Баі пры Лаперы — адзін з эпізодаў грамадзянскай вайны ў Іспаніі, калі ў канцы снежня 1936 года рэспубліканскія войскі спрабавалі адбіць горад Лапера, заняты нацыяналістамі.

Баі пры Лаперы
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Іспаніі
Дата 27—29 снежня 1936
Месца Лапера, Андалусія, Іспанія
Вынік перамога нацыяналістаў
Праціўнікі
Другая Іспанская Рэспубліка Рэспубліканцы
Інтэрнацыянальныя брыгады
Нацыяналісты
Камандуючыя
Караль Свярчэўскі «Вальтэр» Гансала Кейпа дэ Льяна
Луіс Рэдонда
Сілы бакоў
3 000 4 000
Страты
300 забітых, 500 параненых невядома

Планы і сілы бакоў правіць

У снежні 1936 года войскі нацыяналістаў пад камандаваннем Гансала Кейпа дэ Льяна пачалі наступленне на раён вырошчвання алівак у рэгіёне Андухар у Андалузіі. Рэспубліканскае камандаванне адправіла цягніком з базы ў Альбасетэ нядаўна сфармаваную XIV Інтэрнацыянальную брыгаду (3000 чалавек) генерала Вальтэра, якая складалася з англічан і французаў, каб вярнуць Лаперу, занятую нацыяналістамі 24 снежня. Большасць байцоў брыгады не мелі ваеннай падрыхтоўкі, у падраздзяленнях не было тэлефоннай сувязі. У нацыяналістаў на фронце стаяла калона маёра Луіса Рэдонда (4000 чалавек), якая складалася з брыгады андалузскіх манархістаў (рэкетэ), мараканцаў-рэгуларэс, а таксама кавалерыі.

Ход баёў правіць

27 снежня інтэрнацыяналісты атакавалі Лаперу пры нязначнай падтрымцы артылерыі і авіяцыі. Перасечаная мясцовасць, без расліннасці і з пастаяннымі ўздымамі, абцяжарвала прасоўванне. Атака была адбіта нацыяналістамі кулямётным агнём, мінамётамі і артылерыяй. Інтэрнацыяналісты панеслі цяжкія страты. На наступны дзень была прадпрынята новая спроба, якая зноў пацярпела няўдачу з-за жорсткага супраціву мяцежнікаў. 29 снежня новае наступленне рэспубліканцаў было адменена з-за вялікай колькасці страт.

Вынікі правіць

XIV інтэрбрыгада страціла 800 чалавек (з іх 300 забітых), сярод апошніх былі англійскія паэты Джон Корнфард і Ральф Уінстан Фокс. Пасля правалу аперацыі генеральны інспектар інтэрбрыгад Андрэ Марці загадаў арыштаваць камандзіра французскага батальёна брыгады Гастона Дэласаля. Дэлансаль быў абвінавачаны ў некампетэнтнасці, баязлівасці і шпіянажы, і расстраляны. Нягледзячы на разгромнае паражэнне рэспубліканцаў пры Лаперы, прасоўванне войскаў нацыяналістаў на Андухар і Хаэн было спынена. Лінія фронту ў гэтым рэгіёне заставалася нерухомай да канца вайны.

Спасылкі правіць