Арэх чорны[3] (Juglans nigra) — від дрэў з роду Арэх сямейства Арэхавыя. Натуральны арэал віду — Паўночная Амерыка (ЗША і Канада). У 1629 годзе арэх чорны быў завезены ў Еўропу[4].
Дрэва вышынёй да 40 метраў з цёмнай, амаль чорнай карой, пакрытай глыбокімі расколінамі.
Лісце даўжынёй 25-50 см, чарговае, непарнапёрыстае, з 11-23 даўгавата-яйкападобнымі светла-зялёнымі лісточкамі. Лісточкі даўжынёй 6-10 см, шырынёй да 3 см, паступова звужваюцца да верхавіны, аснаванне закругленае, злёгку нераўнабокае, край няправільна-дробназубчасты.
Плод зялёны, шарападобны або грушападобны, дыяметрам 3,5—5 см, пакрыты залозістымі валасінкамі. Эндакарпій (арэх) круглы або яйкападобны, завостраны на вяршыні, з тоўстай шкарлупінай, нагадвае грэцкі арэх.