Аляксандр Мікалаевіч Арлоў
Алякса́ндр Мікала́евіч Арло́ў (1908, Віцебск — 1942, нацысцкі канцлагер) — беларускі скульптар.
Аляксандр Мікалаевіч Арлоў | |
---|---|
Дата нараджэння | 1908 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1942 |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | скульптар |
Жанр | станковая скульптура[d] і манументальна-дэкаратыўная скульптура |
Вучоба | |
Уплыў | Міхаіл Аркадзевіч Керзін |
Член у | |
Узнагароды |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў 1908 годзе ў Віцебску. Скончыў у 1929 годзе Віцебскі мастацкі тэхнікум. Вучыўся ў М. Керзіна[1]. Дыпломная праца — «Качагар»[2]. Удзельнік мастацкіх выставак з 1928 года[1].
Член Віцебскага філіяла аб’яднання моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў 1928—1930 гадах. Член Беларускага саюза мастакоў з 1940 года[1].
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Арлоў знаходзіўся на фронце[2]. Загінуў у 1942 годзе ў фашысцкім канцлагеры[1].
Творчасць
правіцьАрлоў сфарміраваўся як спелы скульптар-прафесіянал у 1930-х гадах. Працы мастака прыцягвалі ўвагу актуальнай тэматыкай і высокім мастацкім узроўнем выканання[2].
Працаваў у станковай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры. Асноўныя творы: бюст М. Чарнышэўскага для інтэр’ера Дома ўрада, бюст М. Фрунзэ і рэльефы розных відаў зброі для Акруговага Дома афіцэраў, гарэльеф «Жыццё піянераў» для Палаца піянераў (усе ў Мінску), скульптурная трупа «Пагранічнік і калгасніца» для беларускага павільёна Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве. Стварыў скульптурную кампазіцыю «І. В. Сталін і Р. К. Арджанікідзе на Заходнім фронце»[1]. Большасці творчых работ Арлова ўласцівыя манументальнасць і рамантычнае ўзвышша[2].
«Пагранічнік і калгасніца» (не збераглася) — найбольш вядомая скульптура, якая адлюстроўвала трывожны момант на граніцы. Пагранічнік і калгасніца ў адзіным парыве пераследваюць парушальніка. Арлову ўдалося вырашыць складаную кампазіцыйную задачу, удала перададзена імклівы рух. Праца выглядала суцэльна, добра ўспрымалася з розных пунктаў позірку. Ідэя гэтага дынамічнага манументальнага твора — цесная сувязь арміі і народа ў справе абароны Радзімы[2].
Скульптуры Арлова экспанаваліся на выстаўках: «Юбілейнай мастацтва народаў БССР» (Масква, 1927), «Твораў маладых мастакоў Беларусі», прысвечанай ХХ-годдзю УЛКСМ і XXI гадавіне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі" (Мінск. 1938 г.), «Выяўленчага мастацтва Беларускай ССР» (Масква, 1940). "Конкурсных праектаў помніка «Вызваленне Заходняй Беларусі Чырвонай арміяй» (Мінск, 1940) і інш[2].
Узнагароды
правіцьБыў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР[2].
Зноскі
- ↑ а б в г д Арлоў Аляксандр Мікалаевіч // Беларускі саюз мастакоў, 1938—1998 = Belarussian union of artists, 1938—1998 : Энцыкл. давед. / Аўт.-склад.: Б. А. Крэпак і інш.. — Мн.: ВТАА «Кавалер Паблішерс», 1998. — 663 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-6427-09-6.
- ↑ а б в г д е ё ОРЛОВ, Александр. Artdic . artdic.ru. Праверана 13 кастрычніка 2024.
Літаратура
правіць- Арлоў Аляксандр Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 1996. — Т. 1. — С. 483.
- Арлоў Аляксандр Мікалаевіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. А. І. Мацяюн; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2003. — Кн. 2. — С. 523.