадае ў яе гендэрна-нейтральныя займеннікі. Але большасць з гэтых праектаў з’яўляюцца спецыфічнымі для асобных нацыянальнасцяў (напрыклад «riism» для англамоўных).

Эсперанта прыпісваюць уплыў і натхненне на стварэнне больш позніх штучных моў, такіх як акцыдэнталь (1922) і навіяль (1928), але яны заўсёды адставалі ад эсперанта па папулярнасці.

Зноскі

  1. Auld, William/ La Fenomeno Esperanto. Rotterdam: UEA, 1988
  2. Н. Б. Мечковская. Социальная лингвистика. Искусственные языки-посредники и интерлингвистика(недаступная спасылка)
  3. Эсперанто на почтовых открытках и марках СССР, конец 1920-х гг(недаступная спасылка)
  4. «Как это было?»
  5. La utilización del esperanto durante la Guerra civil Española, Toño del Barrio і Ulrich Lins. Даклад для Інтэрнацыянальнага Кангрэса па Грамадзянскай вайне ў Іспаніі (Мадрыд, 27-29 лістапада 2006)
  6. Как буква «ў» попала в алфавит эсперанто(недаступная спасылка)

Назва раздзела правіць

Літаратура правіць