Бабруйскі машынабудаўнічы завод
ААТ «Бабруйскі машынабудаўнічы завод» — беларускае прадпрыемства па вытворчасці цэнтрабежных помпаў, размешчанае ў горадзе Бабруйск Магілёўскай вобласці.
Бабруйскі машынабудаўнічы завод | |
---|---|
Тып | адкрытае акцыянернае таварыства |
Заснаванне | 1898 |
Краіна | |
Размяшчэнне | Беларусь, Бабруйск, вул. Карла Маркса, 235 |
Прадукцыя | цэнтрабежныя помпы |
Матчына кампанія | Група ГМС |
Гісторыя
правіцьЗавод заснаваны ў 1898 годзе як механічны, кацельны і чыгуналіцейны. Выпускаў абсталяванне для харчовай прамысловасці: вінакурных, крухмальных, маслабойных заводаў і іншую прадукцыю[1]. У 1930 годзе асвоіў вытворчасць абсталявання для цагляных прадпрыемстваў[2].
У 1932 годзе перайменаваны ў машынабудаўнічы[1]. У 1930-я гады асвоіў вытворчасць шаравых млыноў, гідратурбін для малых гідраэлектрастанцый, скрэперна-элеватарных агрэгатаў[2]. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў разбураны, вытворчасць адноўлена ў 1945 годзе[1]. У 1951 годзе завод мяняе спецыялізацыю і пачынае спецыялізавацца на выпуску цэнтрабежных помпаў[2]. Пасля прадпрыемства перайшло на вытворчасць спецыяльных помпаў: для перапампоўвання нафты і нафтапрадуктаў, звадкаваных газаў, папяровай масы, вады, сцёкавых вадкасцяў, каўчукавай крошкі, саляных раствораў, хімічна актыўных вадкасцяў[2]. У 1961 годзе ўвайшоў у эксплуатацыю сталеліцейны цэх, у 1966—1971 гады — чыгуналіцейны цэх, электрацэх, рамонтна-механічны ўчастак, у 1981 годзе — машыназборачны цэх[1].
Да 1961 года завод называўся у гонар Сталіна, у 1961—2004 гадах — у гонар Леніна. Да 1951 года ўваходзіў у сістэму мясцовай прамысловасці Беларускай ССР, затым падпарадкаваны Галоўнаму ўпраўленню па вытворчасці хімічнага і помпава-кампрэсарнага абсталявання «Галоўхіммаш». 27 жніўня 1951 года завод перададзены Галоўнаму ўпраўленню па вытворчасці помпавага і гідратурбіннага абсталявання «Галоўгідрамаш» Міністэрства машынабудавання і прыборабудавання СССР. 10 красавіка 1953 года завод быў вернуты «Галоўхіммашу», 7 мая 1954 года паўторна перададзены ў склад «Галоўгідрамаша». У 1957—1965 гадах падпарадкоўваўся Савету народнай гаспадаркі БССР, пасля яго скасавання перададзены Галоўнаму ўпраўленню помпавага машынабудавання Міністэрства хімічнага і нафтавага машынабудавання СССР. 10 сакавіка 1975 года ўвайшоў у склад Усесаюзнага прамысловага аб’яднання помпавага машынабудавання «Саюзнасмаш» Міністэрства хімічнага і нафтавага машынабудавання СССР, 23 лістапада 1990 года — у склад канцэрна помпавага абсталявання «Гідрамаш»[3].
З 14 кастрычніка 1991 года падпарадкаваны Дзяржаўнаму камітэту Рэспублікі Беларусь па прамысловасці і міжгаліновых вытворчасцях, з 1994 года — Міністэрству прамысловасці Рэспублікі Беларусь. У 2000 годзе завод ператвораны ў Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства (РУП), у 2004 годзе — у адкрытае акцыянернае таварыства[3].
Сучасны стан
правіцьУ 2010 годзе завод быў выстаўлены для прыватызацыі па лініі Міжнароднага валютнага фонду; за 9 месяцаў 2010 года страты прадпрыемства складалі 2.3 млрд. рублёў[4]. У 2010 годзе завод увайшоў у групу ГМС[2]: кампанія купіла дадатковую эмісію акцый прадпрыемства, якая склала 57% ад агульнай іх колькасці[5].
У маі 2023 года прадпрыемства трапіла пад санкцыі Украіны[6].
Заўвагі
правіць- ↑ а б в г Бабру́йскі машынабудаўні́чы заво́д. 191 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- ↑ а б в г д История . Архівавана з першакрыніцы 5 чэрвеня 2020. Праверана 5 чэрвеня 2020.
- ↑ а б Открытое акционерное общество (ОАО) «Бобруйский машиностроительный завод» Архівавана 5 чэрвеня 2020. на сайте «Архивы Беларуси» (Фондовый каталог государственных архивов Республики Беларусь)
- ↑ Топ-10 аутсайдеров среди белорусских ОАО(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 чэрвеня 2020. Праверана 5 чэрвеня 2020.
- ↑ Российскому Гидромашсервису позволили купить Бобруйский машиностроительный завод(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 чэрвеня 2020. Праверана 5 чэрвеня 2020.
- ↑ УКАЗ ПРЕЗИДЕНТА УКРАЇНИ №279/2023 (укр.). Прэзідэнт Украіны (12 мая 2023).