Альфонс Марыя дэ Лігуоры

Святы Альфо́нс Мары́я дэ Лігуо́ры (лац.: Alphonsus Maria de Liguori; *27 верасня 1696, Марыянэлі — †1 жніўня 1787, Пагані) — каталіцкі біскуп, багаслоў, духоўны пісьменнік, заснавальнік Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля. Кананізаваны ў 1839 г., абвешчаны Настаўнікам Царквы і апекуном спаведнікоў і маралістаў.


Альфонс Марыя дэ Лігуоры
італ.: Alfonso Maria de' Liguori
Святы, Настаўнік Царквы, апякун спаведнікоў і маралістаў
Царква Каталіцкая Царква
Адукацыя
Навуковая ступень доктар абодвух правоў[d]
Дзейнасць кампазітар, каталіцкі святар, пісьменнік, паэт, адвакат, каталіцкі біскуп
Нараджэнне 27 верасня 1696(1696-09-27)
Марыянэлі
Смерць 1 жніўня 1787(1787-08-01) (90 гадоў)
Пагані
Пахаванне
Бацька Джузэпа Лігуоры
Маці Ганна Каваллеры
Прыняцце свяшчэннага сану 21.12.1726
Прыняцце манаства 9.05.1743
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся 27 верасня 1696 г. у мястэчку Марыянэлі недалёка ад Неапаля (Італія). Бацька Дон Джузэпэ быў камандорам каралеўскага флота. Маці Ганна Каваллеры. Адукацыю Альфонс атрымліваў дома. Быў членам араторыю св. Піліпа Неры.

23 студзеня 1713 г. атрымаў ступень доктара цывільнага і царкоўнага права, з 1714 г. пачаў працаваць адвакатам у Неапалі. Меў творчыя здольнасці: быў паэтам, музыкантам, архітэктарам і жывапісцам.

Прайграўшы з прычыны карумпаванасці суда адну справу і расчараваўшыся ў прававой сістэме ў 1723 г. вырашыў стаць святаром. Тры дні ён сядзеў, замкнуўшыся ў сваім пакоі. Увесь гэты час Альфонс нічога не еў, не звяртаў увагу нават на занепакоенасць маці. Нарэшце, выйшаўшы са свайго пакоя, Альфонс усклікнуў: "Свет! Цяпер я цябе пазнаў! Бывайце, суды! Больш вы мяне не ўбачыце!" Прыняўшы канчатковае рашэнне, Альфонс пайшоў у царкву Маці Божай Выкупу Нявольнікаў і склаў на алтар сваю шпагу - знак прыналежнасці да дваранства. Бацьку Альфонс сказаў: "Суды - пройдзены этап майго жыцця".

21 снежня 1726 г. быў высвечаны на святара, стаўшы адным з прыкладна дзесяці тысяч неапалітанскіх святароў. Як святар вырашыў прысвяціць сваё служэнне нізам неапальскага грамадства - людзям, якія апынуліся на ўзбочыне сацыяльнага і царкоўнага жыцця. Альфонс яшчэ ад сваіх юных гадоў выяўляў асаблівы клопат пра матэрыяльна і духоўна бедных людзей.

Ён быў членам некалькіх таварыстваў, якія займаліся такімі людзьмі. Адно з таварыстваў, да якога належаў Альфонс, ставіла сваёй мэтай падзяліцца верай з асуджанымі на смерць: члены таварыства не толькі наведвалі смяротнікаў ў зняволенні, але і суправаджалі іх да месца пакарання смерцю і арганізоўвалі пахаванне.

Як член брацтва Дактароў Альфонс займаўся хворымі ў шпіталі невылечных. Асаблівую ўвагу ён звяртаў на прадстаўнікоў нізоў грамадства - так званых "лазароні" - людзей вуліцы, якія жылі з жабрацтва. Для іх Альфонс арганізаваў "вячэрнія капліцы", якія ўвайшлі ў гісторыю як адно з вялікіх пастаральных пачынанняў XVIII стагоддзя. Альфонс таксама паступіў у Кітайскую калегію, якая рыхтавала місіянераў для Кітая.

Пасля некалькіх гадоў напружанай апостальскай працы Альфонс захварэў, і лекар загадаў яму адпачыць. У 1732 г. Альфонс разам з некалькімі сябрамі едзе адпачыць у Санта Марыя дэі Монці непадалёк ад Скалі, дзе жылі бедныя і грубыя людзі, далёкія ад цывілізацыі і Царквы. Альфонс здолеў ўсталяваць кантакт з некаторымі з іх і пачаў евангелізаваць.

У Скалі сястры Марыі Чалесце Крастарозе было адкрыццё, згодна з якім Альфонс павінен быў сабраць вакол сябе групу місіянераў, каб разам прапаведаваць Слова Божае. Яго духоўны кіраўнік раіў не звяртаць на гэта ўвагі і працягваць сваю звычайную працу, таму Альфонс разам з некалькімі таварышамі зноў адправіўся праводзіць місіі.

Па вяртанні ў Неапаль духоўны кіраўнік змяніў сваю думку, сказаўшы: "Гэта Божы знак!" Альфонс звяртаўся па параду і да іншых людзей, і ўсе яны ў адзін голас казалі: "Павінен ісці!" Таму, пакінуўшы Неапаль, Альфонс вырашыў правесці рэшту сваіх дзён сярод бедных пастухоў. Шмат сяброў і сваякоў выступалі супраць яго намеру. Аднак Альфонс не паддаўся на ўгаворы і ажыццявіў свой намер. 12 лістапада 1732 г. Альфонс кінуў усё і пайшоў за Божым заклікам. Верхам на асле, у суправаджэнні двух таварышаў ён пакінуў горад.

Прыбыўшы ў Скаля, Альфонс адразу пачаў рэкалекцыі, сустрэчы, малітвы і гутаркі. 9 лістапада 1732 г. была афіцыйна арганізавана новая місіянерская супольнасць - Кангрэгацыя Найсвяцейшага Адкупіцеля. На гербе Кангрэгацыі - тры гары, крыж, сімвалы Пакутаў Госпада, літары І і М (Ісус і Марыя), а ўнізе надпіс: "Copiosa apud Eum Redemptio" ("Шчодрае ў Яго адкупленне").

20 чэрвеня 1762 г. Альфонс стаў біскупам, яму было тады 66 гадоў. Хоць ён і спрабаваў адмовіцца ад біскупства, спасылаючыся на слабое здароўе, папскі нунцый быў непахітны: "Альфонс Лігуоры можа кіраваць дыяцэзіяй са свайго кабінета лепш за многіх маладых здаровых біскупаў". За 13 гадоў, што Альфонс быў біскупам дыяцэзіі св. Агаты Гоцкай, ён аднавіў семінарыю, арганізаваў місіі па ўсёй дыяцэзіі, правёў перападрыхтоўку святароў, звярнуў увагу на ўбогіх і заклікаў сваіх вернікаў стаць на іх абарону. 17 ліпеня 1775 г. Альфонс адмаўляецца ад біскупства па стану здароўя і вяртаецца ў дом Кангрэгацыі ў Пагані, дзе працягвае дзейнасць духоўнага настаўніка і пісьменніка. Апоўдні 1 жніўня 1787 г. Альфонс памёр у атачэнні сваіх субратоў. На момант яго смерці Кангрэгацыя Найсвяцейшага Адкупіцеля налічвала 183 члены.

Пасмяротнае ўшанаванне

правіць

Быў беатыфікаваны 15 верасня 1816 г., кананізаваны 26 мая 1831 г. Папам Рыгорам XVI, 23 сакавіка 1871 г. вызнаны Настаўнікам Царквы, а 26 красавіка 1950 г. абвешчаны апекуном спаведнікоў і маралістаў. 3 мая 1859 г. у яго гонар у Рыме асвечана царква, пры якой знаходзіцца генеральная ўправа Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў. 9 лютага 1949 г. у Рыме заснавана Альфансіянская Акадэмія.

Багаслоўская і літаратурная дзейнасць

правіць

Альфонс напісаў больш за 100 кніг. Альфонс пісаў пераважна кнігі для простых людзей. Для святароў Альфонс стварыў падручнік маральнага багаслоўя, дзе ўвёў новы падыход да маралі.

У кнізе "Слава Марыі" Альфонс распавядае пра дабрыню Божай Маці. Сярод яго вядомых кніг таксама "Практыка любові да Бога" і "Наведванне Святых Тайнаў". Шмат пісаў ён пра таямніцы ўцелаўлення, пакутаў і смерці Хрыста. Найбольш намаганняў ён засяродзіў на тэме евангелізацыі ўбогіх. Яго творы ў вялікай ступені фармавалі тагачаснае рэлігійнае мысленне. У сферы рэлігійнай літаратуры Альфонс лічыцца лепшым італьянскім аўтарам XVIII ст.

Зноскі

Спасылкі

правіць