«Бе́лае» пі́ва — традыцыйная еўрапейская назва гатункаў піва, якія вараць пераважна ці ў значнай ступені з пшанічнага соладу.

куфаль Witbier

Назва паходзіць ад белаватай смугі ад дражджэй — пераважная большасць гатункаў пшанічнага піва спажываецца ў нефільтраваным выглядзе, а таксама ад сугучнасці слоў белы і пшаніца ў германскіх мовах. Класічнае пшанічнае піва — абавязкова верхавога браджэння. Адрозніваюць 3 асноўныя стылі: баварскае Weissbier, фламандскае Witbier і берлінскае Berliner Weisse.

Баварскае Weissbier, са шчыльнасцю 11-14 % і мацункам каля 5,5 %, варыцца пераважна з пшанічнага (не менш за 50 %), а таксама ячменнага соладу. Прыкметна саладзейшае за большасць звыклых ячменных гатункаў. У нямецкамоўных краінах пашыранае азначэнне нефільтраванага варыянту гэтага стылю як Hefeweizen (дрожджы-пшаніца), ёсць і гатункі, якія адмыслова фільтруюць (Kristall). Бутэлечны Hefeweizen звычайна разліваюць крыху недабрадзіўшым. Фламандскае Witbier вараць з сумесі ячменнага соладу і несаладжонай пшаніцы, часам з дадаткам невялікай колькасці пшанічнага соладу і аўсу дзеля мяккасці. Хмелю дадаецца зусім крыху, але затое шчодра ўжываюцца розныя іншыя араматызатары — каляндра, імбір, духмяныя перцы, нават сушаныя апельсінавыя лупіны. Berliner Weisse, даўкае, падсалоджанае піва, асабліва папулярнае ў ваколіцах германскай сталіцы, жаўнеры Напалеона калісьці ахрысцілі шампанскім поўначы.

Пасля Другой Сусветнай вайны пшанічнае піва амаль знікла з ужытку па ўсім свеце. Вяртанне папулярнасці белага піва, якое стала відавочнай у канцы XX ст., звязваюць з высілкамі баварца Вернэра Бромбаха і фламандца Пьера Сэліса. У сярэднявеччы піва з пшаніцы не было рэдкасцю і ў Беларусі. Кісла-салодкае, яно найлепш адпавядала ўлюбёнай тагачаснай смакавай гаме. Як правіла, яго называлі проста пшанічным, але сустракалася і еўрапейскае азначэнне белага піва — «Устава нового и старого мыта, з скарбу выданая месту Могилеву» (1629) усталёўвала мытны збор за белае піва ў памеры 1 грош за бочку віленскую. Пшанічнае піва, агульнаеўрапейскі сімвал багацця і дабрабыту, часта згадваецца ў беларускіх народных песнях, асабліва вясельных і жніўных:

А дзіва ж нам, дзіва,
Што пшоннае піва.
Чаго таму дзівіціся,
Што можна напіціся?

Літаратура правіць

  • Белы А. Белае піва // Праект «Наша ежа»