Анатоль Занковіч

Анатоль Занковіч (нар. 11 мая 1925) — грамадскі дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША. Сябра Беларуска-амерыканскага задзіночання.[1]

Анатоль Занковіч
Род дзейнасці грамадскі дзеяч
Дата нараджэння 11 мая 1925(1925-05-11) (98 гадоў)
Месца нараджэння в. Сіўцы, Вілейскі павет, Віленская зямля, Польская Рэспубліка.
Бацька Міхаіл
Маці Палагія
Дзеці Ніна Занковіч[d]
Альма-матар
Член у

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 11 мая 1925 года ў в. Сіўцы Вілейскага павета Віленскай зямлі ў Польскай Рэспубліцы. Бацькі мелі досыць вялікую гаспадарку, якая была раскінутая па ўсёй вёсцы.

У Другую сусветную вайну з пачаткам савецкай акупацыі бацькі былі раскулачаныя, сям’я была вымушана жыць у адной хаце разам з дзесяцьма дзяцьмі. Да нямецкай акупацыі вучыўся ў Вілейскай беларускай гімназіі пад кіраўніцтвам Мікалая Грышкевіча, але скончыць апошні курс не паспеў. У ягонай роднай вёсцы нямецкае войска з’явілася 1-2 ліпеня 1941 года, але нікога не чапала. Згодна з нямецкімі законамі нельга было мець больш чым адну гімназію ў акрузе, таму навучальная ўстанова ператварылася на семінарыю, але навучанне працягвалася па праграме гімназіі. Паводле ўспамінаў Анатоля Занковіча, з прыходам савецкіх партызанаў, большасць з якіх была рускімі, пачалася трагедыя: сярод іншых сялянаў толькі за тое, што былі беларусамі, партызаны забілі ягоных два брата і сястру, нягледзячы на тое, што тыя не супрацоўнічалі з немцамі. З прычыны польскіх даносаў, якія абвінавачвалі ў камуністычнай дзейнасці, у турме СД былі закатаваныя два дзядзькі Анатоля Занковіча, а бацьку не выдавалі ліцэнзію на краму.

У маі 1944 г. паступіў у афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны, але неўзабаве разам з нямецкімі войскамі мусіў адступаць і праз Вільню эвакуяваўся ў Германію. З нейкай прычыны разам з некалькімі іншымі беларусамі замест беларускай вайсковай адзінкі быў накіраваны да школы Рускай вызваленчай арміі пад Шчэцінам, а потым пад Ульмам. Пасля разам з іншымі здаўся амерыканскаму войску.

У 1946 г. скончыў Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Міхельсдорфе, нядоўга вучыўся ў Тэалагічна-філасофскай вышэйшай школе ў Рэгенсбургу. Быў заснавальнікам і старшынёй Рэгенсбургскага аддзела Згуртаваня беларускіх студэнтаў у Германіі. З другога семестру перавёўся на медыцынскі факультэт Мюнхенскага ўніверсітэта Людвіга Максімільяна. У 1949 годзе пасля правядзення ў Заходняй Германіі грашовай рэформы застаўся без грошай і разам з іншымі беларусамі апынуўся ў бельгійскім Лювене, дзе вучыўся ў мясцовым універсітэце, які скончыў у 1956 годзе, атрымаўшы дыплом доктара медыцыны. Два гады працаваў у бельгійскім шпіталі. Ажаніўся з бельгійкай Матыльдай.

У 1958 годзе выехаў у ЗША. У Чыкага здаў дадатковыя іспыты і атрымаў ліцэнзію на лекарскую дзейнасць, а потым чатыры гады вучыўся на хірурга. У 1963 годзе пачаў працаваць хірургам, працаваў у трох шпіталях Чыкага. Актыўна займаўся беларускай справай. Адпрацаваўшы 40 гадоў у галіне медыцыны, выйшаў на пенсію. У 1993 годзе ўдзельнічаў у Першым з’ездзе беларусаў свету. У 1999 г. пераехаў з жонкай да дачок і ўнукаў у Нью-Ёрк, удзельнічае ў святкаваннях угодкаў 25 Сакавіка. Разам з іншымі дасылаў свае ўспаміны Барысу Рагуле для кнігі «Беларускае студэнцтва на чужыне». Напісаў невялікія ўспаміны «У Чыкага я ніколі не забываў пра беларускую справу» для кнігі Аляксандра Адзінца «Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў: зборнік успамінаў».

Сям’я правіць

З жонкай Матыльдай мае трох дачок: Анну-Марыю (памерла), Наталлю і Ніну. Мае трох стрыечных братоў, сярод іх вядомы архітэктар Валянцін Занковіч. Аб гісторыі сям’і Занковічаў Ніна Занковіч напісала ў кнізе «Tolstoy and the Purple Chair»[2].

Зноскі

Літаратура правіць

  • Адзінец, А. Паваенная эміграцыя: скрыжаванні лёсаў: зборнік успамінаў / Аляксандр Адзінец. — Мн.: Медисонт, 2007. — 704 с., [28] с. іл. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: Кніга 11).