Адміністрацыйны падзел Эстоніі
Эстонія дзеліцца на 15 паветаў (эст.: maakond — мааконд), іх узначальваюць старэйшыны (эст.: maavanem), прызначаныя ўрадам. Паветы ў сваю чаргу падзяляюцца на муніцыпалітэты двух тыпаў: гарады (эст.: linn) і воласці (эст.: vald).
Ёсць таксама тып муніцыпальнага ўтварэння пасялковая воласць (эст.: alevvald), у склад якой уваходзіць і ўтварае яе тэрыторыю толькі адзін пасёлак. У Эстоніі шэсць пасялковых воласцяў: Аэгвійду, Ярвакандзі, Кохтла-Ныме, Лавассаарэ, Тоатсі і Вяндра.
Станам на 2010 год у Эстоніі 227 муніцыпалітэтаў, іх узначальваюць валасныя старэйшыны (эст.: vallavanem) або мэры гарадоў (эст.: linnapea). Талін дзеліцца на ўнутрыгарадскія адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі — часткі горада (эст.: linnaosa). Управу часткі горада ўзначальвае старэйшына часткі горада (эст.: linnaosavanem).
Спіс паветаў Эстоніі
правіць
Беларуская назва | Эстонская назва | Насельніцтва (2006), тыс. жых. |
Тэрыторыя, тыс. км² |
Шчыльнасць, чал./км² |
Цэнтр |
---|---|---|---|---|---|
Валга | Valga maakond | 34,7 | 2,044 | 17,0 | Валга |
Вільяндзі | Viljandi maakond | 56,4 | 3,422 | 16,5 | Вільяндзі |
Выру | Võru maakond | 38,5 | 2,305 | 16,7 | Выру |
Іда-Віру | Ida-Viru maakond | 172,8 | 3,364 | 51,4 | Йыхві |
Йыгева | Jõgeva maakond | 37,3 | 2,604 | 14,3 | Йыгева |
Ляэнэ-Віру | Lääne-Viru maakond | 66,2 | 3,465 | 19,1 | Ракверэ |
Ляэнэ | Lääne maakond | 27,9 | 2,383 | 11,7 | Хаапсалу |
Пылва | Põlva maakond | 31,5 | 2,165 | 14,5 | Пылва |
Пярну | Pärnu maakond | 89,0 | 4,807 | 18,5 | Пярну |
Рапла | Rapla maakond | 36,9 | 2,980 | 12,4 | Рапла |
Саарэ | Saare maakond | 35,1 | 2,922 | 12,0 | Курэссаарэ |
Тарту | Tartu maakond | 149,0 | 2,993 | 49,8 | Тарту |
Хар’ю | Harju maakond | 521,3 | 4,333 | 120,3 | Талін |
Хійу | Hiiu maakond | 10,2 | 1,023 | 10,0 | Кярдла |
Ярва | Järva maakond | 38,0 | 2,623 | 14,5 | Пайдэ |
Гісторыя
правіцьУ XIII стагоддзі эстонскія землі дзяліліся на 8 маакондаў: Вірумаа, Ляэнемаа, Равала, Саарэмаа, Сака, Уганда, Хар’юмаа, Ярвамаа.
Пасля ўваходжання ў склад СССР Эстонія ў 1947 годзе была падзелена на раёны (эст.: rajoon), а ў 1953 годзе быў праведзены эксперымент па падзеле Эстоніі на вобласці. Іх было створана тры:
- Пярнуская
- Талінская
- Тартуская
Аднак у тым жа 1953 годзе яны скасаваны. У 1987 годзе ў Эстоніі было 15 раёнаў і 6 гарадоў рэспубліканскага падпарадкавання. Гэтая сістэма адміністрацыйнага дзялення захавалася і пасля аднаўлення незалежнасці — раёны сталі называцца паветамі (маакондамі), а некаторыя змянілі назвы, але іх колькасць не змянілася. Гарады рэспубліканскага падпарадкавання, у тым ліку і Талін, былі ўключаныя ў склад паветаў.