Ганна ў хрышчэнні (каля 1310 — 26 мая 1339, Кракаў) — каралева польская (1333—1339).

Альдона
Каралева польская[d]
1333 — 1339
Папярэднік Ядвіга Калішская[d]
Пераемнік Адэльгейда Гесэнская[d]
Нараджэнне каля 1309
Смерць 26 мая 1339[1]
Месца пахавання
Род сям’я Гедзіміна[d] і Гедзімінавічы
Бацька Гедзімін
Маці Еўна
Муж Казімір III[2]
Дзеці Лізавета Казіміраўна[d] і Кунігунда Казіміраўна[d][3]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свецкае імя Альдона вядома толькі з 2-й паловы XVI ст. ад Мацея Стрыйкоўскага[4] і ўкаранілася ў гістарыяграфіі праз працу Освальда Бальцара па генеалогіі Пястаў[5]

Імя Альдона (ад пярвейшага *Алдона) балцка-літоўскага паходжання, з паралелямі ў яцвяжскім і прускім іменніку.

Аснова Ald- таксама ў прускіх двухасноўных імёнах Alde-gut, Alde-wisse[6].

Такая сама аснова ў назве не лакалізаванай яцвяжскай вёскі *Альдзікішкі, вядомай з апісання падзей 1254—1255 гадоў Іпацьеўскім летапісе і аднаўляецца з формы «Олыдикища»[7]. Крыніцай гэтага тапоніма мяркуюць антрапонім *Ald-ik-as (Альдзікас), яго аднаўляюць з прозвішчаў тыпу Oldyk, Aldik, зафіксаваных на «яцвяжскім» поўдні Літвы (у Пярлаі) у канцы XVII — пачатку XVIII ст.[8]

Таксама вядомыя сучасныя літоўскія прозвішчы Aldonas, Aldonis (Алдонас, Алдоніс), дзе аснова Ald- пашырана іменным пашыральнікам -on-.

Уключанасць у шэраг вельмі старых двухасноўных імёнаў (прускія Aldegut, Aldewisse) кажа і пра старажытнасць асновы Ald-, што мае сягаць часоў індаеўрапейскай даўніны, калі двухасноўныя імёны запачаткоўваліся[9].

Біяграфія

правіць

Дачка вялікага князя літоўскага Гедзіміна. У 1324/1325 годзе кароль польскі Уладзіслаў Лакетак заключыў з Гедзімінам мір і антыордэнскі саюз і, напэўна, для іх замацавання сватаў Альдону за свайго сына Казіміра[10]. Паводле Стывена Роўвела, гэты шлюб, то-бок польска-літоўскі саюз, для Уладзіслава Лакетка была настолькі важны, што ў 1322 годзе ён адмовіўся ад шлюбу Казіміра з Ютай (Бонай), дачкой Яна Люксембургскага[11]. Замест пасагу Гедзімін вызваліў польскіх палонных[10], паводле Стрыйкоўскага іх было 24 тысячы.

Умовы саюзу не вядомыя, праявіўся ён у асноўным сумесным паходам на Брандэнбург у 1326 годзе[12]. Магчыма, праявай саюзу быў і напад Уладзіслава на занятую немцамі Хелмінскую зямлю падчас паходу Ордэна на Жамойць у 1329 годзе[13] Аднак у 1330 годзе Уладзіслаў адмовіўся ад саюзу і ў 1331 годзе літоўцы ўжо ваявалі Польшчу, пазней польска-літоўскія адносіны складаліся па рознаму[13]. На думку Ігнаса Янінаса, нягледзячы на скасаванне саюзу, за жыццём Ганны польска-літоўскія адносіны былі безканфліктныя[14]. Таксама, магчыма, дынастычная сувязь з літоўскай дынастыяй, якая панавала з XIII ст. дадавала легітымнасці Уладзіславу Лакетку, які замяніў на польскім стальцы дынастыю Пшэмыслававічаў і быў каранаваны толькі ў 1320 годзе[15].

Казіміру было 15 гадоў і, напэўна, Альдона была таго ж узросту. Па прыбыцці ў Польшчу яе ахрысцілі, гэта адбылося 30 красавіка (паводле Rocznika Traskiego, што не знайшло падтрымкі ў гістарыяграфіі[16]) або 28 чэрвеня 1325 года (паводле Яна Длугаша[17]). Шлюб адбыўся 16.10.1325 года ў Кракаве.

Паводле Длугаша, Ганна вызначалася высокімі маральнымі якасцямі, міласэрнасцю, любіла конную язду, танцы, розныя забавы і музыку, усюды яе суправаджалі музыканты. Аднак, адзначае Длугаш, Ганна не здолела кінуць «дзікіх і грубых звычак». Забавы нявесткі абуралі прыхільніцу аскезы каралеву Ядвігу, адносіны са свякроўю складваліся наогул блага[13]. Тым часам Казімір быў вядомы рамантычнымі прыгодамі. Праўдападобна, пэўны час Ганна жыла ў Познані, калі Казімір быў вялікапольскім намеснікам. Невядома, дзе знаходзілася Ганна падчас ваенных паходаў мужа і што рабіла падчас яго цяжкай хваробы, калі Казімір быў пад наглядам маці. Вядома аднак, што ніякіх палітычных амбіцый Ганна не мела. Праз месяц па смерці Уладзіслава Лакетка, 25 кастрычніка 1333 года Ганна, нягледзячы на пярэчанне свякрові, разам з Казімірам была каранавана ў Вавелі[18]. Удава Лакетка сваю нязгоду тым, што ў Польшчы ўжо ёсць каралева і, пакуль яна жывая, другой быць не можа[13].

Каралева Ганна заставалася ў ценю, відаць, яе пазіцыі аслабляла і тое, што не нарадзіла спадкаемца стальца. Не шмат знайшлося наданняў Казіміра з просьбы Ганны, у параўнанні з наданнямі Уладзіслава і Казіміра з просьбы яе свякрові. Царква таксама не прызнавала за Альдонай усіх прывілеяў, абедзве каралевы мелі права ўдзельнічаць у імшы падчас інтэрдыктаў і наведваць кляштары, але Ганна не магла там сталавацца і начаваць, што дазвалялася Ядвізе. Мала вядома пра адносіны каралевы з мужам у гэты перыяд. Казімір не кінуў рамантычных прыгод, што прычынілася да асуджэння яго царквой, у 1338 годзе кракаўскі біскуп спыніў набажэнства, калі кароль увайшоў у касцёл. Нічога невядома пра кантакты Ганны з бацькам і сёстрамі — жонкамі плоцкага і галіцкага ўладароў.[13]

Памерла ў Кракаве, смерць Ганны была нечаканая і хуткая[13] і, паводле Длугаша, страшная. Пахавана ў Вавельскім кафедральным саборы.

Нарадзіла дзвюх дачок — Лізавету (1326) і Кунігунду (1335).

Крыніцы

правіць
  1. Find a Grave — 1996. Праверана 29 жніўня 2019.
  2. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  3. Lundy D. R. The Peerage
  4. Gudavičius E. Aldona // Vytautas Spečiūnas. Lietuvos valdovai (XIII—XVIII a.): enciklopedinis žinynas. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas. pp. 40. ISBN 5-420-01535-8.
  5. Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. — Poznań; Wrocław, 1999. — S. 233—234.
  6. R. Trautmann. Die altpreußischen Personennamen. Göttingen, 1974. С. 11—12.
  7. K. Būga. Rinktiniai raštai. T.3. Vilnius, 1961. C. 146.
  8. А. П. Непокупный. Названия ятвяжских сел на -ища в галицкой части Ипатьевской летописи // Балто-славянские этноязыковые контакты. Москва, 1980. С. 172—177.
  9. T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11—13
  10. а б Jonynas I. Aldona // Lietuviškoji enciklopedija / Vaclovas Biržiška. — Kaunas: Spaudos Fondas, 1933. — T. I. — pp. 208—211.
  11. Rowell S. C. Pious Princesses or Daughters of Belial: Pagan Lithuanian Dynastic Diplomacy, 1279—1423 // Medieval Prosopography, 15 (1): 47. 1994. — pp. 232.
  12. Rowell S. C. Pious Princesses or Daughters of Belial: Pagan Lithuanian Dynastic Diplomacy, 1279—1423 // Medieval Prosopography, 15 (1): 47. 1994.
  13. а б в г д е Rudzki E. Polskie królowe. [T.] 1. …
  14. Jonynas I. Aldona // Lietuviškoji enciklopedija / Vaclovas Biržiška. — Kaunas: Spaudos Fondas, 1933. — T. I. — pp. 208—211.
  15. Rowell S. C. Lithuania Ascending: A Pagan Empire Within East-Central Europe, 1295—1345 // Cambridge Studies in Medieval Life and Thought: Fourth Series. Cambridge University Press, 1994. — pp. 87.
  16. Jasiński K. Rodowód Piastów małopolskich i kujawskich. — Poznań-Wrocław, 2001. — S. 167.
  17. Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. — Poznań-Wrocław, 1999. — S. 233.
  18. Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. — Poznań-Wrocław, 1999. — S. 234.

Літаратура

правіць
  • Gudavičius E. Aldona // Vytautas Spečiūnas. Lietuvos valdovai (XIII—XVIII a.): enciklopedinis žinynas. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas. pp. 40. ISBN 5-420-01535-8.
  • Rowell S. C. Lithuania Ascending: A Pagan Empire Within East-Central Europe, 1295—1345 // Cambridge Studies in Medieval Life and Thought: Fourth Series. Cambridge University Press, 1994. — pp. 87. — ISBN 9780521450119.
  • Rowell S. C. Pious Princesses or Daughters of Belial: Pagan Lithuanian Dynastic Diplomacy, 1279—1423 // Medieval Prosopography, 15 (1): 47. 1994. — ISSN 0198-9405.
  • Rudzki E. Polskie królowe. [T.] 1, Żony Piastów i Jagiellonów. — Warszawa: «Novum», 1985. — 301, [3] s.: faks., fot., portr.; 24 cm. Bibliogr. s. 297-[302].
  • Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. — Poznań-Wrocław: Wydawnictwo Historyczne, 1999. ISBN 83-913563-1-0 — s. 232—234.
  • Jasiński K. Rodowód Piastów małopolskich i kujawskich. — Poznań-Wrocław: Wydawnictwo Historyczne, 2001. ISBN 83-913563-5-3 — s. 167—168.
  • Jonynas I. Aldona // Lietuviškoji enciklopedija / Vaclovas Biržiška. — Kaunas: Spaudos Fondas, 1933. — T. I. — pp. 208-211.