Барысаўскае староства

Барысаўская воласць, пазней Барысаўскае староства — дзяржаўнае ўладанне XIV—XVIII стагоддзяў у Вялікім Княстве Літоўскім. Займала ўсходнюю частку сучасных Барысаўскага і паўднёвую частку Крупскага раёнаў.

У XII ст. воласць уваходзіла, напэўна, у Полацкае княства, у XV — 1-й палове XVI ст. — у Віленскае ваяводства. Даход з воласці ішоў на службовыя расходы віленскага ваяводы. У пачатку XVI ст. частка воласці праз велікакняжацкія наданні ператварылася ў прыватныя маёнткі. Пазней Барысаўская воласць ператворана ў староства, якое перадавалася ў дзяржанне. Першымі старостамі былі віленскія ваяводы Мікалай Радзівіл Чорны і Мікалай Радзівіл Руды, потым знаходзілася ў дзяржанні нашчадкаў апошняга. Паводле адміністрацыйнай рэформы ВКЛ 1565—1566 гадоў большая частка староства увайшла ў Аршанскі павет, астатняя, на правым беразе Бярэзіны, — у Менскі павет. У XVII ст. некаторыя маёнткі Барысаўскай воласці вылучыліся ў самастойныя ўладанні, засталося каля 50 населеных пунктаў, найбуйнейшымі з якіх у XVIII стагоддзі былі горад Барысаў і мястэчкі Барань, Лошніца, Нача, Неманіца, Ухвала. У XVIII стагоддзі староства трымалі Агінскія, потым зноў Радзівілы.

3 1793 года тэрыторыя староства ў складзе Расійскай імперыі. У 1798 годзе са складу староства вылучаны як павятовы цэнтр Барысаў, а само з 8 тысячамі сялян мужчынскага полу падорана ва ўладанне Міхалу Радзівілу.

Літаратура

правіць
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8