Безразмерная велічыня

Безразме́рная велічыня́ (велічыня з размернасцю адзінка) — фізічная велічыня, у размернасць якой асноўныя фізічныя велічыні ўваходзяць у ступені, роўнай нулю[1].

Напрыклад, плоскі вугал, вызначаны як адносіна даўжыні дугі акружнасці, што знаходзіцца паміж двума радыусамі, да даўжыні радыуса, у сістэме LMT з’яўляецца безразмернай велічынёй, бо не залежыць ад даўжыні радыуса.

Да безразмерных велічынь адносяцца таксама ўсе адносныя велічыні: адносная шчыльнасць (шчыльнасць цела ў адносінах да шчыльнасці вады), адноснае падаўжэнне, адносныя магнітная і дыэлектрычная пранікальнасці і г.д., а таксама крытэрыі падобнасці (лікі Рэйнальдса, Прантля і іншыя).

Колькасць якіх-небудзь аб’ектаў таксама з’яўляецца безразмернай велічынёй. Напрыклад, колькасць электронаў у даным атаме.

Велічыня, безразмерная ў адной сістэме фізічных велічынь, можа быць размернай у іншай сістэме. Напрыклад, электрычная пастаянная ε0 у электрастатычнай сістэме з’яўляецца безразмернай велічынёй, а ў Міжнароднай сістэме велічынь (англ.: International System of Quantities, ISQ) мае размернасць dim ε0 = L−3M−1T4I². Велічыні, якія з’яўляюцца адносінамі дзвюх аднародных велічынь, з’яўляюцца безразмернымі ў любой сістэме.

Адзінкамі вымярэння безразмерных велічынь з’яўляюцца лікі[1]. У некаторых выпадках такім адзінкам прысвойваюць спецыяльныя найменні, напрыклад, радыян. Адносныя велічыні выражаюцца таксама ў працэнтах і праміле, лагарыфмічныя — у дэцыбелах (dB, дБ) і неперах (Np, Нп).

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б Международный словарь по метрологии: основные и общие понятия и соответствующие термины = International vocabulary of metrology — Basic and general concepts and associated terms (VIM) / Пер. с англ. и фр.. — 2-е изд., испр. — СПб., 2010. — 82 с. — ISBN 978-5-91259-057-3.

Літаратура правіць

  • Безразмерная велічыня // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 374. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
  • РМГ 29-99 Метрология. Основные термины и определения.
  • Г. Д. Бурдун, В. А. Базакуца. Единицы физических величин. — Харьков: Вища школа, 1984.