Аляксей Ігаравіч Санчук

Аляксей Ігаравіч Санчук (нар. 18 ліпеня 1990) — беларускі музыкант-аматар (барабаны), удзельнічаў у праекце Патрабуем разысціся, які граў на маршах і дваравых канцэртах у Мінску ў 2020 годзе. Палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Аляксей Ігаравіч Санчук
Род дзейнасці палітычны вязень
Дата нараджэння 18 ліпеня 1990(1990-07-18) (33 гады)
Грамадзянства
Альма-матар

Біяграфія правіць

Санчук скончыў Менскі архітэктурна-будаўнічы каледж. Да свайго арышту ў 2020 Аляксей займаўся зборкай мэблі. На акцыях пратэсту пазнаёміўся з іншымі музыкамі, разам з якімі стварылі праект «Патрабуем разысціся»: музыкі гралі на маршах пратэсту і ладзілі выступы ў дварах у Мінску ў 2020[1][2].

Сям’я правіць

Жанаты, мае непаўнагадовую дачку.

Палітычны пераслед правіць

Аляксей Санчук быў затрыманы 4 жніўня 2020 позна ўвечары з-за таго, што ён разам з Сяргеям Шчыценка расклейваў і распаўсюджваў агітацыйныя плакаты і ўлеткі. Тады мужчын затрымлівалі адразу на трох машынах міліціі, яны былі дастаўлены ў РАУС Савецкага раёна Мінска, дзе мужчын пакінулі на ноч у ізалятары да суда. У дадатак да гэтага, машыну Санчука тады эвакуавалі, бо ў ёй знайшлі ўлёткі на выбарчую тэматыку[3]. На наступны дзень, 5 жніўня ў судзе Савецкага раёна суддзя Вера Галаўкова прызначыла Санчуку 10 сутак арышту. Наступны раз Санчука адміністрацыйна судзілі 21 жніўня, суддзя Алена Шылько прызначыла яму штраф памерам у 25 базавых велічын (675 рублёў)[4].

Крымінальны пераслед Аляксея Санчука пачаўся з затрымання супрацоўнікамі ГУБАЗіКа 4 лістапада 2020 на рэпетыцыйнай кропцы ў Мінску разам з іншымі музыкамі. Пры затрыманні яго збілі дзеля таго, каб ён разблакаваў тэлефон. Агулам было затрымана 16 чалавек, сем чалавек адпусцілі адразу, тры дзяўчыны атрымалі штрафы, а шэсць мужчын, у тым ліку, Санчук пазней трапілі на суткі арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

На наступны дзень, 5 лістапада, на тэлеканале АНТ у выпуску навін выйшаў сюжэт «Закон «па барабану», дзе была выкладзена наступная версія падзей: «у падвальным памяшканні, дзе праходзіла рэпетыцыя, затрымалі дзевяць барабаншчыкаў, якія рэгулярна ўдзельнічалі ў пратэстах» і «задавалі тэмп на маршах», а таксама прымалі ўдзел у дваровых канцэртах. Акрамя гэтага сцявярджалася, што сярод музыкаў былі анархісты, і барабаншчыкі нібыта збіраліся паліць пудзіла з выявай прадстаўнікоў улады. Былі паказаны кадры з допыта Санчука, на якіх невядомая асоба пытаецца ў яго, за што канкрэтна ён быў затрыманы, а Санчук адказвае, што не ведае, таксама распавядае, што ён вучыў рытм. Пасля адбыцця арышту ён не выйшаў на волю, а ўжо праз тыдзень яму прад’явілі абвінавачванне па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх)[5][6].

3 снежня 2020 года сумеснаю заяваю 9 беларускіх праваабарончых арганізацыяў, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр Аляксей Санчук разам з іншымі быў прызнаны палітычным зняволеным. У заяве адзначаецца, што «ацэньваем пераслед як палітычна матываваны ў сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»[7].

У падтрымку Санчука ў інтэрнэце былі запушчаны флэшмобы #яучилритм і #свободусанчуку[8][9].

У лютым 2021 стала вядома, што Аляксею дадалі абвінавачванне па арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Удзел у масавых беспарадках).

Разгляд справы Санчука пачаўся 15 красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, справу разглядала суддзя Таццяна Пірожнікава, абвінавачванне прадстаўляў пракурор Яўген Серякоў (прымаў удзел у палітычных судовых парцэсах і да 2020 года, у 2017 вінаваціў анархіста Касінерава)[10]. Санчука вінавацілі ў наступным: перакрываў праезную частку, аказваў відавочнае непадпарадкаванне супрацоўнікам МУС, крычаў лозунгі, гучна пляскаў далонямі, размахваў бел-чырвоным-белым сцягам, арганізаваў супольнасць, дзе навучаў людзей, схіляў асобаў да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак; да гэтага дадаўся матэрыяльны пазоў на суму 161 900 рублёў за нібыта блакаванне дарог 27 верасня, 18 кастрычніка, 4 кастрычніка, 25 кастрычніка, 1 лістапада 2020. З усяго пералічанага Санчук прызнаў толькі ўдзел у акцыях[11]. На допытах у судзе Санчук заявіў пра ціск і парушэнні падчас следства, папрасіў улічваць толькі тыя паказанні, якія ён даў на судзе. У якасці доказаў віны на судзе былі паказаны піратэхнічныя вырабы і стрэльба для падводнага палявання, якія былі знойдзены падчас ператрусу ў гаражы ў іншага чалавека, але на іх не былі знойдзены адбіткі пальцаў Санчука. Праз тры тыдні, 7 траўня адбыліся судовыя спрэчкі, дзе пракурор Серякоў папрасіў суд пакараць Санчука шасцю гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму[12].

13 траўня суддзя Пірожнікава асудзіла Санчука на шэсць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму[13].

Падчас следства Аляксей Санчук ўтрымліваўся ў СІЗА-1 Мінска. Пасля прысуду быў пераведзены ў папраўчую калонію № 17 у Шклове.

Зноскі

  1. «Пытаемся устроить праздник дешево и сердито». Кто эти люди, играющие на воскресных маршах (руск.)
  2. Творчасць палітзняволеных: якую музыку можна пачуць праз краты? (бел.)
  3. У Мінску палююць на расклейшчыкаў палітычных ўлётак і саджаюць іх на «суткі» (бел.)
  4. Адміністратыўны перасьлед (бел.)
  5. На барабанщика, выступавшего на воскресных маршах, завели уголовное дело Архівавана 24 студзеня 2021. (руск.)
  6. Жонка палітзняволенага барабаншчыка Аляксея Санчука: «Дачка лічыць яго Героем» (бел.)
  7. Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 15 новых палітвязняў (бел.)
  8. Барабанщики из различных стран Европы выразили солидарность с задержанным Алексеем Санчуком и беларусским народом (руск.)
  9. АЛЕКСЕЙ САНЧУК — БАРАБАНЩИК-ЛЮБИТЕЛЬ (руск.)
  10. «Кто такая Ермошина, там знают»: Показываем прокуроров, требующих большие сроки для политических (руск.)
  11. Палітзняволенага барабаншчыка Санчука судзяць па некалькіх «пратэсных» артыкулах Крымінальнага кодэкса (бел.)
  12. Пракурор просіць пакараць палітзняволенага барабаншчыка Санчука 6 гадамі калоніі (бел.)
  13. Да 6 гадоў калоніі асудзілі палітзняволенага барабаншчыка Аляксея Санчука (бел.)

Спасылкі правіць