Інье́ры (igneri, inyeri) індзейцы, аравакскае насельніцтва Малых Антыльскіх астравоў у 1 - сярэдзіне 2 тысячагоддзяў н.э.

Іньеры
(igneri, inyeri)
Petroglyphe Plessis.jpg
Каменная выява іньеры ў Гвадэлупе
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Малыя Антыльскія астравы
Мова іньеры
Рэлігія політэізм, шаманізм
Блізкія этнічныя групы таіна, лукая, гарыфуны

ПаходжаннеПравіць

 
Міграцыі індзейцаў на Антыльскія астравы да прыходу еўрапейцаў

Назва іньеры паходзіць з мовы антыльскіх карыбаў, якія так называлі жаночую гаворку. У адрозненні ад мужчынскай мовы карыбаў, іньеры належыць да аравакскай групы моў. Меркавалася, што пры заваяванні Малых Антыльскіх астравоў мужчыны-карыбы бралі ў палон і жаніліся на прадстаўніцах аравакскага насельніцтва, што папярэднічала карыбам. Аднак асіміляцыя аравакаў не была поўнай, і жанчыны захоўвалі асобную мову, запазычаную ў продкаў.

У XX ст. археолагі перанеслі назву іньеры на ўсё аравакскае насельніцтва Малых Антыльскіх астравоў. У Пуэрта-Рыка іньеры называюць аравакаў, што папярэднічалі на гэтым востраве таіна. У наш час некаторыя даследчыкі абвяргаюць тое, што аравакі Малых Антылаў уяўлялі сабою адзіны народ і размаўлялі на адной мове, таму для іх адзіная назва ўсяго насельніцтва мае ўмоўны характар.

Археолагі атаесамляюць іньеры з прадстаўнікамі саладоіднай і суазоіднай археалагічных культур. Саладоідная культура (ад назвы мястэчка ў Венесуэле, дзе былі знойдзены першыя керамічныя вырабы яе прадстаўнікоў) сфарміравалася да сярэдзіны 1 тысячагоддзя да н. э. у басейне ракі Арынока і пазней распаўсюдзілася на Антылы. Суазоідная археалагічная культура (ад назвы паселішча Саван-Суазі на Грэнадзе) — яе прамы прадаўжальнік. Яна ахоплівае першую палову 2 тысячагоддзя н. э., была распаўсюджана на Малых Антылах.

ГісторыяПравіць

Перасяленне аравакаў на Малыя Антыльскія астравы суправаджалася вынішчэннем або асіміляцыяй больш прымітыўных індзейцаў-артароідаў (названы па найменню ракі на Трынідадзе, каля якой была знойдзена іх археалагічная культура), што жылі тут з 2 тысячагоддзя да н. э. Іньеры прынеслі з сабою навыкі мараплаўства, земляробства, вырабу керамікі.

Ужо ў IV - VI стст. іньеры занялі большую частку вострава Гаіці, дзе ў выніку перарвання кантактаў з суродзічамі з Малых Антылаў і Паўднёвай Амерыкі стварылі культуру таіна. На мяжы 1 і 2 тысячагоддзяў таіна пачалі перасяляцца з Гаіці на іншыя астравы. На Пуэрта-Рыка яны выціснулі папярэднікаў-іньеры.

Аднак галоўная небяспека для аравакаў Малых Антылаў ішла з поўдня, адкуль з тэрыторыі Гвіяны з пачатку 2 тысячагоддзя перасяляліся ваяўнічыя плямёны карыбаў. За некалькі стагоддзяў яны здолелі цалкам вынішчыць іньеры на малых астравах і авалодаць узбярэжжам большасці буйных Малых Антыльскіх астравоў. Да прыбыцця еўрапейцаў у канцы XV ст. карыбы рабілі напады на таіна Гаіці і Пуэрта-Рыка. Відавочна, апошнія іньеры загінулі або былі інтрадуцыраваны ў грамадства карыбаў ужо ў першыя стагоддзі еўрапейскай каланізацыі. Іх культура аказала значны ўплыў на заваёўнікаў. Гарыфуны, нашчадкі карыбаў Малых Антылаў, да нашых дзён размаўляюць на мове, якая паходзіць ад іньеры.

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць