Арганізацыя афрыканскага адзінства
Арганізацыя афрыканскага адзінства, ААА (англ.: Organization of African Unity, фр.: Organisation de l’unité africaine) — міждзяржаўная арганізацыя ў Афрыцы ў 1963—2002 гадах. Створана на канферэнцыі кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў 32 краін кантынента ў г. Адыс-Абеба (Эфіопія). Да 1994 года членамі ААА сталі ўсе 53 афрыканскія краіны (апошняя — ПАР), за выключэннем Марока, якая выйшла ў 1984 годзе ў знак пратэсту супраць уступлення САДР.
Арганізацыя афрыканскага адзінства | |
---|---|
Адміністрацыйны цэнтр | |
Тып арганізацыі | міжнародная арганізацыя і міжнародная міжурадавая арганізацыя[d] |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 1963 |
Ліквідацыя | |
Дата скасавання | 2002 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мэтамі арганізацыі абвяшчаліся: умацаванне адзінства і салідарнасці краін Афрыкі, абарона іх тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці, знішчэнне каланіялізму, заахвочванне міжнароднага супрацоўніцтва. Для іх дасягнення члены абавязаліся каардынаваць свае дзеянні ў галіне знешняй палітыкі, эканомікі, адукацыі, культуры, аховы здароўя, навукі, тэхнікі, абароны і бяспекі.
У якасці асноўных прынцыпаў дэклараваліся роўнасць дзяржаў-членаў і неўмяшанне ва ўнутраныя справы, павага тэрытарыяльнай цэласнасці, мірнае ўрэгуляванне спрэчных пытанняў, прыхільнасць справе вызвалення залежных афрыканскіх тэрыторый, палітыка недалучэння.
Вышэйшы орган — Асамблея кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, склікаўся штогод у розных афрыканскіх сталіцах. На сесіях Асамблеі абіраўся старшыня ААА тэрмінам на 1 год; рашэнні Асамблеі насілі рэкамендацыйны характар. Выканаўны орган — Савет Міністраў — складаўся з міністраў (як правіла, замежных спраў), прызначаных урадамі дзяржаў-членаў. У яго функцыі ўваходзілі падрыхтоўка сесій Асамблеі, выкананне іх рашэнняў, зацвярджэнне бюджэту. Пастаянныя адміністрацыйныя функцыі ажыццяўляў Генеральны сакратарыят са штаб-кватэрай у Адыс-Абебе.
Галоўным і найбольш паспяховым напрамкам дзейнасці ААА была барацьба за дэкаланізацыю і супраціўленне расісцкім рэжымам. Дзяржавы-члены аказвалі маральна-палітычную, матэрыяльную і фінансавую падтрымку нацыянальна-вызваленчых рухам кантынента.
У 1964-м пры садзейнічанні ААА створаны Афрыканскі банк развіцця.
У канцы 1990-х гадах ААА страціла сваю эфектыўнасць, так як не змагла прапанаваць рэкамендацыі па пераадоленні гаротнага становішча кантынента, захаванню палітычнай стабільнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, даць адэкватныя адказы на выклікі глабалізацыі. У ліпені 2002 года ў г. Дурбан (ПАР) адбылася апошняя, 38-я сесія, на якой арганізацыя была ператворана ў Афрыканскі саюз.
Дата заснавання ААА, 25 мая, па рашэнні ААН штогод адзначаецца як Дзень вызвалення Афрыкі.
Літаратура
правіць- С. В. Мазов. Организация африканского единства Архівавана 25 студзеня 2024. // Большая российская энциклопедия.