Акраверш
Акраве́рш — разлічаны на зрокавае ўспрыманне верш, у якім пачатковыя літары вершаваных радкоў, прачытаныя зверху ўніз, утвараюць якое-небудзь слова: прозвішча або імя паэта ці таго, каму верш адрасуецца, нейкае прызнанне, пажаданне, адказ на пастаўленае пытанне і г. д. Акравершы ёсць у М. Багдановіча, У. Дубоўкі, А. Салаўя, Р. Барадуліна, Н. Гілевіча і некаторых іншых беларускіх паэтаў. Часам у паэзіі сустракаюцца тэлевершы, у якіх пэўнае слова ці выраз утвараюць апошнія літары вершаваных радкоў. У мезавершах слова ці выраз шыфруюцца ў сярэдзіне вершаваных радкоў і складаюцца ці з асобных літар, што чытаюцца па вертыкалі, ці з асобных частак суседніх словаў або аднаго слова. М. Багдановіч напісаў надзвычай арыгінальны, першы ва ўсходнеславянскай паэзіі «Чацвярны акраверш», што абядноўвае прыметы акраверша, тэлеверша і мезаверша:
- Ах, как умеете Вы, Анна,
- Не замечать, что я влюблен.
- Но все же шлю я Вам не стон,
- А возглас радостный: осанна!
Прынцыпы акраверша ўпершыню ў беларускай і ўсёй усходнеславянскай літаратуры выкарыстаў Ф. Скарына, зашыфраваўшы ў тэкстах «Малой падарожнай кніжыцы» (Вільня, 1522) сваё аўтарства: «Делал доктор Скоринич Францискоус».
ЛітаратураПравіць
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.