Даўжыня цела раўніннага аноа складае 160 см, вышыня — 80 см, вага ў самак каля 150 кг, у самцоў каля 300 кг. Аноа менш, чым астатнія буйвалы. Дарослыя жывёлы амаль безвалосыя, іх афарбоўка чорная або бурая. У цялятаў густая, жоўта-бурая поўсць, якая з часам выпадае. Абодва віды аноа вельмі падобныя адзін на аднаго. Розніца заключаецца ў тым, што ў раўніннага аноа больш светлыя пярэднія ногі, а таксама больш доўгі хвост. Рогі ў раўніннага аноа маюць трохкутны зрэз і даўжыню каля 25 см. У горнага аноа рогі круглыя і налічваюць толькі 15 см.
Абодва віды аноа жывуць у лясах вострава Сулавесі. Адпаведна сваёй назве, горны аноа аддае перавагу больш высокім мясцовасцям. У адрозненне ад раўніннага аноа, ён сустракаецца таксама на суседнім востраве Бутон.
Працягласць цяжарнасці складае ад 275 да 315 дзён. У сярэднім аноа жывуць да 20 гадоў.
Абодва віды знаходзяцца пад пагрозай вымірання. З-за прагрэсавальнай вырубкі лясоў яны засталіся толькі ў асобных невялікіх запаведніках вострава. Таксама прычынай скарачэння іх колькасці з'яўляецца паляванне. Нягледзячы на тое, што аноа знаходзіцца ў Інданезіі пад аховай, ён становіцца ахвярай браканьераў, якія прадаюць трафеі турыстам. Паміж 1979 і 1994 колькасць папуляцыі аноа ўпала на 90 %.
Зноскі