Докшыцкая батлейка Патупчыка
Докшыцкая батлейка Патупчыка — вядомы ў пачатку 20 стагоддзя ў г.Докшыцы і ў наваколлі тып народнага прафесійнага лялечнага тэатра батлейка. Канструкцыя батлейкі Патупчыка была зроблена па прынцыпе пашыранага на Віцебшчыне жлоба.
Апісанне Батлейкі
правіцьБатлейка Патупчыка — гэта простая вялікая двух'ярусная скрыня з двума аддзяленнямі для сцэн. Памеры яе былі прыкладна 1,5 х 1,5 метра. Знешна скрыня была замыславата ўпрыгожана. Мела дзве заслоны, старанна вышытыя жонкаю Патупчыка і аздобленыя ніткамі «караляў». У верхняй частцы скрыні размяшчаліся два пеўні. Прадстаўленне пачыналася бойкай і спевамі пеўняў, і толькі пасля гэтага на сцэну выходзілі персанажы. Скрыня ілюмінавалася васковымі свечкамі, якія знаходзіліся на ўстаўных планках у бакавінах батлейкі. У мэтах перасцярогі ад пажару ў скрыні былі зроблены дзве бакавыя вузкія камеры, сценкі якіх з аднаго боку былі абабіты бляхай. Другая сценка камеры, больш блізкая да месца дзеяння лялек, была са шкла, абклеенага са знадворнага боку тонкай паперай. У камерах, дзе былі запалены свечкі, уверсе ўстаўляліся вузкія палоскі люстэркавага шкла, якія ўзмацнялі і рэгулявалі святло.
Рэпертуар Батлейкі
правіцьПастаноўкі Патупчыка мелі дваякі характар. Калі яго запрашалі ў дамы начальства — а гэта бывала ў дні фэстаў, — дык ён дэманстраваў рэпертуар на тэмы біблейскіх і евангельскіх падзей. Біблейскія персанажы апраналіся бедна, і усё зводзілася да цудаў Майсея, які шчасліва вывеў вандруючых па Егіпту. Такія спектаклі абыходзіліся без эксцэсаў. Крыху інакш успрымаліся начальствам пастаноўкі на тэмы евангелля. Патупчык гэтых персанажаў капіраваў з лубачных малюнкаў. не абыходзілася і без кур'ёзаў. Апосталаў і вешчуноў ён ствараў па «вобразе і падабенстве» мясцовага служкі культа і тых свяшчэннікаў, якія прыязджалі на фэст.
Выкарыстоўваліся звычайныя ў батлейцы шпянёвыя лялькі, часам пяльчаткавыя. З лялькамі працавалі жонка і сын, сам Патупчык ажыццяўляў усю размоўную частку паказу і суправаджаў яго ігрой на скрыпцы. Паказы адбываліся на Каляды, у час іншых свят, фэстаў, на кірмашах, вяселлях і вечарынках.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Докшыцкага раёна: Рэд кал.: Г. П. Пашкоў (гал.рэд.) і інш., Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004. — 752 с.: іл. ISBN 985-11-0293-8