Апошні з магіканаў

«Апо́шні з магіка́наў: гісто́рыя 1757 го́да» (англ.: The Last of the Mohicans: A Narrative of 1757) — гістарычны раман Джэймса Фенімара Купера 1826 года. Гэта другая, найбольш вядомая кніга з пяцікніжжа «Апавяданні пра Скураную Панчоху».

Апошні з магіканаў
The Last of the Mohicans
Выданне
Ілюстрацыя з выдання 1896 года. Сцэна бойкі Сакалінага Вока (пад выглядам мядзведзя) з Магуа ў пячоры, дзе трымалі ў палоне Эліс.
Жанр Гістарычны раман
Аўтар Джэймс Фенімар Купер
Мова арыгінала англійская
Дата напісання 1826
Дата першай публікацыі люты 1826
Выдавецтва H.C. Carey & I. Lea
Месца публікацыі ЗША
Цыкл «Апавяданні пра Скураную Панчоху»
Папярэдні «Піянеры» (1823)
Наступны «Прэрыя» (1827)
Персанажы Natty Bumppo[d], Chingachgook[d], Magua[d] і Uncas[d]
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дзеянне «Апошняга з магіканаў» адбываецца ў 1757 годзе ў часе вайны французаў і індзейцаў (Сямігадовай вайны) супраць Вялікабрытаніі за кантроль у Паўночнай Амерыцы. У ходзе вайны і французы, і брытанцы карысталіся дапамогай індзейцаў, асабліва французы, якія ў паўночна-ўсходняй Амерыцы значна саступалі ў колькасці брытанскім каланістам.

Дзве дачкі палкоўніка Манро — Эліс і Кора — спрабуюць прайсці праз нетры нью-ёркскіх лясоў да бяспечнага форту Уільям Генры. У суправаджаючым іх караване знаходзяцца таксама каланіст Натаніэль Бампа, маёр Данкан Хэйвард, індзейцы Чынгачгук і Ункас (які і ёсць апошнім з магіканаў).

Раман стаў адным з самым папулярных на англійскай мове, шматразова адаптаваны для фільмаў, тэлевізіі і мультфільмаў на розных мовах.

Гістарычнае тло

правіць

У часы Джэймса Фенімара Купера мноства людзей лічыла, што індзейцы Амерыкі знікаюць і ўрэшце асімілююцца ці вымруць. Іхняя колькасць асабліва змяншалася на ўсходзе. Адначасна аўтар цікавіўся перыядам перасоўвання граніцы, калі каланісты зганялі індзейцаў з іхніх земляў. Купер вырас у Куперстаўне, дзе яго бацька пасяліўся на заходняй мяжы паселішча; пасля Рэвалюцыйнай вайны яно вырасла.

Купер вырашыў напісаць пра падзеі Сямігадовай вайны між Вялікабрытаніяй і Францыяй, вядомай у Паўночнай Амерыцы як французская і індзейская вайна. У канфлікце былі задзейнічаны брытанскія каланісты з нязначным рушэннем супраць рэгулярных французскіх сіл, прычым абодва бакі прыцягвалі да сябе ў падтрымку індзейцаў. Пераважна баявыя дзеянні вяліся ўздоўж мяжы брытанскіх калоній ад Вірджыніі да Новай Шатландыі.

Увесну 1757 года падпалкоўнік Джордж Манро стаў камандзірам гарнізону форту Уільям Генры, размешчанага на возеры Джордж у правінцыі Нью-Ёрк. У пачатку жніўня генерал-маёр Манкальм з 7000 салдат абклаў форт. 2 жніўня камандуючы войскамі генерал Уэб выправіў на дапамогу гарнізону Уільяма Генры са сваёй базы ў форце Эдуардзе 200 ваенных і 800 масачусэцкіх рушэнцаў. Гэта і ёсць той аддзел, з якім ідуць Манровыя дочкі ў пачатку раману.

3 жніўня Манро выправіў у форт Эдуард пасланцаў з просьбай пра дапамогу, аднак Уэб адмовіў, паколькі меў у сваім распараджэнні ўсяго 1600 чалавек, якія стаялі паміж французамі і Олбані. 4 жніўня ён адпісаў, каб Манро дамаўляўся на як мага выгаднейшыя ўмовы капітуляцыі; гэта паведамленне было перахопленае і дастаўленае Манкальму.

7 жніўня Манкальм накіраваў перахопленае паведамленне абаронцам форту праз парламентэра з белым сцягам. Дагэтуль муры форту ўжо былі разбіты, мноства гармат не дзейнічалі, гарнізон нёс значныя страты. Пасля чарговага дня французскіх абстрэлаў Манро ўзняў белы сцяг і пагадзіўся адступіць з умовай больш не браць удзелу ў ваенных дзеяннях.

Калі брытанцы выйшлі з форту, індзейцы, што ваявалі на баку Манкальму, разьюшаныя страчанай магчымасцю рабаванняў, напалі на іх. У гэтай бойцы брытанцы страцілі ад 70 да 200 чалавек памерлымі і больш за 500 палоннымі; што праўда, Джэймс Фенімар Купер апісвае гэту разаніну яшчэ больш трагічна.

 
Томас Коўл. «Кора кленчыць ля ног Таменанда» (1827)

Шаблон:Раскрыццё сюжэту Кора і Эліс Манро выпраўляюцца з маёрам Данканам Хэйвардам з форту Эдуарду (англ.) ў форт Уільям Генры, дзе камандуе іхні бацька падпалкоўнік Манро. З імі йдзе Дэвід Гэмет, прастадушны настаўнік спеваў, а правадніком у іх — індзеец Магуа.

Каб скараціць дарогу, Магуа накіроўвае караван праз некантраляваную брытанскім рушэннем тэрыторыю, што не падабаецца Хэйварду. Яны рушаць без правадніка і ўрэшце спатыкаюць Неці Бампа па мянушцы Сакалінае Вока і двух яго сяброў-магіканаў: Чынгачгука з сынам Ункасам. Хэйвард, Сакалінае Вока і магіканы падазраюць, што Магуа — сакрэтны гуронскі разведчык французаў. Магуа паспявае ўцячы, і тады індзейцы, ведаючы, што ён вернецца з падмацаваннем, вядуць брытанцаў да схаванай пячоры на востраве пасярод ракі. Тут іх атакуюць гуроны, у абаронцаў сканчаюцца бояпрыпасы, тады Сакалінае Вока і магіканы сыходзяць, абяцаючы вярнуцца.

Магуа і гуроны палоняць Хэйварда, Гэмета і сёстраў Манро. Высвятляецца, што Магуа прагне адпомсціць палкоўніку Манро за спойванне віскі (за гэта Магуа выгналі з племені гуронаў) і лупцаванне яго на слупе за п’янства. Ён намерваецца знішчыць усю сям’ю Манро, аднак прапануе пакінуць дзяўчат жывымі, калі Кора пагодзіцца стаць яго жонкай. Пасля другой адмовы ён вырашае ўчыніць ім смерць. Сакалінае Вока і магіканы ўратоўваюць чацверку і прыводзяць да трухлявай хаты, дзе колькі гадоў таму адбылася бітва між індзейцамі і брытанцамі. Тут іх амаль даганяюць гуроны, аднак не рашаюцца рушыць далей, каб не апаганіць могілкі сваіх суайчыннікаў.

Наступнага дня Сакалінае Вока прыводзіць кампанію ў форт Генры, абмінуўшы французскую аблогу. Манро накіроўвае Сакалінае Вока ў форт Эдуард па дапамогу, аднак той трапляе ў рукі французаў і вяртаецца ў форт Генры. Хэйвард тым часам прызнаецца палкоўніку Манро ў каханні да яго дачкі Эліс, і Манро дае згоду на залёты. Французскі генерал Манкальм выклікае Манро на перамовы, дзе паказвае ліст ад генерала Уэба з адмовай прыйсці на дапамогу абложанаму форту Генры. Пасля гэтага Манро пагаджаецца капітуляваць на ўмовах французскага афіцэра: брытанцы змогуць забраць параненых, жанчын і дзяцей і не ўдзельнічаць у ваенных дзеянняў васямнаццаць месяцаў. Па дарозе брытанцаў атакуе дзвюхтысячны аддзел гуронаў; ваенных выразаюць, а Магуа выкрадае Кору з Эліс і прыводзіць у гуронскую вёску. Дэвід Гэмет ідзе за імі.

Сакалінае Вока, магіканы, Хэйвард і палкоўнік Манро, ратуюцца ад разаніны ў руінах форту. Яны вырашаюць знайсці Магуа і ў пошуках яго слядоў перасякаюць возера. З берагу іх заўважае банда гуронаў, кідаецца за імі ў пагоню на каноэ, аднак пяцёрка паспявае высадзіцца на бераг і дасягнуць гуронскай вёскі, дзе мешкае Магуа. Тут яны знаходзяць Гэймета — гуроны адпусцілі яго як бясшкоднага вар’ята — які паведамляе, што Эліс трымаюць у гэтай вёсцы, а Кору — у іншай, дзе жывуць дэлаверы.

Хэйвард удае французскага лекара і йдзе з Гэйметам у гуронскую вёску, Сакалінае Вока і Ункас ідуць на выратаванне Коры, а Манро з Чынгачгукам застаюцца чакаць. Ункас трапляе ў палон да гуронаў і, вытрымаўшы катаванні, кінуты на галодны скон. Хэйвард не знаходзіць Эліс; адзін з гуронаў просіць яго вылечыць сваю хворую на самнамбулізм жонку. Па дарозе да пячоры іх высочвае Сакалінае Вока ў абліччы мядзведзя, і калі індзеец сыходзіць, яны ўдваіх з Хэйвардам знаходзяць Эліс. Сакалінае Вока адольвае Магуа, і яго пакідаюць звязаным да сцяны. Тады Хэйвард з Эліс хаваюцца, а Сакалінае Вока выпраўляецца ратаваць Ункаса. Гэймет са сваім чароўным мядзведзем (якім уяўляецца Сакалінае Вока) пераконвае гуронаў у патрэбе прайсці да Ункаса, і яны яго вызваляюць. Замест Ункаса ў палоне застаецца Гэймет, яго вопратку бярэ Сакалінае Вока, а Ункас надзяе мядзвежы касцюм. Удваіх яны прыходзяць у дэлаверскую вёску, дзе трымаюць Кору, перш, чым гуроны здагадваюцца пра падман і знаходзяць звязанага Магуа. Той апавядае свайму племені ўсю гісторыю да падману Хэйварда і Сакалінага Вока і становіцца лідарам гуронаў, якія вырашаюць адпомсціць.

Ункаса, Сакалінае Вока, а таксама Эліс, Кору і Хэйварда трымаюць у дэлаверскім палоне, калі ў вёсцы з'яўляецца Магуа з патрабаваннем аддаць палонных яму. Склікаецца рада, на якой Ункас раскрывае, што ён магіканін — прадстаўнік некалі магутнага племені, блізкага з дэлаверамі. Таменанд, дэлаверскі мудрэц, прымае Ункасаў бок і вызваляе палонных, аднак Кору дорыць Магуа паводле племянной традыцыі. Пасля гэтага, каб не парушыць гасціннасць, Таменанд дае Магуа трохгадзінную фору перад пагоняй. За гэты час дэлаверы збіраюцца на бітву, а Дэвід Гэймет збягае і паведамляе кампаньёнам, што ў лесе між вёскамі гуронаў і дэлавераў аселі людзі Магуа. Тым не менш Ункас, Сакалінае Вока і дэлаверы непахісныя ў сваім намеры біцца з гуронамі.

У крывавай бітве дэлаверы знішчаюць гуронаў і ў рэшце рэшт заваёўваюць іхнюю вёску; Магуа з Корай і двума гуронамі здолеў уцячы; Ункас, Сакалінае Вока і Хэйвард пераследуюць іх да высокай гары. У сутычцы на кручы гінуць Кора, Ункас і Магуа. Раман сканчаецца працяглым апісаннем пахавання Ункаса і Коры і пацверджаннем сяброўства Сакалінага Вока з Чынгачгукам. Таменанд прарочыць: «Бледнатварыя — гаспадары зямлі, а час чырвонатварых яшчэ не надышоў…» Шаблон:Раскрыццё сюжэту

Персанажы

правіць
  • Чынгачгук: апошні правадыр племені магіканаў, праваднік сёстраў Манро. Бацька Ункаса, пасля смерці якога становіцца «апошнім з магіканаў». У перакладзе з дэлаверскага дыялекту імя азначае «Вялікі Змей»[1]
  • Ункас — Чынгачгукаў сын, якога завуць «апошнім з магіканаў», паколькі чыстакроўных магіканскіх жанчын для працягу роду з ім не засталося. Вядомы таксама па мянушцы Скакучы Лось.
  • Натаніэль Бампа/Сакалінае Вока: каланіст, становіцца правадніком сёстраў Манро. У індзейцаў і французаў вядомы пад мянушкай Доўгі карабін за сваю трапнасць і адметную стрэльбу.
  • Магуа — злодзей: правадыр гуронаў, выгнаны з племені за п’янства; мянушка Хітры Ліс.
  • Кора Манро: чарнявая дачка палкоўніка Манро; сур’ёзная, разумная, спакойная ў небяспечнай сітуацыі. Яе маці, з якой палкоўнік пазнаёміўся і ажаніўся ў Вест-Індыі, была мулаткай і памерла, калі Кора была яшчэ маленькай.
  • Эліс Манро: зводная Корава сястра-бландынка; вясёлая, гарэзлівая, далікатная і абаяльная. Дачка Манро ад другой жонкі, Эліс Грэм.
  • Джордж Манро: палкоўнік брытанскай арміі, камандуючы фортам Уільям Генры.
  • Данкан Хэйвард — маёр брытанскай арміі з Вірджыніі, закаханы ў Эліс Манро.
  • Дэвід Гэмет: псалмяр (настаўнік спеваў псалмаў), вядомы як «спеўны майстар».
  • Генерал Дэніел Уэб — вышэйстаячы начальнік палкоўніка Манро, камандуючы фортам Эдуардам.
  • Генерал маркіз дэ Манкальм — французскі галоўнакамандуючы, якога гуроны і іншыя саюзныя індзейскія плямёны называюць «Вялікім белым бацькам Канадаў (англ.)».
  • Таменанд — стары, мудры і паважаны дэлаверац, які перажыў тры пакаленні ваяроў.

Зноскі

правіць
  1. Cooper's Indians: A Critique(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 22 красавіка 2012. Праверана 2 чэрвеня 2024.

Шаблон:Творы Джэймса Фенімара Купера