Анатоль Уладзіміравіч Хіневіч

Анатоль Уладзіміравіч Хіневіч (нар. 19 жніўня 1993) — беларускі бард, праграміст, палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Анатоль Уладзіміравіч Хіневіч
Род дзейнасці паэт, праграміст, палітычны вязень
Дата нараджэння 19 жніўня 1993(1993-08-19) (30 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Альма-матар

Біяграфія правіць

Хіневіч скончыў Інстытут Сахарава ў БДУ, з 2014 па 2018 працаваў у КУП «Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама», удзельнічаў у распрацоўцы афіцыйнага сэрвісу Мінгарвыканкама. На працы неаднаразова быў на дошцы гонару і атрымліваў граматы.

Таксама Хіневіч вядомы як бард і выканаўца ўласных песень, прымаў удзел у «Бардаўскай восені-2017»[1]. Вершы Хіневіча друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў»[2].

Палітычны пераслед правіць

Хіневіч быў затрыманы 20 верасня 2020 на так званым «Маршы справядлівасці» (агулам тады толькі ў Мінску было затрымана каля 200 чалавек)[3], затрыманне трапіла на відэа журналістаў onliner.by, па адміністрацыйнай справе ён атрымаў 15 сутак арышту і штраф 20 базавых адзінак, якія адбываў у ІЧУ Жодзіна. Увечары 28 кастрычніка яго затрымалі зноў: міліцыянты ўзламалі дзверы ў кватэры бацькоў Анатоля, правялі ператрус, а сам Хіневіч быў змешчаны ў СІЗА Жодзіна. Яму прад’явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак)[4].

Амаль два месяца Хіневіч утрымліваўся ў СІЗА Жодзіна, у канцы снежня быў этапаваны ў Мінск, дзе павінен быў адбыцца судовы разгляд яго справы[5].

Справу Хіневіча на працягу двух дзён (23 і 24 снежня 2020) разглядала ў судзе Савецкага раёна Мінска суддзя Алена Жуковіч[6], пацярпелымі па справе былі прызнаныя тры супрацоўнікі АМАПу (у судзе падчас допыту іх твары былі закрытыя бейсболкамі, маскамі і балаклавамі). Па сведчаннях гэтых супрацоўнікаў пры затрыманні яны «падышлі да пратэстоўцаў, прадставіліся, запрасілі праехаць», а Хіневіч «чамусьці на захацеў ісці, сам упаў спінай на асфальт», пасля чаго наносіў удары супрацоўнікам АМАПу ў становішчы лежачы, усяго ён нанёс двум супрацоўнікам шэсць удараў. Пры гэтым медыцынскае абследаванне пасля яны не праходзілі, наяўнасць траўм была зафіксавана выключна з іх словаў. Да Хіневіча яны выставілі пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды праз тое, што была парушана «недатыкальнасць цела»: два супрацоўнікі АМАПу выставілі пазоў на 1500 рублёў, яшчэ адзін — на 1000. Хіневіч пазовы падтрымаў, бо, па яго словах, «яны праўда пакутуюць, таму што вымушаныя хаваць твары і імёны». 24 снежня суддзя Жуковіч вынесла менавіта такі прысуд, як раней запрасіў дзяржабвінаваўца: два з паловай гады ў калоніі агульнага рэжыму[7].

Прысуд Хіневіч адбывае ў папраўчай калоніі № 3 (Віцьба), вядома, што пэўны час ён працаваў у швейным цэху[8]. З калоніі дасылае ў лістах свае малюнкі, вершы[9][10], мемы[11].

27 студзеня 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр і Беларуская асацыяцыя журналістаў Анатоль Хіневіч быў прызнаны палітычным зняволеным: «маніторынг гэтых судовых пасяджэнняў паказаў, што суды выносяць непрапарцыйна жорсткія (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім абвінавачваюцца асобы, прысуды ў параўнанні з прысудамі, якія выносіліся па такім жа катэгорыям спраў па-за палітычным кантэкстам…засведчыў і іншыя парушэнні прынцыпаў справядлівага судовага разбіральніцтва: парушэнні прэзумпцыі невінаватасці, роўнасці перад судом і інш.»[12].

9 чэрвеня 2021 сімвалічнай «хроснай» Анатоля Хіневіча стала член Еўрапейскага парламента Маргрэтэ Аукен[en]: «Я ўзрушана такім неправамерным і беззаконным абыходжаннем з Анатолем і далучаюся да галасоў міжнароднага грамадства, патрабуючы спыніць масавыя арышты»[13][14].

Зноскі

  1. Творчасць палітзняволеных: якую музыку можна пачуць праз краты? (бел.)
  2. Свежы нумар (118) (бел.)
  3. Спіс затрыманых на акцыях пратэсту 20 верасня. Абнаўляецца (бел.)
  4. В Борисове, выломив дверь в квартире, задержали Анатолия Хиневича Архівавана 26 чэрвеня 2022. (руск.)
  5. Борисовчанина Анатолия Хиневича этапировали в Минск для суда Архівавана 26 чэрвеня 2022. (руск.)
  6. Жукович Елена Геннадьевна (руск.)
  7. У Мінску асудзілі праграміста на 2,6 гады калоніі за супраціў АМАПаўцам на нядзельным маршы (бел.)
  8. «Камунікацыю з „палітычнымі“ не ўхваляюць». Былы зняволены распавёў пра ўмовы для палітвязняў у калоніі «Віцьба» (бел.)
  9. Лісты з-за кратаў: творчасць зняволеных (бел.)
  10. «Никто без слов поддержки не остаётся». Близкие о политзаключённом Анатолии Хиневиче (руск.)
  11. Лісты з-за кратаў: творчасць зняволеных (бел.)
  12. Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення 31 палітычнага зняволенага (бел.)
  13. Members of Parliament from the UK, Sweden and Denmark take over godparenthoods of Mikita Yemialiyanau, Pavel Spiryn and Anatol Khinevich (англ.)
  14. У Леаніда Судаленкі, Дзяніса Івашына, Дзяніса Урада і яшчэ 6 палітвязняў з’явіліся «хросныя» (бел.)

Спасылкі правіць