Бекві
Бе́кві, або Бе́кія (англ.: Bequia, чытаецца: ˈbɛkwiː) — другі па плошчы востраў архіпелага Грэнадзіны (Малыя Антыльскія астравы). Уваходзіць у склад дзяржавы Сент-Вінсент і Грэнадзіны. Агульная плошча - 18 км². Насельніцтва (2001 г.) - 4 300 чал.
Бекві | |
---|---|
англ. Bequia | |
![]() Заліў Святой Хілары | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 18 км² |
Насельніцтва | 4 300 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 238,89 чал./км² |
Размяшчэнне | |
13°00′41,30″ пн. ш. 61°13′46,30″ з. д.HGЯO | |
Акваторыя | Атлантычны акіян |
Краіна | |
![]() |
Геаграфія
правіцьВостраў Бекві — найбольш паўночны ў архіпелагу Грэнадзіны, знаходзіцца ўсяго ў 5 км на поўдзень ад вострава Сент-Вінсент. Даўжыня з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — 8,72 км. Найбольшая шырыня — 4,71 км. Мае вулканічнае паходжанне. Цэнтральная частка пагорыстая. Найвышэйшы пункт — пагорак Плезант-Топ (268 м). Берагі моцна парэзаны залівамі. Знакамітыя пясчаныя пляжы знаходзяцца пераважна на ўсходнім беразе.
Клімат трапічны засушлівы. Сярэдняя дзённая тэмпература на працягу года вагаецца ад +24°C да +30°C. Бекві месціцца на паўднёвай мяжы зоны ўраганаў, якія могуць здарацца ў летнія месяцы.
Прырода
правіцьХаця прырода Бекві значна зменена чалавекам, для вострава характэрна вялікая плошча зялёных насаджэнняў. Наземная фаўна прадстаўлена ігуанамі, апосумамі, рознымі птушкамі.
Гісторыя
правіцьУ першых стагоддзях нашай эры Бекві быў населены продкамі індзейцаў-іньеры з Паўднёвай Амерыкі. Сведчаннем іх прысутнасці з'яўляюцца рэшткі старажытнай керамікі, знойдзенай археолагамі. Каля 1400 г. востраў быў захоплены другой хваляй паўднёваамерыканскіх мігрантаў-карыбаў.
У канцы XV ст. востраў быў адкрыты іспанскімі мараплаўцамі. Карыбы працягвалі жыць на востраве да пачатку XVIII ст., аднак пазней Бекві абезлюдзеў ці то ў выніку перасялення індзейцаў на суседні востраў Сент-Вінсент, ці то эпідэміі. Каля 1750 г. тут пасялілася некалькі сем'яў французскіх плантатараў разам з рабамі.
У 1763 г. Грэнадзіны перайшлі ў маёмасць Вялікабрытаніі, якая стымулявала перасяленне дробных плантатараў з іншых астравоў. Большасць з іх прыбыла з вострава Саба. У 1829 г. на Бекві жыло 1400 чалавек, 1200 з якіх былі рабамі. У 1838 г. рабства было канчаткова адменена, што прывяло да крызісу буйных плантацыйных гаспадарак. У другой палове XIX ст. асноўнымі відамі дзейнасці мясцовых насельнікаў сталі здабыча кітоў, міжастраўны гандаль і суднабудаванне. Адносна заможны лад жыцця прыцягваў на востраў белых перасяленцаў з іншых Карыбаў, асабліва Барбадаса.
У 1951 г. жыхары Бекві атрымалі ўсеагульнае выбарчае права. У 1979 г. востраў увайшоў у склад дзяржавы Сент-Вінсент і Грэнадзіны. Паселішча Порт-Элізабет на заходнім беразе стала адміністрацыйным цэнтрам акругі Грэнадзіны.
У 1992 г. на поўдні Бекві быў пабудаваны аэрапорт. У нашы дні імкліва развіваецца турызм.