Амвросій (Шаўцоў)

Епіскап Амвросій (свецкае імя: Андрэй Рыгоравіч Шаўцоў; нар. 9 снежня 1975, Гомель) — беларускі праваслаўны дзеяч, вікарны епіскап Гомельскай і Жлобінскай епархіі.

Амвросій (Шаўцоў)
Адукацыя
Дзейнасць святар
Імя пры нараджэнні Андрэй Рыгоравіч Шаўцоў
Нараджэнне 9 снежня 1975(1975-12-09) (48 гадоў)

Узнагароды

Біяграфія правіць

У 1992 годзе скончыў сярэднюю школу, у 1999 годзе — Мінскую духоўную семінарыю.

8 снежня 1994 года прыняты паслушнікам у новаствораны Нікольскі мужчынскі манастыр горада Гомеля. 7 ліпеня 1995 года архімандрытам Антоніем (Кузняцовым) пастрыжаны ў мантыю з імем Амвросій, у гонар прападобнага Амвросія Опцінскага.

16 ліпеня 1995 года рукапаложаны ў сан іерадыякана, а 21 мая 1997 года — у сан іераманаха епіскапам Гомельскім і Жлобінскім Арыстархам (Станкевічам) у Нікольскім храме абіцелі. Выконваў розныя послухі, у тым ліку памочніка настаяцеля і благачыннага Нікольскага манастыра.

З 5 верасня 2002 года па 9 ліпеня 2006 года — настаяцель падвор’я Мікольскага манастыра ў вёсцы Цяруха Гомельскага раёна. 22 кастрычніка 2002 года ўзведзены ў сан ігумена. Са снежня 2008 года пераведзены на служэнне ў Петрапаўлаўскі сабор Гомеля і прызначаны загадчыкам канцылярыі Гомельскай епархіі. 25 лютага 2012 года ўзведзены ў сан архімандрыта. З 2012 года з’яўляецца намеснікам Нікольскага мужчынскага манастыра горада Гомеля.

У 2015 годзе скончыў Мінскую духоўную акадэмію. 4 красавіка 2017 года рашэннем Сінода Беларускага Экзархату прызначаны старшынёй Сінадальнай камісіі па кананізацыі святых БПЦ.

23 жніўня 2019 года ў Мінскім епархіяльным упраўленні на чарговым пасяджэнні Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы быў абраны дапаможным епіскапам Гомельскай епархіі з тытулам «Светлагорскі». Там жа адзначалася, што «дзякуючы руплівым працам архімандрыта Амвросія ў манастыры ўладкованая і наладжаная сацыяльная, дабрачынная, духоўна-маральная і місіянерская праца. Вядзецца актыўная праца з моладдзю, адноўлена выданне манастырскай газеты „Правіла веры“». Яго кандыдатура была паслана на зацвярджэнне Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу і Свяшчэннаму Сіноду Рускай Праваслаўнай Царквы[1]. Рашэннем Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы ад 30 жніўня 2019 года абраны вікарыем Гомельскай епархіі з тытулам «Светлагорскі»[2].

Нарачоны ў епіскапа 4 верасня 2019 года ў Троннай зале Храма Хрыста Спасіцеля ў Маскве. Хіратанізаваны 6 кастрычніка за Літургіяй у Храме Хрыста Спасіцеля. Богаслужэнне ўзначаліў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл[3].

Узнагароды правіць

Узнагароджаны граматай Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі (2018) «за працы па адраджэнні памяці мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі)»[4].

Зноскі