Алег Груздзіловіч
Алег Груздзіловіч (нар. 1958, Маладзечна) — беларускі журналіст.
Алег Груздзіловіч | |
---|---|
Род дзейнасці | журналіст |
Дата нараджэння | 16 снежня 1958 (64 гады) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Месца працы | |
Альма-матар |
Біяграфічныя звесткіПравіць
Нарадзіўся ў Маладзечне, вучыўся ў Брэсце, скончыў Белдзяржуніверсітэт, жыве ў Мінску.
У журналістыцы з 1980 года. У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газеты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загаду ЦК КПБ пра перадрукоўку антыперабудовачнага артыкулу з расійскай прэсы «Не могу поступиться принципами». У 1995 годзе звольніўся з дзяржаўнай «Народнай газеты» пасля таго, як быў зняты ягоны рэпартаж пра збіццё дэпутатаў у будынку Вярхоўнага Савета Беларусі.
На Радыё Свабода з 1995 года. Асвятляе тэмы палітвязняў, зніклых дзеячаў апазіцыі, вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцый пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш. Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро» (2013). У маі 2013 года Алегу Груздзіловічу вынесена папярэджанне, падпісанае першым намеснікам пракурора Мінска Раманоўскім. Яно тычыцца артыкула і кнігі «Хто ўзарваў мінскае метро?». У папярэджанні гаварылася, што журналіст «ажыццявіў акцыю па пранікненні на станцыю метро „Фрунзенская“ з металічнымі прадметамі ў сумцы, якая нагадвае выкарыстаную арганізатарамі тэракту ў мінскім метрапалітэне»[1].
Летам 2020 года актыўна асвятляў грамадска-палітычныя падзеі ў Беларусі, вёў папулярныя тады стрымы Радыё Свабода. У жніўні 2020 года быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС разам з большасцю журналістаў замежных СМІ. У лістападзе быў затрыманы на акцыі пратэсту, якую асвятляў як журналіст, і пакараны арыштам на 15 сутак. Падчас адбыцця сутак у Баранавічах цяжка захварэў на каранавірус.
Быў затрыманы 16 ліпеня 2021 года. У рэдакцыі Свабоды тады правялі ператрус, офіс апячаталі. Праз дзесяць дзён яго выпусцілі. За час гэтага першага арышту ніякіх допытаў у яго не было. Тры дні Алег галадаў за кратамі на знак пратэсту супраць затрымання і салідарнасці з Інесай Студзінскай, якая галадала 9 дзён з патрабаваннем дапусціць да яе адваката[2].
Другі раз затрыманы 23 снежня 2021 года. Яму замянілі меру стрымання з абавязання яўкі на ўтрыманне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Мінска. Следчыя выставілі абвінавачанне паводле артыкулу 342 Крымінальгага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Яму ставілі ў віну ўдзел у несанкцыянаванай акцыі без акрэдытацыі МЗС Беларусі як карэспандэнта замежнага СМІ. Віны за сабой не прызнаў, заявіў, што на той момант быў няштатным супрацоўнікам газеты «Народная Воля»[3].
Алега Груздзіловіча трымалі ў СІЗА № 1 у Мінску. Затым яго асудзілі на паўтара года зняволення і перавялі ў калонію ў Магілёве. Вызваліўся з калоніі ў верасні 2022 года.
Выбраная бібліяграфіяПравіць
- Хто ўзарваў менскае мэтро? (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012. 354 с.: іл ISBN 978-0-929849-60-7
Прэміі і ўзнагародыПравіць
Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».
Сям’яПравіць
Жанаты, мае трох сыноў, трох унучак і ўнука. Жонка Мар’яна была ўвосень 2020 года звольнена з БДУ з палітычных матываў. Алег мае лецішча пад Мінскам, дзе збірае розныя рарытэты і ахвотна вырошчвае кветкі. Яго хобі — мадэлі караблёў. Гэтая праца вымагае шмат цярплівасці.
Зноскі
- ↑ Пракуратура папярэдзіла Алега Груздзіловіча, Радыё Свабода, 8-05-2013
- ↑ Груздзіловіч, Дашчынскі, Студзінская — ветэраны Радыё Свабода на Акрэсціна, Радыё Свабода, 19 ліпеня 20121
- ↑ Журналісту Свабоды Алегу Груздзіловічу выставілі абвінавачанне, Радыё Свабода, 28-12-2021