Невялікая качка, памерамі крыху большая за чырка-свістунка, даўжыня цела 37 см, маса 500—700 г. Галава і шыя рыжавата-карычневыя. Знізу на шыі цёмнае кольца. Спіна цёмна-бурая. Шыя, грудзі (валляк) і бакі ржава-карычневыя. Брушка і ніжнія покрыўныя пёры белыя. Ногі шэрыя. Радужына вачэй белая. Самка адрозніваецца ад самца адсутнасцю цёмнага кольца на шыі, больш яркім карычневым апярэннем верху цела і паступовым пераходам у афарбоўцы ад грудзей да брушка. Радужына карычневая, у старых самак — белая.
Гняздуецца ў Азіі да азёр Зайсан і Байкал, даходзіць да Тыбета; з Паўночнага Каўказа і Прычарнамор'я — да Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы. Звычайная на Балканах. Рэдкая ў Польшчы, Германіі, Італіі, Іспаніі, рэгулярна, але ў невялікай колькасці гняздуецца ў Францыі. Сустракаецца ў Паўночнай Афрыцы. Мяркуецца, што яна гняздуецца ў Бельгіі, дзе зрэдку з'яўляецца, і на Брытанскіх астравах. У Швейцарыі кожны год бывае на пралётах і зімоўцы, але не гняздуецца. У Еўразіі белавокая чэрнець пашырана ў стэпавай і пустыннай зонах. У Беларусі зрэдку гняздуецца пераважна ў паўднёвых раёнах.
Жыве на вадаёмах з багатай воднай расліннасцю і зараснікамі трыснягу. На буйных азёрах трымаецца толькі ў прыбярэжнай частцы, звычайна там, дзе іншыя нырцовыя качкі бываюць рэдка. Часцей пасяляецца на балотах, сажалках, невялікіх азёрах і рэчках. Гняздуецца на рыбагадоўчых сажалках. Займае як адкрытыя, так і лясныя вадаёмы. Птушка аддае перавагу адасобленаму спосабу жыцця.
Добра замаскіраваныя гнёзды размяшчае ў густой прыбярэжнай асацэ, на астраўках і сплавінах сярод зараснікаў трыснягу і чароту, блізка ад вады. Кладкі яек выяўляюцца ў першай палове траўня. У іх 6-12, часцей 8-10, бледных буравата-белых яек памерамі 52 x 38 мм. Наседжванне 26-28 сутак.
Від занесены ў Чырвоны спіс МСАП (LR/nt, версія 2.3, 1994).
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: БелЭн, 1993. — ISBN 5-85700-095-5.